Вы тут

Як арганізавана ўборка бульбы на сотках вяскоўцаў


У разгары — уборка бульбы. У вёсцы амаль кожная сям’я па-ранейшаму садзіць бульбу, за выключэннем хіба сезонных жыхароў-дачнікаў. Калі не ў полі, то ў агародзе дакладна ёсць сотка ці дзве. А ў верасні паўстае пытанне яе ўборкі. Звычайна капаць бульбу з’язджаюцца гарадскія сваякі, і тады нярэдка ўзнікае праблема тэхнікі. Трэба ж тую бульбу выкапаць, потым завезці на падворак. Як гэтую праблему вырашаюць у розных рэгіёнах Брэстчыны, у розных населеных пунктах, сённяшняя гаворка карэспандэнта МС са старшынямі сельскіх Саветаў. 


Фота: pixabay.com

Аляксандр ЗАВЕРАЧ, старшыня Хомскага сельскага Савета Драгічынскага раёна: 

— У нас сістэма адпрацаваная, дзейнічае некалькі гадоў, пакуль не дае збояў. На ўборцы бульбы задзейнічаны два камбайны індывідуальных прадпрымальнікаў. Уборка цалкам механізаваная, клубні дастаўляюцца на падворак гаспадару. 

У Хомску няма ранейшага сельгаспрадпрыемства, яго былыя землі выдзелены фермерскай гаспадарцы «Драгічын-Агра», якая мае іншую спецыялізацыю, бульбы не садзіць, таму і не мае адпаведнай тэхнікі. Гэты фактар ўлічылі індывідуальныя прадпрымальнікі, і ў свой час набылі бульбаўборачныя камбайны. У пачатку восені яны збіраюць заяўкі, складаюць графік работы. Таму кожны загадзя ведае, у які дзень выкапаюць яго соткі. За дзень камбайн убірае ад аднаго да паўтара гектара. Па Хомску з насельніцтвам 1167 чалавек пад пасадку бульбы адведзена каля 50 гектараў. У астатніх дзевяці населеных пунктах плантацыі ў разы меншыя, але вяскоўцы ведаюць, што бульба будзе выкапана своечасова адпаведна з графікам. Нават адзінокая пенсіянерка з самай аддаленай вёскі не мае падстаў непакоіцца. Яе ўчастак выкапаюць і прывязуць ўраджай дадому, застанецца толькі перабраць. Цэны на паслугі ўстанаўліваюць, лічу, у межах разумнага, людзі ведаюць расцэнкі загадзя.
Нашы ІП аказваюць паслугі таксама жыхарам іншых сельсаветаў, нават выязджаюць у населеныя пункты Бярозаўскага раёна. Ім жа за сезон трэба зарабіць, — адзначае Аляксандр Мікалаевіч. 

Мікалай БАСАЛАЙ, старшыня Стайкаўскага сельскага Савета Івацэвіцкага раёна: 

— Хачу адразу зазначыць, што бульбы ў нас з кожным годам садзяць усё менш і менш. Калі раней тыя ж Стайкі з тысячным насельніцтвам засявалі бульбай поле ў 40 гектараў, яшчэ некалькі гадоў таму пад соткі адводзілі да 30 гектараў, то сёлета пасадзілі другога хлеба толькі 12 гектараў. У нас глеба камяністая, тэхніка часта ламаецца, што ў сваю чаргу ўплывае на кошт паслуг. Таму людзі пакрысе і змяншаюць свае надзелы. 

А ўчасткі пад бульбу вяскоўцам выдзяляе сельвыканкам увосень, акрамя тых, хто працуе на пастаяннай аснове ў сельгаспрадпрыемствах, ім выдзяляюць соткі на працы. Асенняя дзяльба праводзіцца па просьбе жыхароў, некаторыя лічаць патрэбным узараць свае соткі на зіму. Паслугі па пасадцы і апрацоўцы аказвае мясцовая гаспадарка. А вось выкапаць — гэта клопат саміх жыхароў. Так склалася традыцыйна. Рэч у тым, што многія сяльчане маюць свае трактары з прычапнымі агрэгатамі. Яны капаюць не толькі сабе, але і ўсім суседзям, аднавяскоўцам у плане аказання платных паслуг. І на ўборку бульбы, як правіла, з’язджаюцца гарадскія дзеці ды іншыя сваякі. За дзень кожны гаспадар стараецца прыбраць сваё поле. 

