Вы тут

Лукашэнка: Мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў


Пра гэта Прэзідэнт заявіў падчас нарады з кіраўніцтвам Савета міністраў, куды былі запрошаны кіраўнікі эканамічнага і сацыяльнага блокаў органаў дзяржаўнай улады.


На сустрэчы абмяркоўваліся сацыяльныя пытанні — падтрымка шматдзетных сем’яў, развіццё пенсійнай сістэмы, будаўніцтва жылля на вёсцы і рэалізацыя маладзёжных ініцыятыў.

Кіраўніку краіны на нараду прынеслі некалькі праектаў Указаў. Па першым прапаноўвалася пашырыць магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу: на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў, выкананне лячэбных умяшальніцтваў у артапедыі, набыццё тавараў для рэабілітацыі інвалідаў з парушэннем зроку і апортна-рухальнага апарату. 

Прадставілі Прэзідэнту праект Указа «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашанай пенсіі», па якім работнікам даецца права выплачваць у ФСАН не 1 % ад заробку, а да 10 %. Абавяжуць і працадаўцу ўносіць адпаведныя ўзносам даплаты на назапашаныя пенсіі. Праект Указа «Аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі» распрацаваны для стымулявання будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці. Па ім прапаноўваецца шэраг ільгот і магчымасцяў для рэалізацыі гэтай задачы.

«Шэраг пытанняў, якія выносяцца на ўзровень кіраўніка дзяржавы, патрабуюць дадатковай інфармацыі і магчыма спачатку публічнага абмеркавання. Тым больш што яны адчувальныя і для насельніцтва, і для бюджэту. Таму сёння мы разгледзім і прымем рашэнні, знойдзем баланс паміж гэтымі патрэбамі і рознапланавымі інтарэсамі», — сказаў Прэзідэнт.

Праекты падрыхтаваных дакументаў ахопліваюць вялікі блок пытанняў сацыяльнай накіраванасці: ад падтрымкі шматдзетных сем’яў да рэалізацыяй грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў.

«Не дапусціць зніжэння ўзроўню нараджальнасці»

Прэзідэнт звяртае ўвагу: нягледзячы на змены ў функцыянаванні эканомікі, вельмі важна не дапусціць зніжэння ўзроўню нараджальнасці.

«Маю прынцыповую пазіцыю вы ведаеце: краіна і нацыя развіваюцца, калі ў сем’ях выхоўваюцца як мінімум трое дзяцей. Шматдзетныя сем’і — наш асноўны дэмаграфічны арыенцір. З іншага боку, гэта цяжкая і адказная праца, і дзяржава робіць усё магчымае, каб шматдзетнасць стала нормай для нашага грамадства», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Таму ў краіне сфарміраваны магутны пакет сацыяльных мер, які ўключае ў сябе дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, фінансавую падтрымку на жыллё, ільготы ў адукацыі і ахове здароўя, падатковай, пенсійнай і працоўнай сферах.

Паводле кіраўніка краіны, у 2020 годзе на гэтыя мэты было выдаткавана 4,7 мільярда, сёлета будзе не менш за 5 мільярдаў.

«Мы можам адказна сказаць, што падтрымка шматдзетных — гэта сацыяльны брэнд нашай дзяржавы, яе візітная картка», — падкрэсліў Прэзідэнт.

З 2015 года дзейнічае праграма сямейнага капіталу, якой скарысталіся больш за 100 тысяч шматдзетных сем’яў, прыводзіць лічбы кіраўнік краіны.

«Жыццё паказвае, мы абралі правільны шлях. Колькасць шматдзетных сем’яў павялічваецца. За апошнія 10 гадоў — практычна ў два разы. Сёння ў краіне іх больш за 115 тысяч. Механізм праграмы дзейнічае эфектыўна, а значыць, трэба развіваць яго далей», — падкрэслівае Прэзідэнт.

Але ён задае пытанне: наколькі апраўдана і своечасова пашырэнне межаў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу? 

«Нельга разменьваць доўгатэрміновую падтрымку на імгненныя патрэбы. Хацеў бы пачуць дадатковыя аргументы распрацоўшчыкаў па гэтым пытанні», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэслівае, што жыллё — самая надзённая патрэба людзей, таму наспела неабходнасць унесці пэўныя карэктывы ў парадак і ўмовы прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі грамадзянам пры будаўніцтве і набыцці жылых памяшканняў.

«Нават у гэты няпросты момант мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў і забяспечваць фінансавую дапамогу пры будаўніцтве жылля да дасягнення дзецьмі 23 гадоў. Раней было да 18 гадоў. Таксама плануецца павялічыць памер дзяржаўнай падтрымкі тым, што пражываюць на сяле, шматдзетным сем’ям, у якіх хоць бы адзін з сужэнцаў працуе ў сельскай мясцовасці», — канстатуе Прэзідэнт.

Акрамя таго, для стымулявання пераезду грамадзян у сельскую мясцовасць прапануецца даць магчымасць тым, хто з абласных цэнтраў і Мінска і мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў пабудаваць жыллё з дзяржпадтрымкай у населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч чалавек.

