Вы тут

Пакідаць раслінныя рэшткі ў агародзе або лепш прыбраць?


Падчас праполкі градак і збору ўраджаю назапашваецца вялікая колькасць бацвіння, пустазелля, скошанай травы, а таксама падгнілай гародніны і ападкаў садавіны. Разбіраемся, як правільна гэта ўсё ўтылізаваць, ці варта выносіць за межы ўчастка альбо пакінуць, каб прымяніць з карысцю.


Агародніннае бацвінне

Бацвінне агародніны часам кідаюць наўпрост на градках, асабліва пры выкопванні бульбы. Гэтага рабіць нельга, бо ў кучах бацвіння вельмі хутка пасяляюцца капусныя смаўжы, мядзведка, каларадскі жук, самкі тлі і нават мышы.

З агародніным бацвіннем трэба паступаць наступным чынам:

  • Падчас уборкі ўраджаю збіраць яго ў ёмістасць.
  • Здаровую лістоту ад буракоў, радыскі і морквы адносіць у кампосную яму. 
  • Бацвінне ад памідораў, бульбы і іншых бахчавых культур закопваць за ўчасткам або спальваць, бо яно звычайна заражанае фітафтарозам.

Фітафтора здольная жыць у бацвінні да 4 гадоў і пры перагніванні не знікае, а вось шкодным насякомым кампосная куча недаспадобы.

Пустазелле

Вырванае пустазелле нельга пакідаць у міжраддзях, бо замест перагнівання яно будзе ўтрамбоўваецца дажджамі і створыць такі ж прытулак для насякомых, як і бацвінне.

Найлепшае рашэнне для пустазелля — пакласці яго ў кампосную яму для перагнівання. Да наступнага сезона з яго атрымаецца добрае арганічнае ўгнаенне.

Ападкі

Пакідаць ападкі побач з дрэвам нельга, бо:

• на гнілыя плады будуць злятацца восы, якія могуць звіць непадалёк з багаццем ежы новае гняздо;

• у садавіне ёсць костачкі, якія будуць прыцягваць на ўчастак розных грызуноў;

• плады, якія апалі, хутчэй за ўсё, заражаныя шкоднікамі або хваробамі, якія могуць перайсці на дрэва.

Каб пазбегнуць магчымых праблем, ападкі трэба скласці ў закрытую ёмістасць з астатняй расліннасцю для далейшага гніення.

Муміфікаваныя плады

Ад муміфікаваных пладоў варта пазбаўляцца адразу пасля іх з'яўлення, пазбягаючы падзення на зямлю.

Складаць іх пажадана за межамі ўчастка, а пасля спаліць альбо закапаць. Такія плады з вялікай верагоднасцю пашкоджаны заразнай хваробай, якая можа перайсці на здаровую садавіну.

Гнілая гародніна

Часам агароднікі збіраюць спачатку здаровую гародніну, а падгнілую пакідаюць ляжаць побач з градкамі, пераносячы ўборку на пазнейшы час. Гэта няправільна, бо гародніна гніе пад уздзеяннем бактэрый, хвароб або пранікнення шкоднікаў.

Пакідаючы гніллё, вы рызыкуеце ў наступным сезоне заразіць гэтымі адходамі новыя пасадкі. Гнілую гародніну трэба адразу складаць у бочку або падобную ёмістасць, а пасля ўборкі ўраджаю закапаць пад дрэвамі або прыгатаваць з яе анаэробны кампост.

Абрэзаныя галінкі

Пасля вясновай і восеньскай абрэзкі пладовых дрэў застаецца шмат галінак. Калі яны акуратныя і здаровыя, можна скласці іх у кучу ў зручным месцы і выкарыстоўваць для распальвання вогнішча ці для прапальвання печы. Але пры бачных паразах грыбком, лішаём або гнілатой абавязкова адразу гэтыя галіны спаліць.

Скошаная трава

Калі ў вас вялікі газон, то травы пасля пакосу застаецца шмат. Яе можна зграбаць і скідаць у кампосную яму або даць ёй прасохнуць, а потым раскласці ў якасці мульчы пад кусты або ў прыствольныя кругі дрэў.

Але калі газон пастрыгаецца часта, а даўжыня скошанай травы не перавышае некалькі сантыметраў, то можна яе ўвогуле не прыбіраць. Праз нейкі час яна перагніе на месцы і стане харчаваннем для новага газона вясной.

Уборка раслінных адходаў у восеньскі перыяд абавязковая, бо гнілая гародніна або заражанае фітафторай бацвінне стануць рассаднікам хвароб на градках. Гэта адаб'ецца на вясновых пасадках, і, хутчэй за ўсё, ураджай будзе бедны.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?