Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі правяла прыём грамадзян у Ляхавічах


Сёння да Наталлі Качанавай прыйшлі як мясцовыя жыхары, так і сталічныя: усяго на асабісты прыём запісалася больш за 70 чалавек. 


У гутарцы з журналістамі спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла: фізічна такую колькасць жадаючых вельмі складана прыняць, але калі людзі прыйшлі, значыць, іх хвалюе нейкая праблема: таму выслухаць, пачуць і дапамагчы — гэта галоўная задача дэпутацкага корпуса. 

— Мы будзем рабіць усё магчымае, каб сустракацца з людзьмі, чуць і прымаць усіх, хто жадае прыйсці на прыём да членаў Савета Рэспублікі, — падкрэсліла яна.

Дарэчы, сёння ў Брэсцкай вобласці адзіны дзень прыёма праводзяць усе члены Прэзідыума Савета Рэспублікі і сенатары, якія абраныя ў верхнюю палату парламента ад гэтага рэгіёна. 

— Такую форму работы ўпершыню апрабавалі ў Мінскім раёне і вырашылі, што яе неабходна распаўсюдзіць на ўсю вобласць, — расказала ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава, аналізуючы практыку правядзення адзіных дзён прыёма сенатарамі ў рэгіёне.

Яна патлумачыла схему работы: у першы дзень сенатары праводзяць прыёмы грамадзян па ўсёй вобласці, а на другі — падводзяць вынікі на выязным прэзідыуме Савета Рэспублікі, куды запрашаюцца мясцовыя органы ўлады, старшыні раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў: 

— Тых, для каго работа ў акрузе (у прыватнасці, дэпутата мясцовага Савета, члена Савета Рэспублікі) і правядзенне прыёмаў па асабістых пытаннях — асноўны кірунак дзейнасці, — падкрэсліла важнасць такой работы спікер верхняй палаты парламента.

Ацэньваючы выніковасць такой формы работы, Наталля Качанава адзначыла яе эфектыўнасць і падкрэсліла: 

— Нашу форму работы ўжо пераймаюць іншыя дзяржаўныя органы ўлады і гэта добра, — лічыць яна. 

Старшыня Савета Рэспублікі звяртае ўвагу на тое, што магчымасць пачуць і ўбачыць праблему на месцы, а ў далейшым абмеркаваць найбольш вострыя пытанні на Прэзідыуме, дазваляюць не толькі аператыўна вырашаць праблемныя тэмы на мясцовым узроўні ўлады, але акцэнтаваць увагу тых, хто працуе з законапраектамі. 

— Кожны раз пасля правядзення такіх прыёмаў мы разумеем, дзе вузкія месцы і трэба працаваць больш эфектыўна, — падкрэсліла яна. 

Акрамя таго, выезды ў рэгіёны даюць магчымасць пазнаёміцца з кіраўніцтвам мясцовага рай- і гарвыканкамаў і зрабіць адпаведныя высновы, ба кадравай палітыцы ў нашай краіне надаецца вялікае значэнне. 

Аддаючы выбар таму ці іншаму рэгіёну, спікер Савета Рэспублікі адзначыла, што імкнецца пабываць там, дзе яшчэ не была, каб разабрацца, паглядзець, убачыць, чым жыве населены пункт.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб спецыфіцы зваротаў жыхароў Брэсцкага рэгіёна, Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што, сапраўды, такая спецыфіка існуе:

— Тут жывуць людзі, якія прывыклі шмат працаваць, разумеючы, каб жыць годна, трэба аддана падыходзіць да сваёй справы, — кажа яна. — На Брэстчыне людзі так і працуюць: гэта фермерскія гаспадаркі, тыя, хто займаецца ўласнай вытворчасцю, працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Людзі прыходзяць да ўлады і кажуць: дайце яшчэ зямлі, дапамажыце ў набыцці тэхнікі, то бок людзі хочуць работы і яны не чакаюць, што нехта прыйдзе і зробіць замест іх. 

Спікер верхняй палаты парламента пераканана: трэба людзям дапамагаць у вырашэнні такіх пытанняў, напрыклад, фермеру з Ляхавіцкага раёна Дзмітрыю Самсону, які прыйшоў сёння на прыём да Наталлі Качанавай. Раней мужчына займаўся развядзеннем трусоў, але з-за нерэнтабельнасці вядзення такога бізнесу і праблем з пастаўкай камбікармоў вымушаны быў адмовіцца ад утрымання 16 тысяч галоў і паставіць справу на паўзу. Зараз вырошчвае бульбу, часнок і клубніцы. Штогод сутыкаецца з праблемамі па ўборцы салодкай ягады, бо сезон яе нядоўгі, а рук не хапае, і нарэшце, ёсць праблемы са збытам ў Баранавічах, у тым ліку звязаныя з папяровай тэмай:

— Навошта трэба кожны раз браць даведку з сельсавета аб вырашчанай прадукцыі, калі ў мяне ёсць пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі фермерскай гаспадаркі? — задаецца пытаннем Дзмітрый Аляксандравіч. 