«У цяперашняй эканамічнай сітуацыі кожны рубель на рахунку. Любая дзяржаўная падтрымка павінна быць абгрунтаванай. Таму хачу пачуць, наколькі пралічаныя дадзеныя прапановы», — звяртае ўвагу кіраўнік краіны.

Аб годнай старасці трэба клапаціцца загадзя

Таксама на нарадзе абмеркавалі прапанаваныя ўрадам падыходы да далейшага развіцця пенсійнай сістэмы. Кіраўнік краіны акцэнтуе, што пенсіі павышаюцца пры кожнай фінансавай магчымасці, выдатна разумеючы, што для большасці пажылых грамадзян гэта асноўная крыніца даходу.

У Беларусі 2,5 мільёна пенсіянераў (з іх прыкладна 510 тысяч працуюць). Пенсійныя выплаты перавышаюць 15 мільярдаў рублёў і складаюць амаль 30 працэнтаў агульных расходаў бюджэту краіны. 

«Тое, што аб годным даходзе ў старасці трэба клапаціцца загадзя, праз дадатковую добраахвотную пенсійную праграму, такія пытанні падымаліся на VI Усебеларускім народным сходзе. Прапановы па падыходах да вырашэння гэтай праблемы падрыхтаваныя. Прашу далажыць, як прапрацаваны дадзеныя падыходы і што спатрэбіцца зрабіць для шырокага ўкаранення такой праграмы ў нашай краіне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Рэалізацыі грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў

Асобна разгледзілі на сустрэчы новы напрамак работы — механізм рэалізацыі грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў на месцах.

«Ідэя добрая, ды і напрамкаў такой дзейнасці мноства ў грамадстве», — лічыць кіраўнік краіны.

Па яго словах, гэта можна арганізаваць з удзелам грамадзян ва ўладкаванні тэрыторый сваіх гарадоў і мястэчкаў, у рамонце помнікаў і абеліскаў. Моладзь магла б рэалізаваць праекты, накіраваныя на патрыятычнае, інтэлектуальнае, духоўнае і фізічнае выхаванне.

«Тут павінна быць выбудаваная сістэмная работа на перспектыву. Гэта наш ідэалагічны вектар. Пры гэтым трэба забяспечыць пастаяннае суправаджэнне дадзенай працы на ўзроўні Савета Міністраў, Парламента і асабліва на ўзроўні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Мы павінны абсалютна выразна разумець, як будзе кантралявацца іх размеркаванне і выкарыстанне», — падкэслівае Прэзідэнт і дадае, што хацеў бы пачуць аргументаваную пазіцыю ўрада па ўсіх абазначаных пытаннях.

Як заявіў кіраўнік краіны, за выкананнем прынятых на нарадзе рашэнняў патрабуе ўсталяваць кантроль і забяспечце якаснае і шырокае інфармацыйнае асвятленне разглядаемых тэм.

Каментарый у тэму

Першым дакладчыкам па пытаннях, як звычайна, стаў профільны міністр. Гэтым разам - міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, якая расказала пра магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу і ўкараненне дадатковых пенсійных накапленняў. Пасля ўжо ў размове з журналістамі міністр удакладніла, якія меры праектаў Указаў знайшлі падтрымку, а якія будуць дапрацоўвацца.

Куды магчыма патраціць грошы сямейнага капіталу?

Па яе словах, сёння амаль 40 тысяч дэпазіных рахуткаў сямейнага капіталу пайшлі на датэрміновае выкарыстанне. Усяго з 2015 года іх было адкрыта 104 тысячы.

«Сёння тры галоўныя кірункі, на якія з 2020 года можна выкарыстоўваць сямейны капітал — жыллё, адукацыя і ахова здароўя. Большасць з дэпазітаў з 2020 пайшлі на датэрміновае выкарыстанне на жыллё. Сустракаючыся са шматдзетнымі сем’ямі ў рамках дыялогавых пляцовак, мы пачулі, што ёсць шмат жыццёвых сітуацый, па якіх сем’і папрасілі пашырыць магчымасці», — сказала Ірына Касцевіч.

Так, у першую чаргу, сродкі неабходныя для пагашэння займаў, выдадзеных арганізацыяй, дзе працуюць шматдзетныя бацькі, набыцця часткі жылля, выкупу ва ўласнасць памяшкання пры ўмове, што яно будзе цалкам належыць шматдзетнай сям’і.

«У праекце Указа прадугледжаны і абмежавальныя меры, каб не дапусць нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў пры набыцці жылля», — дадала міністр.

Будуць датэрмінова выдаткоўвацца грошы капіталу на медыцынскія паслугі ў галіне артапедыі, набыццё сродкаў рэабілітацыі для інвалідаў па зроку і з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

Як адзначыла міністр, праект Указа «Аб выкарыстанні сямейнага капіталу» будзе дапрацоўвацца аператыўна і сумесна з органамі мясцовай ўлады.

