Вы тут

«Калі не ведаеш грыб, не бяры!»


Сезон грыбоў у самым разгары, і аматары ціхага палявання кожныя выхадныя спяшаюцца ў лес. І тут як на рыбалцы: пашанцуе — добра, калі не — не бяда. «Галоўнае, гэта працэс!» — упэўнена тэлевядучая АНТ Кацярына Цішкевіч. «Далёка не ўсе людзі ўмеюць збіраць грыбы і шчыра здзіўляюцца, як у іншых гэта атрымліваецца. На самой справе ўсё даволі проста. Вучыце матчастку! Перад тым, як ісці ў лес, даведайцеся пра характэрныя асаблівасці роста тых ці іншых грыбоў, а таксама пазнаёмцеся з атрутнымі відамі,» — гаворыць телевядучая. Кацярына шчыра і з гумарам расказала, хто навучыў яе збіраць грыбы і пядзялілася сваімі любімымі рэцэптамі грыбных страў. 


Усё пачынаецца з сям’і

Збіраць грыбы мяне навучылі бацькі. Разам мы наведалі амаль ўсе грыбныя месцы на Случчыне. Памятаю, як з надыходам сезона матуля і тата бралі нас з братам з сабою ў лес. Для мяне гэта была цэлая падзея. Мы бралі кошыкі, садзіліся ў машыну і дружна і весела адпраўляліся ў маленькае падарожжа. Тата заўсёды хадзіў па лесе адзін, я збірала грыбы побач з матуляй. Памятаю, як яна шчыра радавалася кожнаму знойдзенаму баравіку ці падасінавіку, як захапялася іх прыгажосцю. Расказвала пра асаблівасці грыбоў, тлумачыла, якія з іх ядомыя, а якімі можна атруціцца. Грыбы мы збіралі розныя: лісічкі, баравікі, бабкі, падасінавікі, падбярозавікі, сыраежкі, зялёнкі, падзялёнкі, апенькі, ваўнянкі, грузды. Кожнаму віду свой час. У лесе я старалася быць вельмі ўважлівай, каб не прапусціць ніводнага грыба, бо сямейныя спаборніцтвы па колькасці і якасці сабраных грыбоў ніхто не адмяняў. Абавязковай фінальнай часткай ціхага палявання з’яўляўся пікнік у лесе. Памятаю, як смачна было есці на свежым паветры! На жаль, на гэтым самая прыемная частка паездкі ў лес заканчвалася. Прыехаўшы дамоў, трэба было дапамагаць матулі сартаваць, перабіраць і мыць грыбы. Скажу шчыра, жаданне рабіць гэта як правіла было не моцным. Чыстыя грыбы раскладваліся па каструлях і варыліся на працягу 1,5-2 гадзін. Водар у доме быў неверагодна прыемным! Стравы з грыбоў гатаваліся розныя. Лісічкі смажылі на алеі з лукам і смятанай. Баравікі марынавалі або сушылі, каб дадаваць ў шчы зімой. Ваўнянкі і грузды салілі. 

Сямейныя традыцыі працягваюцца 

Мая любоў да ціхага палявання з гадамі не знікла. І ўжо я вучу сваіх дзяцей, ідучы па лесе, быць уважлівымі, умець знаходзіць грыбы і класці ў кошык толькі тыя, якія можна есці. Любімыя месцы для такіх вандровак — прыгожыя лясныя масівы Лагойшчыны. Зараз, як і ў дзяцінстве, паход па грыбы для мяне — гэта цэлы рытуал. Па-першае, патрэбна адпаведная для леса экіпіроўка: аддзенне з плотнай тканіны, гумовыя боты, галаўны ўбор. Не забыцца на спецыяльны кошык і маленькі ножык. Самыя любімыя грыбы — лісічкі. Нездарма іх так назвалі! Акрамя прыгожага яркага колеру, яны вельмі хітра растуць. Калі ўбачыў лісічку, трэба ўважліва агледзецца вакол. Абавязкова заўважыш яшчэ і не адну. Калі пашанцуе, то на адным месцы можна назбіраць аж палову кошыка! У такія моманты адчуваеш сапраўдны паляўнічы азарт! Пры зборы грыбоў я заўсёды карыстаюся адным важным правілам: калі не ведаеш грыб, не бяры! 

Любімыя грыбныя стравы 

У маім дамашнім меню стравы з грыбоў займаюць сваё ганаровае месца. Каб гастранамічнае задавальненне не залежала ад сезона, рэкамендую нарыхтоўваць грыбы на зіму. Самы просты спосаб — гэта замарожванне. Такія грыбы можна захоўваць на працягу года і гатаваць з іх усё, што заўгодна. Ну, а калі запасы дароў лесу скончацца да пачатку наступнага грыбнога сезона, можна набыць альтэрнатыўныя варыянты: шампіньёны ці дрэўнавушкі. 

Дранікі з лісічкамі і вяндлінай.

Вам спатрэбіцца: 

  • бульба — 600 г;
  • яйкі — 1 шт.; 
  • мука пшанічная — 2 ст. л.;
  • лук — 1 шт.; 
  • вяндліна — 100 г;
  • лісічкі — 200 г.; 
  • алей
  • соль 

Як гатаваць? 

  1. Бульбу ачысціць, памыць, нарэзаць і разам з лукам, здрабніць у блендары. 
  2. Дадаць яйка, муку, соль. Змяшаць. 
  3. Лісічкі зварыць і разам з вяндлінай дробна нарэзаць. Дадаць бульбяную масу. Змяшаць. 
  4. Смажыць дранікі на алеі з дзвюх бакоў да залацістага колеру. 

Фаршыраваныя шампіньёны

Вам спатрэбіцца:

  • шампіньёны — 10 шт.;
  • сыр — 50 г;
  • вяршкі — 40-50 мл;
  • мука — 1 ст. л.;
  • часнык — 1 зубок;
  • соевы соус;
  • чорны молаты перац;
  • соль. 

Як гатаваць? 

  1. Шампіньёны памыць і прасушыць. Выдаліть ножку і зняць лупіну.
  2. Заслаць форму для запякання пергаментам і палажыць капялюшыкі грыбоў. 
  3. У кожны капялюшык наліць крыху соевага соуса. 
  4. Ножкі шампіньёнаў мелка нарэзаць. Смажыць на алеі на працягу 5 хвілін. Дадаць часнык, соль і перац. 
  5. Наліць у патэльню з грыбамі вяршкі, дадаць муку. Змяшаць і стамляць на маленькім агні яшчэ 3 хвіліны. 
  6. Пакласце начынне ў капялюшыкі шампіньёнаў і пасыпаць цёртым сырам. 
  7. Запекчы грыбы ў духоўцы. 

Гародніна з грыбамі. 

Вам спатрэбіцца: 

  • грыбы дрэўнавушкі (ці лясныя грыбы) — 250-300 г;
  • перац балгарскі — 1 шт;
  • морква — 1 шт;
  • маладыя кабачкі — 2 шт;
  • памідоры — 2 шт;
  • соль, часнык, спецыі па густу;
  • кінза;
  • насенне белага кунжута.

Як гатаваць? 

  1. Грыбы і гародніну па чарзе абсмажыць на алеі на працягу 5 хвілін. Пакласці ў мультыварку. Дадаць часнык. 
  2. Тушыць 25 хвілін. Пасаліць, дадаць спецыі. 
  3. Палажыць на сервіравальную талерку, пасыпаць сечанай кінзой і насеннем кунжута. 

Прыемнага апетыта!

Кацярына ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.