Вы тут

Прэрагатыва сучаснікаў


Аповесці, апавяданні, а таксама адметныя «Запіскі на хаду» — тое, што прапаноўвае пісьменнік, публіцыст, крытык Алесь Бадак у новым зборніку «Ідэальны чытач», які выйшаў сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». Адзначаецца, што пераважная большасць твораў у розныя гады друкавалася на старонках айчынных і замежных перыядычных выданняў і вядома чытачу, таму паспрабуем звярнуцца да асноўных момантаў, якія хвалююць аўтара, засяроджанага на тэмах пісьменніцтва і чытання.


Дзвюм галоўным пазіцыям зборніка — ідэальнаму і геніальнаму — прысвечаны найперш творы «Ідэальны чытач» і «Дождж ліў як з вядра» адпаведна. У першым апавядальнік разважае пра паняцце ідэальнага чытача і не сумняваецца ў яго існаванні, кажучы, што пераважная большасць пісьменнікаў мараць пра свайго масавага чытача, і толькі нямногія пра ідэальнага, цудоўна разумеючы, што ідэальных (гэта значыць таленавітых) не нашмат больш, чым таленавітых пісьменнікаў. Параўнанні ідэальнага чытання з сапраўдным каханнем, а бяздумнага — з магчымасцю пазбавіцца ад дробных купюр, што абцяжарваюць кашалёк і вымушаюць купляць зусім не патрэбныя рэчы, паказваюць героя паэтам, схільным да супрацьпастаўлення духоўнага і матэрыяльнага, высокага і нізкага. Расказваць, хто ж для яго сапраўдны ідэальны суразмоўца, было б несумленна для простага патэнцыяльнага, але высновы здольны здзівіць. А гэта добры шлях да дыялогу.

У другім апавяданні Алесь Бадак галоўным чынам ставіць адно пытанне і амаль адразу дае на яго адказ. Ці могуць людзі пазнаць генія сярод сваіх сучаснікаў? Не: «называць імя геніяў — гэта прэрагатыва нашчадкаў, а не сучаснікаў». Да таго ж аўтар у асобе свайго героя, пісьменніка з Беларусі, які прыехаў на кніжную выстаўку ў Маскву, безумоўна, выносіць прысуд чытачу: геніі яму непатрэбны, бо яны чужыя ў гэтым свеце, поўным цынізму, пошласці і распусты. Персанаж апавядання разважае толькі пра сучасныя стасункі творцы і «спажыўца» літаратуры, за якімі даводзіцца назіраць. Аднак не абагульняе і не робіць высновы, напрыклад, пра тое, ці можа і ці мог у мінулым геній быць зразуметы нават тымі, для каго зоркі масавай культуры не з’яўляюцца героямі і не варты іх увагі. Пра тое, наколькі неабходна так званым геніям прызнанне і што з гэтым самым прызнаннем рабілі аўтары сапраўдных шэдэўраў: у літаратуры (дарэчы, у творы згадваюцца імёны рускіх пісьменнікаў, а за абсалют бярэцца Леў Талстой, разважанні пра якога часта розняцца, чым выклікаюць яшчэ большую цікавасць і да аўтараў разваг, і да самога класіка), музыцы, кіно, жывапісе…

Аднак размова ў творы ідзе збольшага пра чытача, «геніяльнага суаўтара» і «злога генія літаратуры», ад якога таксама залежыць, што і ў якой колькасці будзе з’яўляцца на паліцах кніжных крам. Герой апавядання «Дождж ліў як з вядра» непахісны ва ўпэўненасці ў нізкіх інтарэсах сучаснай аўдыторыі, і самае страшнае для яго, «калі заўтра з’явіцца геній пароку, які апяе і ўславіць усё тое, што сёння пакуль лічыцца злом, і ўсе будуць ведаць яго імя, і ўсе стануць яму пакланяцца». Гучыць жудасна, і хочацца працягу гэтай пафаснай прамовы пісьменніка перад чужымі чытачамі, прыкладаў, нетрывіяльных спосабаў выйсця з прадбачанай катастрофы, аднак на гэтым моманце філасофскія развагі героя спыняюцца.

Асобная тэма, што хвалюе аўтара, — стасункі з жанчынай, якой, па меркаванні героя апавядання «Ідэальны чытач», гаварыць трэба тое, што яна хоча пачуць. Аднак найбольшую цікавасць у гэтым кірунку выклікае апавяданне «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын», структурна выразнае, смелае і пачуццёвае. Яно не можа не прывабліваць дзякуючы іншаму тыпу героя, крыху адрознага ад даволі статычнага і ў пэўным сэнсе бляклага ў папярэдніх творах. Тут чытача ўзрушае і спрэчная статыстыка («Кожная з пераважнай большасці жанчын хоць раз у жыцці здраджвала свайму мужу, а значыць, здрада — гэта тое, што закладзена ў ёй самой прыродай»), і псіхалізм у апісанні жанчыны, якая здраджвае («…яна сем разоў падумае, перш чым кардынальным чынам памяняць сваё жыццё ці, папросту кажучы, развесціся, і на сёмы раз ёй стане ад гэтых думак так страшна, што, калі яе выпадковы раман нарэшце скончыцца, яна адчуе палёгку»), і прэтэнцыёзнасць некаторых фармулёвак («Адзінота — пакута, калі пакідаюць цябе. Калі пакідаеш ты — яна асалода з лімонным прымешкам шкадавання, якая з часам пераходзіць у супакаенне»). Аднак уся гэтая гульня са стэрэатыпамі разбураецца нечаканым фіналам, трагічнай развязкай, калі ў выніку пісьменнік, той, хто, здаецца, павінен абдумваць кожнае слова, якое трапіць у публічную прастору, вымушаны адчуваць сваю віну за яго.

Пытанне адказнасці за сказанае апошнім часам пераглядаецца, і ці знойдуцца дакладныя схемы і правілы дзеяння для людзей, якія працуюць з іміджам, вобразам у медыя, рэкламай, у рэшце рэшт?

На працягу чытання зборніка было вельмі складана аддзяліць асобу аўтара ад яго персанажаў. Пэўныя драбніцы, згадкі, прыклады блыталі і перашкаджалі скласці ва ўяўленні вобраз таго ці іншага героя з пэўнымі рысамі характару, звычкамі і схільнасцямі. Магчыма, Алесь Бадак ставіў сабе гэта за мэту і наўмысна завяршыў зборнік «Ідэальны чытач» даволі дакладнымі ў датах і асобах «Запіскамі на хаду», дзе расказаў шмат пра сваю творчую біяграфію і погляды на жыццё, творчасць. Няхай запіскі друкаваліся ў тым ліку ў кнізе «Развітанне з вечнасцю» (2019), ідэальны чытач Алеся Бадака будзе ўдзячны за іх уключэнне ў змест новага зборніка.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.