Фота: pixabay.com

Алена СІНЮЦІЧ, старшыня Ласіцкага сельскага Савета Пінскага раёна:

— Варта сказаць спачатку, што наш сельсавет адзін з самых невялікіх па колькасці насельніцтва (пражывае каля 880 чалавек), і адзін з самых аддаленых ад райцэнтра. Многія жыхары перасягнулі 70-гадовы рубеж, яны ўжо бульбу на сотках не садзяць. Купіць мех-два для сям’і з двух альбо аднаго чалавека — не праблема, а некаторым, заслужаным ветэранам калгаснай працы, гаспадарка і бясплатна пуд бульбы даставіць. У сельгаспрадпрыемстве ААТ «Ласіцк» застаўся бульбаўборачны камбайн, сама гаспадарка садзіць толькі невялікае поле для патрэб сталоўкі, бульбаўборачную машыну выдзяляюць для ўборкі сотак. Дык вось за мінулыя выхадныя ўсе прыватныя надзелы былі ўбраны, прывезены, людзі паспелі нават перабраць і ссыпаць ураджай у склеп. Так што на нашай тэрыторыі бульба сабраная. 

Людміла ДУБОЎСКАЯ, старшыня Дзяніскавіцкага сельскага Савета Ганцавіцкага раёна: 

— У нас сельсавет невялікі, яго ўтварае адна вёска. Праблем з уборкай бульбы на полі асаблівых няма, гаспадарам дапамагаюць прыватныя прадпрымальнікі альбо суседзі, што маюць тэхніку. Хачу сказаць яшчэ вось аб чым. У нас ёсць пажылыя пенсіянеры, працаўнікі, якія не адмаўляюцца ад пасадкі другога хлеба, бо не ўяўляюць сабе жыццё ў вёсцы без бульбы. І хоць на прысядзібных агародах, але некалькі сотак садзяць. Такім дапамагаюць ва ўборцы сацыяльныя работнікі, часам просім ў парадку шэфскай дапамогі папрацаваць гадзіну ці дзве старшакласнікаў. Хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць пажылым аднавяскоўцам. 

Валерый ГЕРМАН, старшыня Жамчужненскага сельскага Савета Баранавіцкага раёна: 

— У нас гэты працэс арганізаваны вельмі дакладна. Буйнейшае ў раёне сельгаспрадпрыемства ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» праяўляе клопат аб сваіх працаўніках і ветэранах вытворчасці. Бульбу садзяць не толькі жыхары пасёлка Жамчужны, але і жыхары 14 вёсак былой гаспадаркі «Цяплівады». Для працаўнікоў, а таксама супрацоўнікаў галіны сацкультбыту, маю на ўвазе настаўнікаў, медыкаў, гандлёвых работнікаў, паслугі аказваюцца па сабекошце. Для пенсіянераў ёсць магчымасць пасадзіць, апрацаваць і выкапаць 8 сотак бульбы бясплатна. Усе клопаты бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства. 

Уборка бульбы пачынаецца звычайна з першых дзён верасня, і да 20 верасня ўсё збіраецца з палёў. Складаецца графік, кожны гаспадар ведае свой дзень, калі ён павінен прыйсці ў поле, каб сабраць клубні. Працуюць капалкі адразу на некалькі ўчастках, замацаваны грузавікі, якія адвозяць ураджай па падворках. Для тых, у каго паўсталі надзвычайныя абставіны, прадугледжаны рэзервовы дзень. Але людзі стараюцца вызваліць свой дзень уборкі ад асноўнай работы, запрашаюць сваякоў на падмогу. На палях у такія дні шматлюдна, работа кіпіць. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Па графіку і ў рэзервовы дзень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».