Вы тут

Не дзеля высечкі. Чаму інвестар прыйшоў з дрэваапрацоўчым праектам у Белавежскую пушчу


Некалькі гадоў таму ў Свіслацкім раёне пачалася рэалізацыя самага буйнога ў раёне інвестпраекта. Ён будзе запушчаны вясной будучага года, а цяпер вядзецца актыўнае будаўніцтва. Для раёна гэта даволі добры шанц павялічыць прамысловы патэнцыял і ўзровень заработнай платы. Інвестар патлумачыў, чаму быў выбраны раён, дзе знаходзіцца большая частка Белавежскай пушчы. Аказалася, што справа тут зусім не ў лясным рэсурсе.


Яшчэ здалёк можна ўбачыць, як сярод вялікага поля плошчай 50 гектараў узводзіцца каркас будучага завода. Гэта сэрца прадпрыемства, кажа дырэктар ААТ «ЭйчЭсБелакон» Вітаўтас Сланкаўскас. Ён падрабязна расказвае аб ходзе будоўлі. Маштабы немалыя. На пляцоўцы штодзень працуе некалькі дзясяткаў адзінак тэхнікі і каля 300 будаўнікоў. А пры пачатку мантажных работ колькасць рабочых павялічыцца ўдвая.

— Сюды прыехалі працаваць з Брэста, Мінска, Гродна. Усе яны жывуць у Свіслачы, таму зняць кватэру ў горадзе праблематычна, мабыць, у Мінску гэта прасцей. Мясцовыя жыхары з'язджаюць спецыяльна ў вёску, каб здаць гарадскую кватэру, бо цэны на іх зараз значна падняліся, — між іншым заўважае дырэктар.

Мяркуецца, што будаўніцтва завершыцца вясной наступнага года. Будаўнікі раз'едуцца, але на завод спатрэбяцца іншыя спецыялісты — па профілі прадпрыемства. Гэта ўжо будуць мясцовыя жыхары, якія пройдуць падрыхтоўку ў замежнікаў. Тыя спецыяльна прыедуць для гэтых мэт з Аўстрыі, бо само прадпрыемства — з аўстрыйскім капіталам.

Як расказаў прадстаўнік кампаніі, асноўным відам вытворчасці будзе габляваная дошка, а шчэпкі і апілкі пойдуць для вырабу пелетаў альбо на продаж іншым прадпрыемствам як сыравіна. Мяркуецца дасягнуць магутнасці перапрацоўкі ў 500 тысяч кубоў у год. Прадукцыя будзе прадавацца на міжнародным рынку, сувязі ў кампаніі наладжаны. Падлічаны і эканамічны эфект. Гадавая выручка складзе
60 мільёнаў еўра, гэта ў пяць разоў больш, чым увесь раённы бюджэт. У прадпрыемства ёсць усе шанцы стаць горадаўтваральным. Вядома, падаткі застануцца ў раёне.

Не магу не пацікавіцца, чым прыцягнуў увагу такога буйнога інвестара Свіслацкі раён.

— Не хвалюйцеся, пушчу ніхто пілаваць не будзе, — супакойвае кіраўнік завода. — Кампанія вельмі беражліва ставіцца да лясных рэсурсаў. Мы будзем перапрацоўваць толькі тую драўніну, якая аднаўляецца. Гэта значыць, сертыфікаваную па міжнародных і беларускіх стандартах.

Між тым выбар пляцоўкі для размяшчэння прадпрыемства невыпадковы. Трэба сказаць, што разглядаліся два варыянты — Лідскі і Свіслацкі раёны. Але бізнес-праект аказаўся на карысць апошняга. Чаму? Суразмоўца пералічвае відавочныя плюсы. У першую чаргу — блізкасць граніцы і наяўнасць вузкай («еўрапейскай») чыгуначнай каляіны, а таксама шырокай, звычайнай чыгункі. Важным фактарам з'яўляецца тэрыторыя СЭЗ «Гроднаінвест», якая забяспечвае на некаторы час падатковыя льготы. Ужо зарэгістравана мытная зона для фур.

