Вы тут

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»


Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19, у прыватнасці, яго аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, дзе назапашаны самы вялікі вопыт лячэння пацыентаў з лёгачнай паталогіяй. І цяпер тут прымаюць самых цяжкіх пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй з усёй краіны:


— Літаральна на днях забралі на лячэнне маладую маці пасля родаў у Пінску. Пакуль у нас задзейнічана тры ложкі. Калі пачнецца павелічэнне хворых, дапамогу будзе аказваць уся рэанімацыя, — кажа Алег Румо. — Аднак у хуткім часе плануецца адкрыццё новага корпуса, такім чынам, нашы лячэбна-дыягнастычныя магчымасці пашырацца. Таму ў мяне няма сумненняў, што мы будзем выконваць аперацыі пры звычайных хірургічных паталогіях, кардыёхірургічных захворваннях, трансплантацыі ў поўным аб'ёме, нягледзячы на каранавірусную інфекцыю.

РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава пакуль не прымала пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Але да гэтага медыкі гатовы.

Ды­рэк­тар Мінск­ага на­ву­ко­ва-прак­тыч­на­га цэнт­ра хі­рур­гіі, транс­план­та­ло­гіі і ге­ма­та­ло­гіі Алег РУ­МО.

— Пацыенты з інфекцыяй COVІD-19 у нас перыядычна з'яўляюцца, нягледзячы на меры бяспекі. Таму ў кожным аддзяленні створаны маленькія «чырвоныя зоны», куды іх ізалюем. У залежнасці ад іх стану пераводзім у спецыялізаваную бальніцу ці лечым на месцы. Наш цэнтр мае каля 500 кіслародных пунктаў, вялікую колькасць абсталявання для штучнай вентыляцыі лёгкіх, і калі эпідэмія пойдзе па неспрыяльным шляху, то мы цалкам гатовы пераключыцца на аказанне такой дапамогі, — кажа Сяргей Красны. — Тое ж самае можна сказаць пра анкалагічныя дыспансеры: гэта спецыялізаваныя ўстановы, вельмі добра абсталяваныя, і іх можна хутка падключыць.

Гатова для разгортвання «чырвоных зон» і РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Пры неабходнасці ў першую чаргу яны з'явяцца ў аддзяленнях рэанімацыі і нейрахірургічным. Тут ужо маюць вопыт лячэння пацыентаў з цяжкай неўралагічнай паталогіяй і каранавіруснай інфекцыяй.

Адметна, што большасць медыкаў ужо прышчапіліся супраць COVІD-19.

— У НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі каля 1300 супрацоўнікаў, якія непасрэдна працуюць з пацыентамі, і каля тысячы з іх прышчапіліся, — расказвае Алег Румо. — Стаўленне да вакцын хвалепадобнае: то адна больш папулярная, то другая. Прывяду асабісты прыклад: я прышчэплены вакцынай «Спадарожнік», а жонка і дачка — кітайскай. Мой пасыл — не мае значэння, якая вакцына, — важна своечасова вакцынавацца.

Па колькасці трансплантацый — сярод самых перадавых

У 2020 годзе колькасць аперацый па трансплантацыі органаў у краіне ў параўнанні з самым паспяховым для Беларусі 2019-м знізілася на 13,8 %. Было выканана 464 арганныя трансплантацыі. Аднак, па словах Алега Румо, у Еўропе зніжэнне было больш істотнае — у сярэднім еўрапейскія краіны праселі на 20 %. Беларусь, такім чынам, паднялася ў рэйтынгу па колькасці трансплантацый: за 2020 год мы знаходзімся на 19-м месцы ў свеце. У першай палове 2021 года было выканана 255 аперацый. З іх 48 — трансплантацыі печані, 181 — ныркі, 22 — сэрца, 4 — лёгкіх.

