Вы тут

У Паднябеснай адзначаюць Свята сярэдзіны восені


У Кітаі з гэтай нагоды трохдзённыя вакацыі. Свята сярэдзіны восені, або, як яго яшчэ называюць, свята Месяца — другое па значнасці ў Паднябеснай пасля кітайскага Новага года. Паўната спадарожніка нашай планеты сімвалізуе адразу некалькі важных для кітайцаў паняццяў — гэта знак урадлівасці, яднання сям'і, завяршэння збору багатага ўраджаю.


Фота: pixabay.com

Звычайна свята Чжунцюцзэ выпадае на 15-е чысло 8-га месяца па месяцавым календары. Сёлета гэта якраз 21 верасня. І, па шчаслівым збегу абставінаў, якраз настала поўня. Так што самы час паназіраць з задавальненнем за Месяцам. Што, уласна кажучы, кітайцы з задавальненнем і робяць.

Адзначаць Свята сярэдзіны восені пачалі яшчэ тры тысячы гадоў таму ў часы дынастыі Шан. Традыцыю працягваюць дагэтуль — і не толькі ў Паднябеснай. Гэта адно з самых любімых і чаканых свят у Сінгапуры, Ганконгу, Філіпінах, Японіі, Малайзіі і іншых краінах Азіі, дзе пражывае шмат этнічных кітайцаў. Пакланенне Месяцу заўсёды было важнай часткай кітайскай культуры, і існуе мноства розных міфаў, звязаных з паходжаннем свята. Адзін з самых папулярных — гэта рамантычная легенда пра народнага героя Хоў І і яго верную жонку Чан Э.

Паводле паданняў, калісьці на небасхіле свяцілі дзесяць сонцаў, спальваючы на зямлі ўвесь ураджай і прыносячы невымерныя бедствы. Адважны герой Хоў І змяніў ход падзей. Трапнымі стрэламі ён збіў з неба дзевяць сонцаў, пакінуўшы адно, якое з гэтага часу свяціла толькі днём. Людзі былі бязмерна ўдзячныя свайму выратавальніку. Нават Нябесная Імператрыца выказала сваё прызнанне Хоу І і паднесла яму падарунак — чароўны эліксір. Яго сіла магла ператварыць чалавека ў несмяротнае бажаство, якое вечна пасяляецца на нябёсах.

Хоу І горача любіў сваю жонку і не жадаў расстання з ёй, нават наўзамен на вечнае жыццё. Ён папрасіў Чан Э прыхаваць эліксір, а сам тым часам адправіўся на паляванне. Скарыстаўшыся адсутнасцю Хоу І, адзін з яго вучняў, Фэн Мэн, вырашыў займець запаветнае зелле. Ён прыйшоў у дом свайго настаўніка і, пагражаючы яго жонцы, патрабаваў аддаць яму эліксір. Але Чан Э не магла гэтага дапусціць і выпіла ўсё сама. У гэты ж момант яна ўзнялася на нябёсы. Але ёй было складана пераносіць расстанне з каханым, і, каб быць да яго бліжэй, Чан Э пасялілася на Месяцы. Сіла эліксіра зрабіла яе багіняй Месяца.

Калі Хоу І вярнуўся дадому з палявання і даведаўся пра тое, што здарылася, яго смутку не было межаў. Кожную ноч ён узнімаў свой погляд да нябёсаў і клікаў каханую. Менавіта 15-га чысла 8-га месяца месяц быў надзвычай яркі, і Хоу І здалося, што ў поўню ён бачыць постаць Чан Э. Ён папрасіў сваіх усталяваць алтар, каб пакланіцца ёй і выказаць свой смутак. Вельмі хутка пагалоска распаўсюдзілася сярод людзей, і ўсе даведаліся, што Чан Э ператварылася ў багіню Месяца. Усе пачалі пакланяцца ёй, просячы аб дабрабыце і яе заступніцтве. З часам гэта стала традыцыяй, якая дайшла да нашых дзён.

Традыцыйнай стравай у гэты дзень лічыцца юэбін — месяцавы пернік. Гэта салодкае печыва, якое гатуецца на пары і звычайна падаецца з духмяным кітайскім чаем. Паколькі юэбін сімвалізуе паўнату і адзінства, падчас Чжунцюцзэ кітайцы ядуць месяцавыя пернікі разам з роднымі і сябрамі. Юэбіны — гэта таксама выдатны падарунак, каб выказаць любоў і пажадаць блізкім доўгага і шчаслівага жыцця. Хоць тыповыя месяцавыя пернікі звычайна невялікія, некаторыя з іх дасягаюць... 8 метраў у дыяметры. У Кнігу рэкордаў Гінеса ў 2007 годзе быў занесены прысмак дыяметрам 8,15 метра, таўшчынёй 20 сантыметраў і агульнай вагой 12,98 тоны!

Поўня ў сярэдзіне восені традыцыйна лічыцца найлепшым часам для шлюбу. У кітайскай міфалогіі бог Месяца адказвае за сардэчныя справы, таму ў гэты перыяд мноства пар бяруць шлюб, спадзеючыся на заступніцтва нябёсаў.

Выраб і развешванне ліхтарыкаў адносіцца да асаблівых традыцый Свята сярэдзіны восені. Звычайна яны аформлены ў шчаслівым чырвоным колеры, але няма абмежаванняў для крэатыву. Нярэдка на ліхтарыках пішуць загадкі, каб людзі маглі з задавальненнем разгадваць з сябрамі або сям'ёй. Часта іх развешваюць у парках, запускаюць у неба і па вадзе, таму шмат людзей шпацыруюць святочнымі вечарамі, каб паглядзець на восеньскія агеньчыкі. У некаторых парках усталёўваюць сцэны і паказваюць святочныя прадстаўленні, у іншых жа праводзяцца парады. Гэты фестываль вядомы таксама двума танцамі — танцам льва і танцам дракона.

Кітайцы шануюць сям'ю і тыя моманты, калі ўсе збіраюцца разам. У сучасным свеце, калі людзі занятыя сваёй працай, звычайна рэдка знаходзіцца час для сямейных сустрэч. Свята сярэдзіны восені — нагода сустрэцца са сваімі блізкімі для прыемнага сумеснага баўлення часу, каб разам падзяліць асаблівую вячэру, абмяняцца месяцавымі пернікамі і палюбавацца на месяц.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Загаловак у газеце: Чырвоныя ліхтарыкі і месяцавыя пернікі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.