На гэтым тыдні ў традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны
Героі тыдня. Беларусы заваявалі восем медалёў на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ, які праходзіў у Даніі. У актыве спартсменаў — чатыры залатыя, два сярэбраныя і два бронзавыя медалі.
Мікіта Борыкаў стаў чэмпіёнам свету ў заездзе байдарак-адзіночак на 500 метраў, ён паказаў вынік 1 хв. 38,87 секунды. Вольга Клімава стала першай у заездзе жаночых каноэ-адзіночак на 5000 метраў: на дыстанцыі яна паказала час у 26 хв. 18,94 секунды. На дыстанцыі 500 метраў «золата» заваяваў і экіпаж каноэ-чацвёркі ў складзе Алены Наздровай, Надзеі Макарчанкі, Аляксандры Калаўр і Вольгі Клімавай, вынік — 1 хв. 48,62 секунды. Першым да фінішу дыстанцыі 500 метраў прыплыў і экіпаж байдаркі-чацвёркі: Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева, Надзея Папок і Вольга Худэнка паказалі вынік 1 хв. 32,55 секунды.
Сярэбраныя медалі заваявалі байдарачніцы Вольга Худэнка і Марына Літвінчук на дыстанцыі 500 метраў у гонках двоек. На фінішы яны паказалі час 1 хв. 40,70 секунды. «Серабро» і ў канаістак Алены Наздровай і Надзеі Макарчанкі на дыстанцыі 500 метраў, вынік — 1 хв. 57,12 секунды. Алена Наздрова таксама стала бронзавым прызёрам фінальнага заезду на 500 метраў: да фінішу яна прыплыла за 2 хв. 05,86 секунды. Алег Юрэня заваяваў бронзавы медаль на дыстанцыі 1000 метраў: яго час на фінішы — 3 хв. 30,47 секунды. У агульным заліку беларуская каманда заняла другую пазіцыю.
Сустрэча тыдня. Беларускія тэнісісты ўступілі сапернікам з Аргенціны ў 1-м крузе І сусветнай групы Кубка Дэвіса. Вынік сустрэчы — 4:1. У заключным паядынку аргенцінец Федэрыа Корыа (61-ы нумар сусветнага рэйтынгу) абыграў Данііла Астапенкава — 6:3, 6:1. Дагэтуль у першым адзіночным паядынку Данііл Астапенкаў, які яшчэ не мае сусветнага рэйтынгу, сенсацыйна перамог лідара аргенцінскай каманды, 15-ю ракетку свету Дыега Шварцмана — 6:4, 6:3.
У другім матчы Гвіда Пелья (82-і нумар рэйтынгу) абыграў беларуса Эрыка Аруцюняна — 6:1, 6:2.
У парным матчы беларускія тэнісісты Данііл Астапенкаў і Эрык Аруцюнян уступілі аргенцінскаму дуэту Арасіа Себальос і Максіма Гансалес — 7:5, 2:6, 2:6. Затым Дыега Шварцман перамог Аляксандра Згіроўскага 6:1, 6:2.
Каманда тыдня. Нацыянальная жаночая зборная па баскетболе 3х3 — бронзавы прызёр Кубка Еўропы U-17. У паядынку за «бронзу» беларускі абыгралі ўкраінскіх саперніц з вынікам 15:10. На першым этапе спаборніцтваў дзяўчаты перамаглі каманду Ізраіля (16:9) і саступілі баскетбалісткам Нідэрландаў (11:14). У чвэрцьфінале беларускі ўзялі верх над расіянкамі з вынікам 16:9, а ў паўфінальным матчы саступілі іспанскай зборнай — 11:16.
Рэкорд тыдня. Плывец Ілья Шымановіч устанавіў новы рэкорд Беларусі. Дыстанцыю 200 метраў брасам ён праплыў за 2 хв. 02,10 секунды.
Папярэдняе дасягненне было 2 хв. 02,77 секунды. Рэкорд быў устаноўлены ў Неапалі, дзе праходзіць Міжнародны этап лігі плавання. Гэта рэгулярны клубны турнір, дзе ўдзельнічаюць плыўцы з усяго свету.
Поспех тыдня. Футбалісткі жаночай зборнай Беларусі паспяхова стартавалі ў адборачным турніры чэмпіянату свету 2023 года. У матчы першага тура кваліфікацыйнай групы С беларускі з вынікам 4:1 разграмілі дэбютантак адборачнага турніру сусветнага першынства — каманду Кіпра. Пераможцы дзевяці еўрапейскіх адборачных груп атрымаюць прамыя пропускі ў фінальную стадыю 9-га жаночага чэмпіянату свету.
Медалі тыдня. У Егіпце прайшоў чэмпіянат свету па сучасным пяцібор'і сярод юнакоў і дзяўчат. Сярод кадэтаў «А» ў мужчынскай эстафеце Уладзіслаў Мелказёраў і Уладзіслаў Жартун заваявалі сярэбраныя медалі. Міра Бурая стала чэмпіёнкай спаборніцтваў сярод юніёраў да 17 гадоў. Іван Прыткоў і Настасся Малашонак — пераможцы ў змешанай эстафеце сярод юніёраў да 19 гадоў. На вышэйшую прыступку п'едэстала падымалася і жаночая каманда ў эстафеце — Аляксандра Ляшэнка і Лізавета Лаўрыновіч. У змешанай эстафеце (U-17) Міра Бурая і Васіль Палазкоў заваявалі сярэбраныя медалі. Настасся Малашэнка ў асабістым заліку (U-19) заваявала «бронзу».
Няўдача тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» саступілі ўфімскаму «Салавату Юлаеву» ў матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 0:1 (0:0, 0:1, 0:0). Такім чынам, уфімская дружына атрымала сёмую перамогу ў сямі матчах на старце чэмпіянату КХЛ.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».