Вы тут

Аляксей Талай сустрэўся з дзецьмі з Данбаса


Кожны мае права на шчаслівае дзяцінства. Дзеці не павінны чуць выбухі, бачыць бліскавіцы баёў, гуляць пад стрэламі. Здавалася б, такія простыя для ХХІ стагоддзя ісціны. Але, на жаль, для некаторых пакуль нерэальныя. Як гэта — пражыць жыццё і замест светлых шчаслівых дзіцячых успамінаў трымаць у памяці боль і страх вайны? Пакуль такія пытанні актуальныя для дзяцей з Данецкай Народнай Рэспублікі, якія пакутуюць ад рознагалоссяў і праблем дарослых. Аднак некаторыя дарослыя задумваюцца і аб дзіцячых турботах.


Як па накатанай

На мінулым тыдні 150 дзяцей з Данецкай Народнай Рэспублікі прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне. Адлегласць больш чым у тысячу кіламетраў яны пераадолелі, каб трапіць у сапраўдную краіну дзяцінства — Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Правадніком у гэту краіну для хлопчыкаў і дзяўчынак стаў чалавек, які ведае, што такое боль, — параалімпіец і матывацыйны спікер Аляксей Талай. Разам з супрацоўнікамі свайго Дабрачыннага фонду вясной ён наведаў Данбас, на свае вочы ўбачыў усе наступствы ўзброеных канфліктаў і зразумеў: дзяцей трэба ад гэтага засцерагчы, хоць бы на некалькі тыдняў. А далей усё пайшло як па накатанай — добрыя справы не патрабуюць дакладна прапісанага сцэнарыя. Пра сваю ініцыятыву Аляксей адразу расказаў Прэзідэнту. Аляксандр Лукашэнка прыслухаўся, прыняў да ўвагі і падпісаў адпаведнае распараджэнне. Дабрачынны фонд Аляксея Талая ўзяў на сябе арганізацыйны бок, Міністэрства замежных спраў Расіі дапамагло вырашыць пытанні з дакументамі. Усяляк дапамагала і беларускае Міністэрства адукацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі. А нераўнадушныя паспрыялі фінансава. Так у дзяцей з Данбаса пачалося падарожжа ў краіну дзяцінства. Ужо па абдымках і ўсмешках на пероне вакзала стала зразумела, наколькі доўгачаканым было гэтае падарожжа.

Праграма адпачынку ў дзяцей распланаваная «ад і да». Спартыўныя, творчыя мерапрыемствы, вучоба, поўны комплекс санаторна-аздараўленчых паслуг, экскурсіі па знакамітых месцах Беларусі... Адзін з самых важных пунктаў праграмы — сустрэча з Аляксеем Талаем — ужо стаў рэальнасцю. Параалімпіец, матывацыйны спікер, бізнесмен, грамадскі дзеяч сустрэўся з гасцямі (якія ўжо адчуваюць сябе тут як дома), падзяліўся з імі сваёй гісторыяй і ад іх шчырасці зарадзіўся сам.

«Каб такое ніколі не здарылася»

«Тая трагічная гісторыя ў маім жыцці, калі я стаў (гэтае страшнае слова) інвалідам. Ніхто ж не мог падумаць, што так атрымаецца. Мне здавалася, што гэта ўсё страшны сон. Але як бы я ні маліўся, як бы ні хацеў прачнуцца — не прачынаўся. І вось гэтае пачуцце безвыходнасці, калі разумееш, што нічога нельга вярнуць, было самым цяжкім», — пачаў Аляксей Талай сваю гісторыю. І з першых слоў яго выступлення ў зале стала зусім ціха. Дзеці лавілі кожнае слова свайго куміра, свайго сябра. Такой цішыні ў дзіцячай аўдыторыі пазайздросціў бы кожны настаўнік.

Аляксей расказаў, што падчас рэабілітацыі ў Германіі наведваў розныя храмы. І аднойчы яму сказалі, што ў кожным храме можна загадаць адно жаданне. «Тады я загадваў, каб больш ніколі, ні з кім у свеце не здарылася тое, праз што я прайшоў», — падзяліўся спікер. Пасля хлопчыкі і дзяўчаты расказалі, што ў іх такое ж самае запаветнае жаданне. А Аляксей Талай, як належыць сапраўднаму таварышу, даў ім параду, як зрабіць, каб гэтае жаданне стала рэальнасцю. «Калі б я не знайшоў у сабе сілы прыняць сваю сітуацыю і жыць далей, не было б мяне, заслуг, перамог, фонду, я не мог бы вас сюды запрасіць. Кожная сітуацыя, ваша жыццё залежыць толькі ад вас саміх. Не возьмеце сябе ў рукі, не возьмеце на сябе адказнасць — нічога не атрымаецца. Вучыцеся, развівайцеся, і ўсё будзе добра», — падкрэсліў Аляксей.