Ан­ко­лаг на­мес­нік ды­рэк­та­ра па на­ву­ко­вай ра­бо­це Рэс­пуб­лі­кан­ска­га на­ву­ко­ва-прак­тыч­на­га цэнт­ра ан­ка­ло­гіі і ме­ды­цын­скай ра­ды­я­ло­гіі імя М. М. Аляк­санд­ра­ва Сяр­гей КРАС­НЫ.

— Нягледзячы на ковідныя абмежаванні, мы прадоўжылі міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне трансплантацыі. І пацвярджэнне гэтаму — не толькі павелічэнне колькасці замежных пацыентаў, якія прыязджалі на абследаванне і лячэнне, але і з'яўленне новых кааператыўных сувязяў. У верасні 2020 года нашай камандай была выканана першая ў гісторыі Беларусі аперацыя па трансплантацыі ныркі маленькаму дзіцяці. Працягнулі аперацыі па трансплантацыі печані дзецям, якія мы выконваем сумесна з вядучай клінікай Арменіі «Арабкір». Мы ўдзельнічаем у падрыхтоўцы кадраў з розных рэгіёнаў былога СССР. Цяпер вялікая група ўзбекскіх трансплантолагаў знаходзіцца на стажыроўцы ў нашым цэнтры. Акрамя таго, асвоены шэраг новых аператыўных методык, напрыклад, сумесныя аперацыі па трансплантацыі ныркі і кахлеарнай імплатнацыі. Нягледзячы на вялікія складанасці, сістэма перабудавалася і функцыянуе, — рэзюмаваў Алег Румо.

Выпадкаў раку выяўляецца менш

Сяргей Красны адзначае, што 2020 год адметны значным зніжэннем колькасці ўпершыню выяўленых у Беларусі пацыентаў з анкалагічнай паталогіяй. Чакалася, што ў 2021 годзе іх стане істотна больш, але і сёлета медыкі канстатуюць зніжэнне анкалагічнай захваральнасці. Пры гэтым і смяротнасць ад анкалагічнай паталогіі таксама зніжаецца.

— Можна было чакаць, што анкалагічныя пацыенты паміраюць ад іншых прычын, але, калі мы прааналізавалі даныя, аказалася, што ад іншых прычын смяротнасць не павялічваецца, — кажа анколаг. — Гэты кірунак патрабуе далейшага вывучэння. У нас ёсць некалькі гіпотэз, прывяду адну з іх. Рэч у тым, што даволі вялікая колькасць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй пераносіць яе сур'ёзна — з высокай тэмпературай і выпрацоўкай цытакінаў. Дык вось, злаякасныя ўтварэнні вельмі адчувальныя да гэтых фактараў, і цалкам верагодна, што на фоне цяжкага цячэння каранавіруснай інфекцыі можа адбывацца вылечванне ад злаякасных пухлін. Такія выпадкі былі раней апісаны. Але, паўтаруся, пакуль гэта толькі гіпотэза.

Дапамога анкалагічным пацыентам падчас пандэміі аказвалася ў поўным аб'ёме. Абласныя анкалагічныя дыспансеры перапрафіляваліся на кароткі час, і тое не ўсе. Сёлета яны працуюць у звычайным рэжыме і праблем з аказаннем дапамогі не ўзнікае.

Сёння ў РНПЦ анкалогіі выконваецца каля 50 навуковых праектаў па розных кірунках. Адзін з іх — распрацоўка скрынінгу злаякасных пухлін. У цяперашні час рэалізоўваецца міжнародны праект сумесна з СААЗ і Міжнародным агенцтвам па вывучэнні раку — па скрынінгу рака лёгкага для курыльшчыкаў. Для людзей, якія не кураць, ён не паказаў сваёй эфектыўнасці, а для курыльшчыкаў добра працуе. Праект разлічаны на пяць гадоў, і, калі далей пацвердзіць сваю эфектыўнасць, будзе распаўсюджаны на ўсю краіну.