Другое пытанне, якое агучыў заяўнік, датычылася энергазабеспячэння яго фермерскай гаспадаркі. Ён не разумее, чаму як юрыдычнай асобе яму неабходна трымаць у штаце энергетыка, а звычайнай асабістай фермерскай гаспадарцы з такім жа энергавыкарыстаннем — не. Нелагічна, лічыць фермер. 

Спікер верхняй палаты парламента даручыла разабрацца з першым пытаннем фермера мясцовым органам ўлады — старшыням райвыканкама і аблвыканкама, па другім — Мінэнерга. 

З пытаннем, якое вельмі хвалюе выбаршчыкаў акругі, да Наталлі Качанавай прыйшоў старшыня Конькаўскага сельсавета Ляхавіцкага раёна: Дзмітрый Багушэвіч папрасіў дапамагчы з арганізацыяй нармальных транспартных зносін з вёскай Зарэчча, шлях да якой пракладзены праз масток. Магчымасці гэтага інжынернага збудавання не дазваляюць карыстацца ім спецтэхніцы, напрыклад, калі ўзнік пажар, машына выратавальнікаў не змагла дабрацца да месца здарэння. Зараз у вёсачцы жывуць 9 чалавек, але калі наступае цёплы сезон — вёска ажывае і становіцца шматлюднай, таму што ёсць цікавасць гараджан да гэтых мясцін і пустыя дамы тут ахвотна купляюць. 

Бяспека і зручнасць для людзей — адны з важных пытанняў, пераканана Старшыня Савета Рэспублікі:

— Няма не нашых пытанняў, усе яны нашы: запісаўся чалавек, прыйшоў і яго трэба выслухаць. Так пабудавана наша палітыка: чалавек — перш за ўсё, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Пацікавілася яна і мэтазгоднасцю сумяшчэння функцый кіраўніка выканаўчай і прадстаўнічай улады ў адной асобе, а таксама неабходнасцю існавання дэпутацкага корпуса ў сельскай мясцовасці.

Дзмітрый Багушэвіч абраны на першы тэрмін ў бягучым 28-м скліканні, але атрыманы вопыт сведчыць, што сістэму мясцовага самакіравання трэба мадэрнізаваць. 

Акрамя таго, старшыня сельвыканкама расказаў, што ў Конькаўскім сельсавеце 13 вёсак, у якіх жывуць 1600 чалавек. 

Прыехалі на прыём у Ляхавічы і сталічныя жыхары, якія хацелі расказаць аб тым, што іх хвалюе. Пара сужэнцаў сцвярджала, што беларускім грамадзянам вельмі складана ўсынавіць дзяцей, бо Нацыянальны цэнтр па ўсынаўленні дзейнічае не заўсёды ў іх інтарэсах. Яны вельмі падрабязна расказалі гісторыю аб тым, як тройчы спрабавалі ўсынавіць дзяцей, але пад рознымі падставамі гэта не атрымлівалася. 

Наталля Качанава паабяцала разабрацца з гэтым няпростым пытаннем асабіста: для гэтага яна даручыла сабраць нараду, а перад яе правядзеннем — завітаць у Нацыянальны цэнтр па ўсынаўленні. 

— Мы хочам, каб дзеці былі ў сем’ях, — падкрэсліла яна прыярытэт дзяржаўнай сямейнай палітыкі. — Я асабіста займуся гэтым пытаннем, з’езджу, разбяруся, і мяркую, мы вам дапаможам.

Другая сталічная жыхарка Таццяна Данілава прыйшла з нагоды скасавання дамовы долевага будаўніцтва трохпакаёвай кватэры на вуліцы Купрэвіча ў Мінску і вяртання сваіх грошай. Дарэчы, тэма будаўніцтва гэтага шматпавярховіка для Наталлі Качанавай знаёмая: на мінулым прыёме грамадзян, які яна праводзіла ў Фрунзенскім раёне сталіцы, да яе звярталіся з аналагічнымі просьбамі. Тады ўсім зацікаўленым грошы вярнулі, але, як высветлілася, толькі тым, хто агучыў гэтае пытанне на ўзроўні Савета Рэспублікі. Дзяўчына пажалілася, што ўкладзеныя 90 тысяч долараў яна вярнуць пакуль не можа, а калі гэта нарэшце адбудзецца — індэксацыя «з’есць» некаторую частку гэтай сумы. 

Старшыня Савета Рэспублікі даручыла старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву ўзяць пытанне на асабісты кантроль, каб забудоўшчык прытрымліваўся распрацаванага ім графіка вяртання грошай і чарговасці выплаты дольшчыкам.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.