У чым заключаецца сістэма добраахвотных пенсійных накапленняў?

Па словах міністра, на пенсіі па звычайнай (салідарнай) сістэме летась будзе накіравана 15 мільярдаў рублёў, і дзяржава захоўвае свае гарантыі па пенсійным забеспячэнні. Сярэдняя пенсія па ўзросце, дадала Ірына Касцевіч, у верасні складала 545 рублёў.

«Наша задача, каб кожны грамадзянін спадзяваўся не толькі на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе пенсіі, але і быў зацікаўлены ў павышэнні свайго ўзроўню жыцця ў сталасці. Таму і прапаноўваецца новы механізм па добраахвотным назапашвальным страхаванні», — звяртае ўвагу міністр.

У чым будзе заключацца сістэма? Выплачваючы за свайго заробку да 10 %, чалавек будзе фарміраваць накапленне на сталасць. Калі ён заплаціў з заробку тры і больш працэнты ў назапашвальную сістэму, 3 % выплочвае і яго наймальнік.

«Былі пытанні з боку наймальніка: ці павялічваецца нагрузка на яго? Мы адказваем: не. Сёння наймальнік плоціць у пенсійную сістэму 28 %. Тыя 3 %, што пойдуць на чалавека ў пенсійны фонд, будуць вымацца з 28 %. Такім чынам у Фонд сацыяльнай абароны пойдзе 25 % . Тры працэнты не пападуць у Фонд, але пры гэтым за чалавекам будуць захаваны ўсе пенсійныя гарантыі», — тлумачыць кіраўнік ведамства.

Журналісты спыталі, якая гарантыя такіх грашовых укладаў на пенсію ад абясцэньвання. Ірына Касцевіч адзначае: рызыкі ёсць, але дзяржслужачыя разлічваюць на цікавасць да сістэмы тых, каму засталося ад 3 да 10 гадоў да пенсіі.

«Плюсы сістэмы, таксама і ў тым, што сума добраахвотнай пенсіі будзе пераходзіць у спадчыну і капіталізавацца», — рэзюмавала міністр.

Як дзяржава стымулюе будаваць жыллё на вёсцы?

Па праекце Указу «Аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі» дакладаў кіраўніку краіны міністр па архітэктуры і будаўніцтве Руслан Пархамовіч. Наконт некаторых пунктаў дакумента на нарадзе разгарнуліся вострыя дыскусіі. Таму не ўсе пастулаты, што былі прапанаваны, прынятыя — Указ будзе скарэктаваны, разгледжаны і зноў прадстаўлены на абмеркаванне з удзелам Прэзідэнта.

«Два асноўныя кірункі, што мае Указ, — стымуляванне будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці і карэкціроўка ўмоў аказання дзяржпадтрымкі з улікам практыкі, што ўжо напрацавана Указамі па дзяржпадтрымцы № 240 і 13», — паведаміў Руслан Пархамовіч.

У праекце дакумента захаваецца пункт аб тым, што маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзяне з абласных цэнтраў, набываюць права першымі будаваць жыллё ў малых населеных пунктах.

«Мы таксама абмяжоўваем магчымасць надання дзяржаўнай падтрымкі ў выпадку, калі грамадзянін, што мае права на такую дзяржпадтрымку плануе змяніць месца жыхарства. То- бок, пабудаваць жыллё не там, дзе ён пастаўлены на ўлік. Такі грамадзянін зможа пабудаваць жыллё толькі ў больш малых населеных пунктах, — дадае міністр. — На наш погляд, гэта мера абмяжуе адток сельскага насельніцтва з месцаў пражывання».

Таксама, праект прадугледжвае магчымасць дакрэдытавання, калі адзін з крэдытаатрымальнікаў памёр і не змог у поўным аб’ёме рэалізаваць свае магчымасці на атрыманне крэдыту.

Якія маладзёжныя ініцыятывы будуць падтрыманы дзяржавай?

На гэтае пытанне пасля нарады адказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён адзначыў, што работа над адпаведнымі прававымі нормамі будзе працягнута, але сама ідэя Прэзідэнтам падтрыманая.

«Сёння Міністэрства адукацыі вядзе праграму „Адукацыя і маладзёжная палітыка“. У нас закладваюцца пэўныя сродкі на правядзенне розных цэнтралізаваных мерапрыемстваў. У тым ліку з удзелам маладзёжных аб’яднанняў. Тут зараз стаіць пытанне аб стварэнні сваеасаблівага фонду, у тым ліку і спонсарскіх сродкаў, што могуць накіроўвацца на падтрымку малых маладзёжных ініцыятыў», — сказаў міністр.

Сярод такіх праектаў ён назваў студэнцкія атрады, аздараўленчыя праекты.

«Вельмі важныя сёння пытанні патрыятычнага выхавання моладзі — тут могуць быць разнастайныя ініцыятывы па ўвекавечанні памяці герояў вайны», — адзначыў Ігар Карпенка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.