Вы тут

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна


Аліна і Андрэй узялі шлюб, калі ім было амаль па дваццаць. Здавалася, што іх каханне настолькі вялікае, што проста не ўмяшчаецца ў іх адных, таму патрэбен яшчэ чалавечак, каб яны абодва маглі любіць і яго. Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. Праз паўгода сумеснага жыцця цяжарнасць у Аліны не наступіла, і яна звярнулася ў паліклініку. Урач толькі пасмяялася: маўляў, маладыя яшчэ, пачакайце, тым больш што ўсе аналізы былі ў норме. Аліна паверыла. Прайшло яшчэ два гады, але дзіця ў сям'і так і не з'явілася.


Фота: pixabay.com

«Гэта быў удар...»

Маладых накіравалі ў РНПЦ «Маці і дзіця», у цэнтр планавання сям'і. З таго моманту іх жыццё змянілася. Аказалася, праблема ў Аліны — з праходнасцю труб, патрэбна аперацыя. Пасля аперацыі, здавалася, усё наладзілася. І сапраўды, хутка тэст паказаў дзве запаветныя палоскі, але... Цяжарнасць аказалася пазаматачная.

— Гэта быў сапраўдны ўдар для мяне, — успамінае Аліна. — Столькі надзей, мар — і ўсё разбілася ў адзін момант. Мяне зноў паклалі ў бальніцу... А потым — невыноснае пачуццё спустошанасці. Мне патрэбен быў час, каб прыйсці ў сябе, адпачыць ад лекараў, працэдур, аналізаў...

Псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Вольга ВАРАНЬКО кажа, што такія пачуцці якраз і характэрныя для жанчыны, якая страціла дзіця. Віна, сорам, крыўда, расчараванне, жаданне ўсё забыць, пачаць усё нанова... Часам жанчыны адразу пачынаюць планаваць новую цяжарнасць ці ўвогуле вырашаюць больш не нараджаць. Блізкія таксама па-рознаму могуць рэагаваць: некаторыя баяцца сказаць нешта не тое або празмерна апякаюць, бывае, што асуджаюць жанчыну ці прымяншаюць праблему. На самай справе галоўнае — быць побач і выслухоўваць чалавека ў такія моманты, выказваць «маўклівую падтрымку», клопат (прынесці чай, накрыць пледам і іншае).

Важна зразумець, што са страчаным дзіцем неабходна развітацца. Трэба прызнаць, што яго адыход — такі ж рэальны, як адыход любога іншага чалавека. Проста яно пражыло вельмі мала. Усе рэакцыі ў такі перыяд нармальныя: нармальна плакаць, крычаць, нармальна маўчаць, злавацца на ўсіх. Гэта натуральная здаровая рэакцыя псіхікі на падзею, якая траўмуе. Калі ж па нейкіх прычынах гэтага не адбываецца, то эмоцыі «замарозяцца» і знойдуць выйсце ў іншым.

На «адпрацоўку» гора можа спатрэбіцца шмат часу, гэта таксама нармальна. Жанчына павінна даць сабе час, каб прыняць усё, што з ёй адбылося. Па магчымасці больш гаварыць, дзяліцца тым, што ў яе ўнутры. Але ж не забывайце і пра пачуцці бацькі, які таксама перажывае.

Аналізы, таблеткі, працэдуры...

Аліна і Андрэй, апантаныя жаданнем завесці дзіця, праз год зноў пайшлі да спецыялістаў. І зноў аналізы, працэдуры, спецыяльныя моцныя прэпараты... Той раз Аліна з трапятаннем рабіла тэст. Дзве палоскі! Гэта быў сапраўдны цуд. Яна адразу пачала берагчы сябе і, канешне, не забараняла сабе марыць. Аліна ўяўляла, як будзе набываць прыгожае адзенне для немаўляці, як будзе гуляць у парку з мужам і любімым, доўгачаканым дзіцем. І не важна, хлопчык народзіцца ці дзяўчынка, гэта будзе самае любімае дзіця...

Усе мары абарвала фраза ўрача: «У вас цяжарнасць замерла».

— Я доўга не магла прыйсці ў сябе, — гаворыць Аліна. — Зноў страціла дзіця! Муж суцяшаў як мог, але, здавалася, мяне ўжо нічога не можа ўзрадаваць. Чамусьці стала адчуваць сябе жанчынай «з бракам». Урачы разводзілі рукамі...

Да псіхолагаў Аліна ісці не рашылася. Стала шукаць групы падтрымкі жанчын, якія таксама не могуць зацяжарыць. У адным з чатаў даведалася, што такіх, як яна, шмат. Здавалася, там людзі разумелі і ведалі ўсё: як і калі трэба здаваць аналізы, як перажыць няўдалую спробу ЭКА (экстракарпаральнае апладненне), да якіх спецыялістаў звяртацца ў пэўных выпадках. У суполцы разам перажывалі і гора, і, канешне, радасць, калі некаму ўдавалася зацяжарыць і нарадзіць.

