Вы тут

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах


У верасні прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах». Альбом змяшчае 140 каляровых старонак, дзе прадстаўлены 84 карты і планы, важныя гравюры, малюнкі, а таксама шэраг дакументаў, апублікаваных упершыню.


У Сярэднія вякі на беларускіх землях узнікаюць першыя гарады, якія паступова становяцца цэнтрамі эканамічнага і культурнага развіцця краю. Гараджане штодзённай працай стваралі ўнікальную гарадскую прастору, якая, у сваю чаргу, сама ўплывала на іх жыццё. І картаграфічныя крыніцы ўтрымліваюць вельмі каштоўную інфармацыю для вывучэння гэтай прасторы і яе жыхароў. Насельніцтва Беларусі здаўна падтрымлівала разнастайныя сувязі з блізкімі і далёкімі краінамі. Такія кантакты, асабліва гандлёвыя, у значнай ступені ўплывалі на фарміраванне геаграфічных уяўленняў аб нашых землях у еўрапейскай і арабскай культуры Сярэднявечча і Новага часу. Узнавіць гэты вобраз дапамагаюць менавіта карты. Урэшце Мінск ужо ў XVІ ст. быў адным з самых развітых беларускіх гарадоў. У другой палове XІX ст. пачынаецца яго хуткі эканамічны ўздым, а ў першай палове XX ст. ён становіцца адным з палітычных цэнтраў, а затым і сталіцай Беларусі. У сувязі з гэтым выданне набывае дадатковую актуальнасць у кантэксце вывучэння працэсаў станаўлення сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Але з чаго пачалося стварэнне альбома? Што ён з сябе ўяўляе? Якая практычная значнасць выдання? Больш падрабязна пра гэта раскажа рэдактар альбома «Мінск на старадаўніх картах і планах» Аляксандра Шыбаева.

— Як прыйшла ідэя стварэння выдання і з чаго ўсё пачалося?

— Пачалося ўсё са стварэння «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі». Менавіта ў ім адзін з раздзелаў быў прысвечаны старажытным картам, на якіх пазначаліся беларускія землі ў розныя гістарычныя перыяды. Потым узнікла ідэя развіваць гэтую справу і ствараць альбомы старадаўніх карт на асобныя рэгіёны і гарады Беларусі. Вядома, што кожны горад мае сваю гісторыю картаграфавання. І першым, якраз да тысячагоддзя Брэста, быў створаны альбом «Брэст на старадаўніх картах і планах», у якім сабрана больш за 45 старадаўніх карт, якія ахопліваюць гісторыю картаграфавання тэрыторыі ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёна, у тым ліку беларускіх зямель ад 1154 года да пачатку XІX стагоддзя. Спецыяльны змест альбома распрацавалі Ілья і Валянціна Андрэевы. Акрамя гэтага альбома, быў створаны атлас «Брэст і наваколле ад старажытнасці да сучаснасці». Гэта выданне змяшчае храналогію фарміравання тэрыторый, збор старадаўніх картаграфічных матэрыялаў і сучасныя карты і планы. З дапамогай прадстаўленай інфармацыі можна прасачыць гісторыю фарміравання Брэсцкага раёна. Велізарная колькасць размешчаных у атласе карт дазваляе ўбачыць, як адлюстроўвалася гэтая тэрыторыя ў мінулым, у якія дзяржаўныя ўтварэнні ўваходзіла. Прадстаўлены фрагменты старадаўніх карт з выявай Брэста і наваколля. Можна ўбачыць фрагменты адной з найлепшых карт першай паловы XІX ст., створанай у 1840 г. пад кіраўніцтвам генерала Ф. Шуберта. Берасцейшчына прадстаўлена на каляровым фрагменце гэтага твора. Спецыяльны змест распрацаваў Леў Раманавіч Казлоў.

Калі мы стварылі гэтыя два выданні, тады ж узнікла ідэя «Мінска на старадаўніх картах і планах». Мы якраз паспелі выдаць альбом да свята горада. Вядома, выношваюцца і іншыя ідэі стварэння старадаўніх карт на асобныя рэгіёны і гарады Беларусі.

— Раскажыце, калі ласка, аб структуры выдання, яго змесце. Што наогул з сябе ўяўляе альбом?

— Альбом «Мінск на старадаўніх картах і планах» працягвае серыю выданняў па гарадах і рэгіёнах Беларусі. Падрыхтаваны на беларускай мове. Картаграфічны матэрыял размеркаваны па храналагічным прынцыпе: ад Сярэднявечча да Другой сусветнай вайны. Першыя раздзелы выдання яскрава паказваюць уяўленні аб геаграфічным становішчы Усходняй Еўропы, у тым ліку і беларускіх земляў, якія адлюстроўваліся на сярэднявечных картах, часта створаных на аснове складзеных яшчэ ў ІІ стагоддзі нашай эры карт Клаўдзія Пталамея. Складальнікі альбома здолелі выказаць абнаўленне картаграфічных ведаў, што адбылося ў Еўропе ў XV—XVІ стст., станаўленне ўласнай картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Асаблівая ўвага звернута на размяшчэнне тапоніма «Белая Русь» на тагачасных картах. З сярэдзіны XVІ стагоддзя на геаграфічных картах, створаных спачатку ў Заходняй Еўропе, а пасля і ў самім Вялікім Княстве Літоўскім, пачынае паказвацца ўласна Мінск.

