Вы тут

Як мясцовыя ўлады вырашаюць кадравыя праблемы на сяле


Апошнім часам Стаўбцоўскі раён дынамічна развіваецца па ўсіх кірунках: прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы. Будуюцца малочнатаварныя комплексы, жыллё, аб'екты сацыяльна-эканамічнага прызначэння, дзіцячыя сады, школы. А значыць, больш камфортным становіцца жыццё людзей. Аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, аб тым, што тут з'явіцца новага ў найбліжэйшай перспектыве, расказаў «Звяздзе» старшыня райвыканкама Дзяніс Колесень.


Фота Яўгена Пясецкага.

— Дзяніс Сяргеевіч, што ўяўляе сабой Стаўбцоўскі раён? Што тут пераважае: прамысловасць, сельская гаспадарка?

— Наш раён сельскагаспадарчы, 18 прадпрыемстваў працуюць на зямлі, чатыры з іх прыватнай формы ўласнасці. Асноўны напрамак — прадукцыя жывёлагадоўлі: малако, мяса. На працягу апошніх сямі гадоў эканоміка рэгіёна дастаткова эфектыўная. У 2020-м дасягнулі надояў 6111 кілаграмаў малака на карову. Дынаміка 2021-га паказвае, што да канца года прырасцём яшчэ на 100 кілаграмаў. Гэта практычна сёмы вынік сярод 22 раёнаў Мінскай вобласці. Статак буйной рагатай жывёлы за гэты час павялічыўся на 5 тысяч галоў. Гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі праграмы па захаванні буйной рагатай жывёлы. У нас раней былі пэўныя праблемы з кармавой базай, умовамі ўтрымання жывёл, кадрамі ў жывёлагадоўлі. Сёння сітуацыя выпраўляецца. Мы пабудавалі 27 прафілакторыяў, 17 клюшачнікаў, 104 сіласна-сянажныя трашэі, што дазволіла палепшыць якасць кармоў. Далей заняліся праблемай, звязанай з вытворчасцю малака. Яна заключалася ў тым, што ў раёне 75 % кароў знаходзяцца на прывязным утрыманні ў старых савецкіх памяшканнях. І толькі 25 % — сучасных комплексаў з даільнымі заламі. Таму пачалі рэалізоўваць праграму па будаўніцтве малочнатаварных комплексаў. За тры гады фактычна ўвялі шэсць, будуюцца яшчэ тры. Праграма будзе працягвацца, рыхтуем праекты на 2022 год. Вобласць бярэ на сябе фінансаванне жалезабетонных канструкцый, астатняе дабудоўваем за ўласныя абаротныя сродкі. Я лічу, што гэта сур'ёзны драйвер па нарошчванні вытворчасці малака і адыходзе ад старых тэхналогій.

У раслінаводстве прадстаўлены ўвесь комплекс сельскагаспадарчых культур. Традыцыйна займаемся зернем, цукровымі буракамі, бульбай, да нядаўняга часу вырошчвалі лён. Сёлета імкнёмся адысці ад гэтай культуры, паколькі Валожынскі льнозавод далекавата ад Стоўбцаў, што не дазваляла працаваць рэнтабельна. Найбольш прыбытковы рапс, аграрыі называюць яго золатам, нафтай, як хто. Пры добрым ураджаі на гэтую культуру закупачныя цэны дазваляюць вырашыць многія фінансавыя праблемы. Сёлета, зрэшты, як і ўся краіна, мы не дабралі зерневых з-за надвор'я. Мінус 4 цэнтнеры з гектара ў параўнані з мінулагоднім, лічу, — не катастрофа.

Словам, ёсць да чаго імкнуцца, але і саромецца няма чаго — працуем са станоўчай дынамікай.

— Як пачуваюць сябе на Стаўбцоўшчыне прамысловыя прадпрыемствы?

— У раёне ёсць прадпрыемствы розных форм уласнасці. Горадаўтваральнае — філіял Мінскага маторнага завода — 1000 работнікаў, Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат — 350. Па фінансавых паказчыках гэта адно з самых моцных прадпрыемстваў у раёне, з добрай рэпутацыяй на рынках Расійскай Федэрацыі. Ужо фактычна гатовыя дакументы для супрацоўніцтва з кітайскім партнёрам. Былі падрыхтаваны да адпраўкі першыя партыі прадукцыі, але з-за пандэміі каранавіруса працэс прыпынены. На выхадзе праект па будаўніцтве новага забойнага цэха з сертыфікатам халяль, што дазволіць выходзіць на рынак арабскіх краін.

Новасвержанскі лесазавод — экспартаарыентаванае прадпрыемства, перажывала розныя этапы ў сваёй гісторыі. Быў час, калі звальняліся людзі. Але дзяржава падставіла плячо, завод мадэрнізавалі, сфарміравалі калектыў дасведчаных спецыялістаў. І цяпер прадпрыемства кожны год дадае ў аб'ёмах вытворчасці, выйшла на прыбытковую работу.

Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната перапрацоўвае дары саду і агарода. Знакаміты сваімі напаўняльнікамі для ёгуртаў. А бярозавы сок пастаўлялі нават у Злучаныя Штаты Амерыкі.

Завод па вытворчасці халадзільных вітрын «Фрэор Рэфрыгерайшн» — прадпрыемства прыватнае. Яго абсталяванне паступае практычна ва ўсе супермаркеты Мінска. Спектр прадукцыі пашыраецца.

Завод па перапрацоўцы бульбы «Сула Плюс» на першым этапе перапрацоўвае 75 тысяч тон клубняў. На выхадзе атрымліваецца своеасаблівы парашок, у які дадаецца кіпень, і маса пераўтвараецца ў бульбяное пюрэ, якое можна спажываць у ежу. Шырока прымяняецца ў харчовай прамысловасці. Дастаткова запатрабаваная прадукцыя ў краінах арабскай дугі, з імі ёсць пэўныя дамоўленасці і кантракты. Такіх заводаў на постсавецкай прасторы толькі два — у Беларусі і Расіі.

У раёне летась запусцілі кацельню на мясцовых відах паліва. Інвестыцыі ў яе склалі 12 мільёнаў рублёў, 50 працэнтаў з абласнога бюджэту і 50 — ад Міністэрства паліва і энергетыкі. Гэта дазволіла нам адысці ад спажывання цяпла філіяла Мінскага маторнага завода. З пачатку года мы сэканомілі 1,2 мільёна рублёў.

На Стаўбцоўшчыне зарэгістравана 1300 прадпрымальнікаў, прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, якія адлічваюць у раённы бюджэт 25 працэнтаў ад усіх паступленняў. Для такога невялікага райцэнтра, як наш, гэта — нядрэнны вынік.

— Наколькі памятаю, раней у райцэнтры быў дэфіцыт кадраў медыкаў, ды і ў самой установе аховы здароўя ўмовы для працы персаналу і лячэння пацыентаў былі не з лепшых. Сітуацыя памянялася?

— Прычым кардынальна: у нас з'явілася амаль што новая раённая бальніца — пасля рэканструкцыі і рамонту. Пры наведванні ўстановы аховы здароўя кіраўнік дзяржавы даў даручэнне адкрыць на яе базе міжраённае траўматалагічнае аддзяленне. Гэта правільнае рашэнне. Мы знаходзімся на трасе М1. На жаль, часта здараюцца аварыі, і людзі ў цяжкім стане паступаюць у першую чаргу ў нашу бальніцу. Практычная работа па стварэнні і камплектацыі гэтага аддзялення вядзецца і хутка будзе завершана. Таксама плануем устанавіць, як паказаў час, вельмі запатрабаваны апарат камп'ютарнай тамаграфіі. Нашы людзі змогуць на месцы, без праблем прайсці абследаванне, не трэба будзе ехаць у Бараўляны.

З навінак у сацыяльнай сферы — новая школа на 720 месцаў у мікрараёне, які актыўна забудоўваецца. Пабудавалі за год.

— Кожны чалавек імкнецца займець дах над галавой. Ці можаце вы забяспечыць усіх ахвотных асабістым кутком?

— Штогод у раёне ўводзіцца ў эксплуатацыю 25 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 15 тысяч квадратаў індывідуальнага. Канешне, у першую чаргу будуем для шматдзетных сем'яў. Больш чым год у чарзе гэтая катэгорыя грамадзян не стаіць. Тут ёсць і адваротны бок медаля: адбываецца адток кадраў з сяла. Сёлета ў Стоўбцах колькасць вучняў павялічылася, а ў вёсках зменшылася на 150 чалавек. У выніку — вычэрпваем кадравы патэнцыял з сельскай мясцовасці.

Каб спыніць гэты працэс, дазволілі выкупляць жыллё службовага фонду, прапрацаваўшы 10 гадоў у сельгасарганізацыі. Для шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зрабілі выключэнне: яны могуць выкупляць дом, не чакаючы гэтага тэрміну. Тым самым імкнёмся спыніць адток працаўнікоў з сяла, зацікавіць застацца ў сельскай мясцовасці. Хтосьці прымае такія ўмовы, а нехта спрабуе хітрыць. Не прыватызуе жыллё, каб яго набыць ва ўласнасць, а становіцца ў чаргу на кватэру ў райцэнтры.

Будуем жыллё і ў сельскай мясцовасці. Безумоўна, менш, чым раней, калі рэалізоўвалася адпаведная дзяржаўная праграма. Сёлета пачнём узвядзенне 8-кватэрнага дома ў прыгараднай гаспадарцы. Паколькі людзі адаптаваны пад гарадскі лад жыцця, то падчас апытання, якое мы праводзілі, яны выказалі жаданне жыць не ў індывідуальным, а ў шматкватэрным доме.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Золата» Стаўбцоўшчыны

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.