Аліна з мужам назбіралі грошай і рашылі паспрабаваць ЭКА. Атрымалася з першага разу! Сэрца малога білася, і гэта было самай лепшай музыкай для будучых бацькоў. Таму, калі ўрачы сказалі, што цяжарнасць зноў замерла, Аліна не адразу паверыла. Асэнсаванне прыйшло пазней: яе дзіцяці больш няма...

— Што далей?.. Нам патрэбна было знайсці 4 мільёны (на старыя грошы), каб зрабіць тэст на сумяшчальнасць, — успамінае Аліна. — На той час велізарная сума. Але мы назбіралі і зрабілі тэст. Аказалася, што мы з мужам не падыходзім адно аднаму. Генетычна. Калі прымітыўна тлумачыць, то мой арганізм успрымаў дзіця ад мужа як мутацыю ўласных клетак і атакаваў яго. У чаце жанчыны мне параілі маскоўскага прафесара, ён выпісаў кроплі, якія павінны былі дапамагчы мне зберагчы малога. Лякарства мы паехалі набываць у Маскве, бо выходзіла гэта значна танней, чым набываць у нас. Наперадзе мяне чакала яшчэ адна спроба ЭКА.

Аналізы, таблеткі, балючыя працэдуры, токі, магніты... Для Аліны ўсё гэта было часткай жыцця цэлыя восем гадоў. А потым — нараджэнне сына, шчасце і ціхая радасць. Усё ў іх атрымалася. Дзеля гэтага мужчына і жанчына няспынна працавалі і адкладвалі грошы. Адна спроба ЭКА тады каштавала каля 2000 долараў, і пры гэтым гарантыі ўрачы нікому не давалі — гэта была плата за надзею і шанц мець дзіця.

Усё ў іх атрымалася

Паводле статыстыкі, у нашай краіне з праблемай бясплоднасці сутыкаецца кожная шостая пара. Прычым актуальнае пытанне як для жанчын, так і для мужчын.

— У нашай краіне распрацаваны дакладны алгарытм правядзення медыцынскіх абследаванняў і лячэння бясплоддзя, — гаворыць член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марына Шкроб. — Вядома, пра тое, каб адразу звяртацца да метадаў дапаможнай рэпрадукцыі, гаворка не ідзе. Гэта, можна сказаць, крайняя мера. Але калі лячэнне не прыносіць жаданага выніку і ўрач дае адпаведныя рэкамендацыі, зацягваць не варта. Прыродай закладзена: чым жанчына старэйшая, тым менш у яе шанцаў зацяжарыць і вынасіць дзіця. Таму важна пачаць спробы ЭКА своечасова. Ужо з 2021 года бясплодным парам адна спроба ЭКА даецца бясплатна. Зрабіць цыкл ЭКА больш даступным дзяржава імкнулася і раней — ужо шмат гадоў дзейнічае льготнае крэдытаванне дадзенай працэдуры. Але цяперашняя мера падтрымкі больш істотная. Трэба сказаць, яна адпавядае сусветным тэндэнцыям. У шэрагу заходніх краін таксама прапануюць адну бясплатную спробу ЭКА, некаторыя пайшлі далей — без аплаты праводзяць некалькі цыклаў.

Для таго каб скарыстацца магчымасцю зрабіць ЭКА бясплатна, патрэбна, каб у пары быў афіцыйна зарэгістраваны шлюб, узрост жанчыны — не больш за сорак гадоў і медыцынскія паказанні для гэтага.

У нашых рэпрадуктолагаў назапашаны вялікі вопыт, у цэнтрах выкарыстоўваюць сучасныя методыкі, прэпараты, рэгулярна абнаўляецца медыцынскае абсталяванне. Паказчык выніковасці ЭКА ў Беларусі лічыцца высокім, цяжарнасць пасля правядзення працэдуры надыходзіць больш чым у 40 % выпадкаў. Тым, каму метады дапаможнай рэпрадукцыі паказаны, бясплатную дапамогу будуць гатовыя аказаць у дзяржаўных медыцынскіх цэнтрах.

Нярэдка пасля нараджэння першага дзіцяці (з дапамогай ЭКА) жанчыны са здзіўленнем выяўляюць, што зноў чакаюць малога. Сыходзіць найцяжэйшы стрэс, выкліканы праблемамі з бясплоддзем, і ўжо натуральным шляхам надыходзіць новая цяжарнасць. Так здарылася з Алінай. Сёння яна — шматдзетная мама, якая прайшла даволі няпросты шлях да сваёй мары — любіць і гадаваць дзяцей. Цяпер такая ж магчымасць з'явілася ў яшчэ большай колькасці бясплодных пар.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Няпросты шлях да радасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.