Вопытны спікер і чалавек, які ўмее працаваць на публіку, ён прызнаўся, што, выступаючы на гэтай сустрэчы, дасканала падбіраў словы і абдумваў, што казаць. І не ў крыўду Аляксею, наўрад ці ў яго калісьці была настолькі шчырая, адкрытая аўдыторыя, якая лавіла кожнае яго слова. «Вы ўжо столькі ў гэтым жыцці бачылі. Вы вельмі моцныя душы. Вы, дарагія мае, павінны ўсвядоміць, зразумець усю сілу вашага духу, сваю адказнасць. І самае галоўнае — не ўзлавацца, захаваць любоў у сэрцах і перадаць яе дарослым, якія праз свае перажыванні пра яе забыліся», — Аляксей звяртаўся да кожнага прысутнага ў зале паасобку і да ўсіх разам. Псіхолагі і педагогі сцвярджаюць, што, каб данесці нешта да дзяцей, трэба размаўляць з імі шчыра, адкрыта і на роўных. Толькі тады маладыя і своеасаблівыя характары прымаюць тое, што ім кажуць дарослыя, да ўвагі і пачынаюць гэтымі словамі кіравацца. Наколькі гэта атрымалася ў Аляксея Талая на сцэне «Зубраняці», пакажа час. Але ўжо слёзы на вачах і абсалютная зацікаўленасць на тварах дзяцей паказалі, што словы спікера яны прынялі блізка да сэрца.

Пытанні — адказы

Самай цікавай часткай сустрэчы сталі пытанні дзяцей да свайго куміра. Прычым пытанні самыя розныя. Яраслаў з горада Макееўка цікавіўся крыніцай натхнення Аляксея Талая. І параду цаніць кожны момант жыцця, развівацца, радавацца кожнай дробязі прыняў як кіраўніцтва да дзеяння. Лідзія з горада Амвросіеўка рашылася задаць пытанне, якое б не агучыў нават самы смелы журналіст. Яна запытала ў Аляксея Талая пра яго самую запаветную мару. «Я ўжо такі шчаслівы чалавек, што баюся мар. І так, здаецца, вельмі шмат увагі. Але ж гэта ўсё мая праца. Я вельмі рады, што ў мяне ёсць дзеці. Чаго я яшчэ магу жадаць? Трэба быць асцярожнымі з марамі», — на шчырае пытанне — шчыры адказ.

Многіх юных удзельнікаў сустрэчы цікавілі больш практычныя пытанні. Напрыклад, чым канкрэтна займаецца фонд Аляксея Талая. Хлопчыкі запыталі пра спартыўны бок жыцця Аляксея, пачатак спартыўнай кар'еры, уражанні ад буйных спаборніцтваў. Акрэдытацыя атлета з Параалімпійскіх гульняў у Токіа выклікала ажыятаж і адправілася ў «падарожжа» з рук у рукі.

Цімура вельмі зацікавіла гісторыя знаёмства Аляксея з жонкай. Хлопец падзяліўся, што часам з дзяўчынкамі бывае цяжка, таму патрэбна парада старэйшага таварыша. Падказку заставацца сабой, не саромецца і быць адкрытым Цімур у найбліжэйшай будучыні праверыць на практыцы.

Адпачынак для дзяцей і дарослых

Ірына Стацэнка, псіхолаг школы-інтэрната № 1 горада Данецка, у Беларусь прыехала разам са сваімі падапечнымі. «За гады сваёй працы ў школе-інтэрнаце я стала сведкай сотняў дзіцячых лёсаў. Дзеці перажылі траўматычныя падзеі на Данбасе — артылерыйскія абстрэлы, вымушанае знаходжанне ў зоне баявых дзеянняў, раненні і страту блізкіх», — расказвае Ірына. Псіхолаг адзначае, што пасля перажытых сітуацый дзеці часта адчуваюць страх, у іх бывае парушэнне сну, узнікаюць цяжкасці ў зносінах з навакольнымі, змяняюцца паводзіны. Нават самае спакойнае дзіця можа стаць гіперактыўным ці замкнуцца ў сабе. У школьнікаў падае паспяховасць з-за зніжэння канцэнтрацыі ўвагі... Па словах спецыяліста, усё гэта — рэакцыі псіхікі на траўматычныя падзеі. Так псіхіка засцерагае сябе ад перагрузак.

«Змена абстаноўкі дапаможа дзецям хоць ненадоўга адцягнуць увагу ад баявых дзеянняў, якія адбываюцца ў родным Данбасе. У гэтым дапамогуць мерапрыемствы, якія ўмацоўваюць іх фізічны і псіхічны стан, развіваюць інтэлектуальны, творчы і спартыўны патэнцыял, станоўча ўплываюць на сацыяльную адаптацыю», — адзначае Ірына Стацэнка. І дадае: нават дарослыя ў «Зубраняці» адчуваюць сябе дзецьмі.

Змена ў «Зубраняці» — не аднаразовая акцыя, гэта толькі пачатак. У планах — запрашэнне на аздараўленне і адпачынак іншых дзяцей. Але на адным энтузіязме, на жаль, нават самыя добрыя справы не робяцца. Таму на сайце Дабрачыннага фонду Аляксея Талая можна зрабіць ахвяраванне на рэабілітацыю дзяцей з Данбаса. Так, па невялікім кроку ад кожнага, будзе зроблена вялікая справа.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: «Вы — вельмі моцныя душы!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».