Вы тут

Золата па імені хлеб


У мінулыя выхадныя ў райцэнтры Шуміліна Віцебскай вобласці правялі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021».


Святочны настрой і адчуванне таго, што будзе цікава, арганізатары абласнога свята стваралі ўжо пры ўездзе ў гарадскі пасёлак, дзе жывуць каля 7,5 тысячы чалавек.

У прыватнасці, каля будынка чыгуначнага вакзала можна было перанесціся ў часе і ўбачыць Шуміліна далёкага мінулага. Дарэчы, сёлета спаўняецца 155 гадоў з таго часу, як паміж найстарэйшым горадам сучаснай Беларусі і абласным цэнтрам пачаліся чыгуначныя зносіны. 17 кастрычніка 1866 года кіраўнік будаўніцтва, першы міністр шляхоў зносін генерал-лейтэнант П. П. Мельнікаў далажыў цару ў тэлеграме «... у 9 гадзін 30 хвілін адкрыты рух на ўчастку Полацк — Віцебск працягласцю 242 вярсты...». Бюст Мельнікаву можна ўбачыць каля будынка вакзала. Чыгуначная станцыя ў Шуміліне — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яе пабудавалі ў 1866 годзе, заснавальнікамі выступілі прамыслоўцы з Лондана і Рыгі. У другой палове мінулага стагоддзя станцыя была пераназваная з Сіроціна ў Шуміліна...

На сотні метраў расцягнуліся гандлёвыя рады. Асабліва прыемна было завітаць у госці да прадстаўнікоў раёнаў, якія ў ліку іншага знаёмілі з кулінарнымі традыцыямі роднага краю. Такое ў крамах не прадаецца, таму многім хацелася паспытаць на смак тое, што гатавалі продкі ўдзельнікаў «Дажынак». Традыцыйна з вялікім інтарэсам людзі падыходзілі да месцаў, дзе гандлявалі рамеснікі. Народ ахвотна фатаграфаваўся каля жывых скульптур, а таксама каля робата, якім кіравалі дыстанцыйна. Спадабаліся многім праект «Дажыначны сноп», свята ручніка «Шлях жыцця»... Цікавай была выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі мінулага і сучаснай. Многія з задавальненнем рабілі сэлфі, падняўшыся на вышыню больш чым у два паверхі, каб убачыць, што знаходзіцца ўнутры кабіны.

Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў павіншаваў гасцей і ўдзельнікаў свята падчас ганаровай цырымоніі. «Вырасціць і сабраць ураджай — складаная задача, рашэнне якой па сілах толькі згуртаванаму, прафесійнаму калектыву, сапраўдным гаспадарнікам, майстрам з вопытам і новымі ведамі, працавітым людзям з цярплівым характарам.

Нягледзячы на вельмі складанае па ўмовах надвор’я жніво, аграрыямі Віцебшчыны вырашчаны і сабраны дастойны ўраджай — больш за 780 тысяч тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць — 25,6 цэнтнера з гектара», — сказаў кіраўнік аблвыканкама.

Палова атрыманага ўраджаю сфарміравана Аршанскім раёнам, які пераадолеў стотысячны рубеж па намалоце, а таксама Віцебскім, Талачынскім, Дубровенскім і Верхнядзвінскім раёнамі.

Губернатар агучыў словы шчырай падзякі ўсім героям жніва, тым, хто сваімі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабывае беларускае золата, імя якому — хлеб.

Вядома, што «Дажынкі» — важны сацыяльна-культурны праект, які выхоўвае любоў і павагу да зямлі і працы, спрыяе навядзенню парадку, добраўпарадкаванню нашых населеных пунктаў.

За час падрыхтоўкі да свята гарадскі пасёлак Шуміліна таксама вельмі змяніўся, літаральна заззяў новымі фарбамі. Ад улады Прыдзвінскага краю Мікалай Шарснёў выказаў удзячнасць будаўнікам і работнікам камунальнай службы за зладжаную і дзейсную працу.

Амаль на ста аб’ектах вяліся работы. Сярод іншага абнавілі Алею славы. СШ № 1 імя П. Акуцыёнка цяпер у спісе школ будучыні, а ў СШ № 2 цяпер стала больш утульна. На стадыёне правялі рэканструкцыю, і там адбыліся дажыначныя спаборніцтвы — спартакіяда вобласці па сілавым мнагаборстве. Другое жыццё атрымаў цэнтр культуры. Многае зроблена, каб стварыць умовы, якія адпавядаюць патрэбам часу, у дзіцячых садках, бібліятэцы, гісторыка-краязнаўчым музеі, паліклініцы, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву...

Мясцовыя жыхары ацанілі і праведзены ў шматпавярховых дамах капітальны і бягучы рамонты. Многія заўважылі, што дарогі і тратуары ў Шуміліне цяпер не горшыя, чым у цэнтры Віцебска.

У наступным годзе «Дажынкі» пройдуць у Глыбокім.

Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.