Вы тут

Беларускія легенды ў кітайскім прачытанні


Выдавецкі дом «Беларуская навука» накладам у 500 экзэмпляраў выпусціў кнігу «У пошуках папараць-кветкі», дзе пад адной вокладкай сабраны легенды і паданні беларускага народа. Аўтары ідэі, укладальнікі гэтага ўнікальнага творчага праекта: А. І. Лакотка, Т. І. Кухаронак, А. Г. Алфёрава — слынныя беларускія фалькларысты, этнографы, даследчыкі беларускай народнай культуры. 


У легендах адлюстраваны міфапаэтычныя погляды на стварэнне свету, узнікненне геаграфічных назваў і прыродных аб’ектаў. Тэксты, якія падаюцца па-беларуску і ў перакладзе на кітайскую і англійскую мовы, раскладзены на наступныя раздзелы: «Пра паходжанне Сусвету, Зямлі, Чалавека»; «Пра паходжанне плямён, народаў, класаў і розных сацыяльных з’яў»; «Пра Бога, святых, народныя святы і вераванні, страхі»; «Паданні пра гістарычныя падзеі і гістарычных асоб»; «Паданні пра паходжанне назваў гарадоў і мястэчак, урочышчаў, рэк і азёр»; «Пра заклятыя скарбы». Усяго ў зборніку змешчана каля 70 легенд і паданняў, з якіх можна даведацца пра рысы характара беларусаў, пра паходжанне тых ці іншых назваў паселішчаў, рэк і азёр, пра фантастычных звяроў. Па тэкстах можна смела брацца за вывучэнне беларускай народнай культуры. 

«Легенды і паданні як адна з разнавіднасцей няказкавага фальклору складаюць важнейшую частку беларускага народнага эпасу. У беларускіх легендах знайшлі адлюстраванне рэлігійныя ідэалогія грамадства, наіўны і прымітыўны светапогляд нашых далёкіх продкаў, іх уяўленні аб прыродзе, чалавеку, яго працоўнай дзейнасці, духоўных падмурках жыццядзейнасці грамадства. Разам з тым у іх увасоблены шматлікія маральна-этычныя нормы, большасць з якіх арыентавана на агульначалавечыя каштоўнасці», — гаворыцца ва «Уводзінах» да зборніка. 

Перакладчыкамі на кітайскую мову выступілі дасведчаныя лінгвісты А. Раманоўская, Ван Цінфэн. Пераклад на англійскую мову належыць Н. Сянкевіч. 

Уражвае паліграфічнае выкананне выдання. Кніга аддрукавана на мелаванай паперы ў ААТ «Транстэкс». Да кожнага з твораў, змешчаных у сапраўднай анталогіі паданняў, пададзены выразныя ілюстрацыі — акварэлі, працы, дзе спалучаны розныя тэхнікі — акварэль, туш, аловак, лічбавая графіка. Мастакамі выдання з’яўляюцца Анастасія Стальмашонак, Ігар Сідарэнка, Глеб Сідарэнка, Дар’я Петрусевіч-Кавальчук, Наталля Мураўёва, Юлія Мацура, Аліна Кісляк, Хрысціна Іванцова, Валерыя Гормаш-Дрэбезава, Кірыл Гормаш, Міхаіл Басалыга. 

Зборнік «У пошуках папараць-кветкі» — выдатны ўнёсак у фарміраванне беларуска-кітайскага кнігазбору апошніх дзесяцігоддзяў. Варта нагадаць, што шмат для яго пашырэння зроблена рознымі выдавецтвамі нашай краіны — і «Мастацкай літаратурай», і Выдавецкім домам «Звязда», і «Адукацыяй і выхаваннем», і некаторымі іншымі айчыннымі рупліўцамі-кніжнікамі на ніве беларуска-кітайскай дружбы. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.