Ней­ра­хі­рург на­мес­нік ды­рэк­та­ра Рэс­пуб­лі­кан­ска­га на­ву­ко­ва-прак­тыч­на­га цэнт­ра не­ўра­ло­гіі і ней­ра­хі­рур­гіі Эду­ард ВА­СІ­ЛЕ­ВІЧ.

— Скрынінгавыя праграмы, распрацаваныя ў мінулыя гады і значна звужаныя з-за пандэміі, цяпер ажываюць. Дзякуючы ім была выяўлена вялікая колькасць пацыентаў з невялікімі пухлінамі, якія не патрабуюць аб'ёмнага комплекснага лячэння, якое калечыць, — хірургічнага з хімія- і прамянёвай тэрапіяй. Такія людзі вылечаны мінімальна інвазіўнымі метадамі, — адзначае Сяргей Красны.

Распрацоўка мінімальна інвазіўных аперацый, калі чалавека вылечваюць літаральна за адзін дзень, таксама ў сферы навуковых інтарэсаў айчынных анколагаў. Яшчэ адзін кірунак — пошук метадаў лячэння, якія дазваляюць забяспечыць якасць жыцця анкалагічных пацыентаў на ўзроўні здаровых людзей. Супрацьлеглы кірунак — лячэнне для пацыентаў, якія выяўляюцца на позніх стадыях. Прынамсі, у цяперашні час, дзякуючы развіццю анестэзіялагічнага забеспячэння, новым сшывальным апаратам і матэрыялам, з'явіліся магчымасці дапамагчы цяжкім пацыентам. Пры дапамозе хімія- і прамянёвай тэрапіі памер пухліны атрымліваецца змяншаць да такой ступені, што падчас аперацыі ўдаецца захаваць функцыянальны орган.

Дзякуючы ўвядзенню ў 2015 годзе рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі айчынныя анколагі распрацоўваюць праекты, якія дазваляюць спрагназаваць паводзіны злаякаснай пухліны, індывідуалізаваць лячэнне, бо вядома, якія лекавыя сродкі будуць эфектыўныя ў дачыненні да тых ці іншых генных мутацый. А таксама выявіць імавернасць развіцця спадчыннага раку.

— Укараненне навуковых распрацовак дазваляе атрымліваць сур'ёзныя вынікі. У апошні год быў праведзены цэлы шэраг навуковых даследаванняў датычна раку мачавога пузыра. Беларусь выйшла на трэцяе месца ў свеце сярод краін з самай нізкай смяротнасцю ад раку гэтай лакалізацыі, саступаючы толькі Фінляндыі і Паўднёвай Карэі. Калі б нашы людзі курылі менш — хоць бы так, як у названых краінах, мы б былі і на першым месцы. Але гэта вынік, якім можна ганарыцца, — кажа Сяргей Красны.

Вакцына ад раку працуе

Ужо 1,5 года Беларусь праводзіць сумесны праект з ЗША па распрацоўцы ДНК-вакцыны супраць раку «Еленаген». У цяперашні час у ім прымаюць удзел 88 пацыентаў. Папярэднія вынікі паказалі добрую пераноснасць вакцыны — амаль без дадатковых пабочных эфектаў, што вельмі важна для супрацьпухлінных сродкаў, якія звычайна вельмі таксічныя. Па шэрагу злаякасных новаўтварэнняў атрыманы адметны вынік.

— Пры хіміярэзістэнтным раку яечнікаў вакцына прадэманстравала сваю эфектыўнасць, і працягласць безрэцыдыўнага перыяду ў гэтых пацыентаў значна вышэйшая, чым пры правядзенні стандартнай хіміятэрапіі, — расказвае Сяргей Красны. — А вось пры трэплетнегатыўным раку малочнай залозы, а гэта вельмі агрэсіўная метастатычная пухліна, якая хутка прыводзіць да смерці і малаадчувальная да лячэння, увогуле атрыманы ўнікальны вынік. У трох пацыентаў адзначана поўнае знікненне ўсіх пухлінных ачагоў як у малочнай залозе, так і метастатычных у печані, у лімфавузлах. Ім выкананы радыкальныя аперацыі, у выдаленых тканках не знойдзена пухлінных клетак увогуле — поўнае знікненне. Раней пры правядзенні хіміятэрапіі такога не назіралі.

