Вы тут

Стомленая зямля пад чырвоным сонцам


Зусім нядаўна Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва прадставіла праект «Класікі — сучаснікі». Мэта своеасаблівай праграмы, якая ажыццяўляецца сумесна Музеем гісторыі горада Мінска і Беларускім саюзам мастакоў, — папулярызацыя айчынных творцаў. Летась у межах праекта арганізатары экспанавалі работы народных мастакоў Васіля Шаранговіча, Івана Міско, Уладзіміра Тоўсціка, Леаніда Шчамялёва, аднак сёлета вырашылі змяніць фармат у бок персанальных выставак. Першай у серыі стала экспазіцыя народнага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі пад назвай «Вобразы. Акварэль. Пастэль»: дэманструюцца акварэлі і пастэлі з сямейнай калекцыі, якія раней не былі даступны шырокаму колу гледачоў.


Фрагмент экспазіцыі «Вобразы. Акварэль. Пастэль».

У першую чаргу творчасць жывапісца асацыіруецца з манументальнымі творамі: Гаўрыіл Вашчанка быў заснавальнікам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце і вядомы ў першую чаргу як майстар буйных форм. Між тым у майстэрні жывапісца захавалася шмат выдатных акварэляў і пастэляў, якія чакалі свайго часу. Экспазіцыя ў галерэі твораў Л. Шчамялёва дазваляе паглядзець на мастака з іншага ракурсу, няхай у графіцы няма адмаўлення ад класічных, звыклых у тым ліку для гэтага творцы жанраў, у прыватнасці, пейзажа і нацюрморта. На выстаўцы ў некалькіх залах прадстаўлены не адзін дзясятак работ, створаных у перыяд з канца 1990-х да 2000-х гадоў. Мастак і дызайнер Канстанцін Вашчанка, сын творцы, які выступіў куратарам, падкрэсліў, што гэта толькі частка таго, што захоўваецца ў сямейнай калекцыі.

— Цудоўна, што бацька пакінуў такі вялікі пласт работ — розных і цікавых, — і іх можна экспанаваць яшчэ шмат разоў так, што кожная выстаўка будзе абсалютна новай, — расказаў Канстанцін Вашчанка. — Гэты праект адметны тым, што тут экспануюцца акварэлі і пастэлі, якія мала хто ўвогуле бачыў.

Усе ў большай ступені прызвычаілася да таго, што Гаўрыіл Харытонавіч пісаў алеем, а тут невялікія па памеры работы, выкананыя акварэллю.

У графічных работах аўтар эксперыментаваў з фактурамі: у некаторыя з работ дадаваў парафін, соль. Працаваў ён і ў тэхніках ала прыма, лесіроўкі і іншых. У пераважна стрыманых работах Гаўрыіла Вашчанкі — пэўная колькасць мастацкіх сродкаў і максімум выразнасці. Відавочна, што мастаку ўдавалася выяўляць не толькі ўласную індывідуальнасць, але і самабытную культуру беларусаў: сустракаюцца шматлікія вобразы і сімвалы, характэрныя менавіта для нашай культуры. Найярчэйшы прыклад пералічаных складнікаў — «Стомленая зямля» (1996): жнівень, спакойны дзень, поле са стагамі, удалечыні вёска з царквой — і, натуральна, высокая і ледзь закругленая лінія гарызонта. Нездарма многія карціны Гаўрыіла Вашчанкі параўноўваюць з нечым зямным і залатым.

— Гаўрыіл Вашчанка быў першым мастаком, які дакрануўся да такога колеру, што спараджала зямля, — адзначыла падчас адкрыцця выстаўкі мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Гэта былі колеры бульбы, цыбулі, каранёў і самой зямлі. Яны складаныя і тонкія, сціплыя і багатыя. Мяне заўсёды здзіўляла, што майстар, які выхаваў такую вялікую колькасць выдатных манументалістаў, быў вельмі пяшчотным мастаком. Менавіта пяшчоту паказалі людзі, якія рыхтавалі выстаўку.

У творчасці мастака вельмі часта можна сустрэць буслоў, свяшчэнных для беларусаў птушак. Да таго ж родная вёска мастака Чыкалавічы знаходзілася паміж дзвюма рэкамі — 8 км да Прыпяці і 9 км да Дняпра, і ўвесну, калі разліваліся рэкі, вакол утваралася велізарная прастора вады, і, натуральна, туды зляталася вельмі шмат буслоў. Дзякуючы ў тым ліку такой з’яве, мастаку перадалося паважлівае стаўленне да гэтай грацыёзнай птушкі. Магчыма, паўплывала на частае выкарыстанне вобраза бусла лаканічнасць у яго афарбоўцы: кантрасныя колеры — чорны, белы, чырвоны — вельмі ўдала ўпісваліся ў дзіўныя работы мастака. Яскравы прыклад на выстаўцы — поўная пяшчоты кампазіцыя «Палескае лета» (1992). На больш выразным кантрасце, проціпастаўленні колераў і адценняў працуюць многія творы аўтара. Сярод іх — «Божае вока» (2004): асенні пейзаж, на якім адлюстравана блакітнае возера. Вельмі часта майстар вылучаў сонца, але заўсёды па-рознаму: «Верасень» (2004) паказвае яго амаль рудым; «Самотнасць» (2004) — у адценнях выцвілага граната; у «Аднаўленні» (1992) сонца нагадвае выбух; адна з работ мае вычарпальную назву «Чырвонае сонца» (1992). Аднак не толькі святло, але і ноч вельмі прываблівала мастака, пра што кажуць даволі змрочныя творы «Нараджэнне поўні» (2000), «Поўня» (2010), «Рабінавая ноч» (2009), «Блакітная ноч» (2008), «Сярэбраная ноч» (2008), «Бэзавая ноч» (2012), «Ліпеньская ноч» (1984), «Купалінка» (2005), «Скрыжаванні» (2002)…

— Колькі гадоў няма на свеце Гаўрыіла Харытонавіча, а мы і цяпер маем магчымасць акунуцца ў яго лабараторыю, звярнуцца да яго першапачатковых імпульсаў, якія ён атрымліваў ад таго, што бачыў, як ён гэта пераасэнсоўваў, — адзначыў яго сябар і сусед, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — Настолькі шырокі спектр інтарэсаў аднаго чалавека з адным светапоглядам: ад японскай вытанчанасці акварэлі з беларускімі бусламі да таямнічага бэзу. Здавалася б, мы ведаем, што манументальнае мастацтва — мастацтва вялікіх ідэй і фарматаў. Але ён быў вельмі лірычны і вельмі шчыры нават у гэтых вялікіх рэчах.

Выстаўка народнага мастака Беларусі будзе доўжыцца да 26 верасня. Дарэчы, невыпадкова яна знаходзіцца ў галерэі імя Леаніда Шчамялёва. Творцы сябравалі, жылі ў адным доме. Як слушна заўважыў Уладзімір Тоўсцік, абодва былі вернымі песнярамі беларускай зямлі, толькі адзін яе паўночнай вобласці, Віцебшчыны, а другі — паўднёвай, Палесся.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».