Апошнія сем раздзелаў альбома дазваляюць выразна прасачыць развіццё Мінска на працягу двух стагоддзяў (1750–1940 гг.). У ім публікуецца вядомы план Мінска і першая вядомая гравюра горада, усе вядомыя гісторыкам планы XVІІІ ст., а таксама пазнейшыя. Пры гэтым якасць гарадскіх планаў пастаянна павялічвалася дзякуючы пераходу ў XІX стагоддзі да дакладных інструментальных вымярэнняў. Першыя ж планы горада і яго ваколіц захаваліся да нашых дзён толькі з другой паловы XVІІІ стагоддзя, але вядома, што існавалі і больш раннія планы — з пачатку XVІІ стагоддзя. У альбоме можна знайсці ўсе значныя планы горада Мінска (некаторыя адшукалі падчас работы над альбомам, яны не былі да гэтага вядомы шырокаму колу аматараў гісторыі Мінска). Усяго надрукавана каля трыццаці планаў Мінска і ваколіц.

— У чым заключаецца практычная, гістарычная, навуковая значнасць выдання?

— Безумоўным плюсам выдання з’яўляецца тое, што выявы карт і планаў суправаджаюцца не толькі кароткімі каментарыямі, але і пашыраным навуковым тэкстам. Гэта дае магчымасць чытачу зразумець працэс развіцця картаграфіі ў кантэксце гісторыі Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы. Сам тэкст заснаваны на фундаментальным вывучэнні крыніц і адзначаецца дакладнасцю. Суадносіны візуальнага і тэкставага матэрыялу збалансаваны. Выданне можа быць карысным як для вывучэння і выкладання беларускай гісторыі, так і для папулярызацыі айчыннага мінулага ў Беларусі і за яе межамі.

— У чым заключаецца актуальнасць выдання?

— Графічныя крыніцы па гісторыі архітэктуры і гарадской забудове Мінска XVІІІ стагоддзя даюць магчымасць уявіць горад у той час, калі ён займаў завершаны рэнесансава-барочны партрэт. У XІX — пачатку XX стагоддзя прасочваюцца агульныя і для нашых гарадоў, і для Расійскай імперыі працэсы па наданні рэгулярнасці, большай практычнасці гарадской інфраструктуры.

Другая сусветная вайна прынесла непапраўныя страты і вялікія разбурэнні. Перабудова горада, якая пачалася ў пасляваенны час і працягваецца ў нашы дні, фактычна перапыніла і горадабудаўнічую, і сацыяльную пераемнасць са старажытным месцам.

Сёння з некалькіх соцень будынкаў XVІІ—XVІІІ стагоддзяў да нас дайшло не больш за два дзясяткі, некаторыя з іх значна перабудаваны або выключаны з жывой, абумоўленай унутранымі законамі развіцця, сацыяльна-тапаграфічнай структуры. Тым не менш, апублікаваныя планы і карты ваколіц горада могуць быць выкарыстаны як аснова для рэканструкцыі і рэтраспектыўнага вывучэння гарадской тапаграфіі і сацыяльнай прасторавай структуры. Таксама выданне паспрыяла аднаўленню або музеефікацыі ацалелай культурнай спадчыны горада.

— Хто рупіўся над складаннем выдання?

— Акрамя Ільі і Валянціны Андрэевых і Паўла Растоўцава, да працы былі далучаны спецыялісты з дзяржаўных архіваў і музеяў, шырокае кола гісторыкаў і мінскіх краязнаўцаў; на запыт адгукнуліся і прыватныя калекцыянеры, якія далі шмат матэрыялаў; некаторыя малюнкі былі з цяжкасцю атрыманы з замежных сховішчаў. І ўсё гэта для таго, каб падаць як мага больш разнастайны і поўны матэрыял, які б даў чытачу магчымасць убачыць насычаную фактуру беларускай гісторыі, багатую на падзеі.

Выдавецтва таксама шмат удзяліла ўвагі сучаснаму выгляду альбома: усе выявы былі апрацаваны і падрыхтаваны для якаснага друку.

Чытачу, і асабліва жыхару сталіцы, будзе цікава даведацца пра асаблівасці жыцця горада ў мінулыя стагоддзі, аб ужо легендарных месцах, якія захаваліся ў сучасных назвах раёнаў, вуліц або метро.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.