Эфектыўнасць вакцыны, якая, дарэчы, будзе выпускацца ў Беларусі, паўплывала і на выжывальнасць.

— У даследаванай групе, дзе пацыенткі атрымліваюць «Еленаген», усе жывыя. У кантрольнай групе ужо два пацыенты памерлі, бо эфект стандартнай хіміятэрапіі значна ніжэйшы. Цяпер прынята рашэнне пашырыць даследаванне вакцыны, і дадаткова дабаўлена дзве групы пацыентаў — з гармонарэзістэнтнымі пухлінамі малочнай залозы і прастаты. Гэта таксама агрэсіўныя метастатычныя пухліны. Даследаванне пачата некалькі месяцаў таму, пра вынікі казаць пакуль заўчасна, але мы спадзяёмся, што гэта будзе пэўны прарыў у анкалогіі, — рэзюмуе Сяргей Красны.

Электроды — у галаўны мозг

РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі выконвае ўвесь спектр нейрахірургічных аперацый пацыентам з чэрапна-мазгавой траўмай, сасудзістай паталогіяй, дэгенератыўнымі захворваннямі пазваночніка і іншымі. У 2020 годзе тут выканана больш за тры тысячы такіх аперацый. Пераважная большасць — пацыентам з сасудзістай паталогіяй.

— У апошняе дзесяцігоддзе актыўна распрацоўваецца і ўкараняецца рэнтгенэндаваскулярнае аператыўнае ўмяшанне з прымяненнем розных тэхнічных сродкаў, такіх як патокаскіравальныя стэнты, розныя крывыя кампазіцыі, што дазваляе значна павысіць радыкальнасць хірургічнага лячэння пры такой паталогіі і дапамагчы пацыентам, якім раней у гэтым адмаўлялі, — кажа Эдуард Васілевіч. — Таксама аказваецца дапамога пацыентам з нейраанкалагічнымі захворваннямі. Прымяненне навігацыйных станцый, аперацыйнага мікраскопа, інтэраперацыйнага нейрафізіялагічнага маніторынгу дазваляе праводзіць выдаленне аб'ёмных утварэнняў з функцыянальна значных зон галаўнога і спіннога мозга з дасягненнем добрага выніку і пазбегнуць інвалідызацыі пацыентаў, а таксама знізіць лятальнасць пры гэтым відзе хірургічных умяшанняў.

У апошнія гады шырокае развіццё атрымлівае функцыянальная нейрахірургія. Яна прымяняецца пры хваробе Паркінсона і мышачнай дыстаніі. Электроды імплантуюцца ў глыбінныя аддзелы галаўнога мозга і дзякуючы пастаяннай нейрастымуляцыі пацыент не толькі пазбягае інваліднасці, але і вяртацца да працы.

У апошні год у РНПЦ з'явіліся новыя метады хірургічнага лячэння пацыентаў пры парушэнні функцыі тазавых органаў і лячэнне тазавай болі. Вярнуць пацыентаў да звыклага жыцця дазваляе ўстаноўка сакральных стымулятараў. Цяпер стала магчымым і лячэнне эпілепсіі, прычым як у дарослых, так і ў дзяцей. Выконваюцца розныя віды аперацый: гэта і выдаленне эпілептагеннага ачага, аперацыі аддзялення, а таксама нейрамадуляцыя — устаноўка нейрастымулятараў блукаючага нерва, што дазваляе знізіць колькасць сутаргавых прыступаў, палепшыць кагнетыўную функцыю.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.