— Значную дапамогу аказваюць мясцовыя ўлады, з іх боку ёсць зацікаўленасць у тым, каб праект хутчэй запрацаваў, ствараліся працоўныя месцы, — дадаў Вітаўтас Сланкаўскас.

Адкрыццё дрэваапрацоўчага завода забяспечыць работай 250 чалавек. Гэта нямала. Працоўныя месцы — значны плюс для раёна. Як патлумачылі ў Свіслацкім райвыканкаме, гэта стане стымулам для росту заработнай платы ў іншых сектарах эканомікі, у першую чаргу аграрным. Паколькі на заводзе ён стане значна вышэйшы, чым у сярэднім па раёне, улады будуць прыкладаць намаганні, каб і аграрны сектар не адставаў. Інакш пачнецца адток кадраў, што таксама недапушчальна.

Самі інвестары таксама бачаць перспектыву ў адкрыцці прадпрыемстваў на перыферыі і плануюць пасля пуску першай чаргі прыступіць да будаўніцтва другой. З увядзеннем усяго комплексу аб'ём прамысловай прадукцыі раёна ўзрасце з 11 да 80 працэнтаў. З такімі паказчыкамі можна гаварыць аб новым вектары ў эканоміцы рэгіёна.

Для таго каб прывабіць інвестараў, на тэрыторыі СЭЗ пачаўся мантаж новай электрападстанцыі на 63 МгВт, якую плануецца ўвесці ў 2023 годзе, бо пакуль энергарэсурсы абмежаваныя. Тады можна будзе гаварыць і пра новыя прадпрыемствы. У прыватнасці, яшчэ адной кропкай росту можа стаць стварэнне лесапільнай вытворчасці кампаніяй «Сільваў ЛаджыстыкБіУай». У СЭЗ ёю зарэзервавана 45 гектар пад будучую вытворчасць. Як толькі з'явяцца электрамагутнасці, яны ўключацца ў праект. Зараз прадпрыемства, якое працуе некалькі гадоў, займаецца транспартна-лагістычнымі паслугамі і захоўваннем прадукцыі. Тут перагружаюць драўнінна-габлюшкавыя пліты і перапрацоўваюць адходы піламатэрыялаў. У наяўнасці ёсць нават два ўласныя лакаматывы. Адсюль гатовая прадукцыя па вузкай каляіне адпраўляецца спажыўцам у еўрапейскія краіны. Па словах начальніка тэрмінала «Сільва Ладжыстык БіУай» Максіма Лучыца, аб'ёмы перагрузкі даволі значныя — 400 тысяч кубаметраў у год.

Працоўных месцаў не так многа — крыху больш за чатыры дзясяткі. Амаль усе работнікі мясцовыя, са Свіслацкага раёна. Магчыма, іх колькасць павялічыцца, бо магутнасці тэрмінала паступова нарошчваюцца з-за росту попыту на такія паслугі.

Вяртаючыся да размовы з дырэктарам прадпрыемства «ЭйчЭсБелакон», заўважаю, што літовец даволі добра валодае рускай мовай. І справа тут не ў мясцовых каранях. Аказваецца, Вітаўскас ужо восем гадоў жыве ў Беларусі. Яго кампанія адкрыла тут некалькі вытворчых аб'ектаў. Першы быў у Магілёве, другі — у Барысаве. У Свіслачы распачаты трэці праект.

— Мне тут вельмі падабаецца. Добра сябе адчуваю ў Беларусі і тут, у Свіслачы. Людзі працавітыя, ветлівыя і добрыя, — кажа на развітанне прадстаўнік інвесткампаніі. — Спадзяюся, што гэта не апошні наш праект.

Дарэчы, у райвыканкаме паведамілі, што цікавасць да раёна праяўляе і літоўская кампанія, і гэта прапанова разглядаецца. Тут не збіраюцца адмаўляцца ад выгадных інвестыцый.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».