Вы тут

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа


Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну (імя зменена) дома. Некаторы час яна не магла зразумець, што адбываецца. Пасля сцяміла, што гук даносіцца з боку пажарнага апавяшчальніка. Падышла бліжэй, каб адключыць, але не здолела ўспомніць, як гэта зрабіць. Гул не спыняўся, і думкі Веры Васільеўны сталі блытацца. Раптам жанчына прыгадала кароткі нумар…


— Я памятаю, як гучна верашчаў гэты апавяшчальнік, — успамінае спецыяліст па псіхасацыяльнай падтрымцы і каардынатар інфалініі Чырвонага Крыжа Валянціна РАКЕЦКАЯ. — Па голасе жанчыны было зразумела, што яна вельмі напалохана. Паспрабавала яе супакоіць і паабяцала ператэлефанаваць. Сама тут жа набрала МНС. Там аператыўна вырашылі праблему з пажарным апавяшчальнікам.

Валянціна непакоілася за жанчыну, і, як толькі праблема з апавяшчальнікам была вырашана, тут жа пачала набіраць Веру Васільеўну. Аказалася, пенсіянерка ад хвалявання пакінула няправільны нумар тэлефона. Але Валянціна не разгубілася і зноў ператэлефанавала ў МНС, каб па адрасе даведацца нумар тэлефона. Калі яна ўсё ж знайшла жанчыну, у той ужо развілася панічная атака — прыступ цяжкай трывогі, які суправаджаўся сэрцабіццем, болем у грудзях, галавакружэннем, павярхоўным дыханнем. Спецыяліст выклікала «хуткую» і да прыезду ўрачоў працягвала размаўляць з жанчынай.

Амаль за паўтара года работы на інфалініі Чырвонага Крыжа Валянціна выводзіла старых з задымленых дамоў, чакала прыезду ўрачоў да тых, хто знаходзіўся ў крытычным стане, дапамагала людзям у пошуку шляхоў рэпатрыяцыі памерлых і многае іншае. Яна ніколі не бачыла гэтых людзей, толькі чула іх голас па тэлефоне.

Першапачаткова работа інфалініі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) была накіравана на аказанне псіхасацыяльнай падтрымкі падчас пандэміі пажылым людзям, якія знаходзіліся на самаізаляцыі і маглі адчуваць адзіноту або ім патрэбна была дапамога ў дастаўцы лекаў і прадуктаў ці іншая дапамога валанцёраў. І ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі большасць запытаў датычылася якраз інфармавання пра спосабы аховы ад каранавіруса, пераадолення страху перад невядомай хваробай і трывог. Сёння кола праблем, якія дапамагаюць вырашаць валанцёры інфалініі, значна шырэйшае.

— Цяпер мы аказваем псіхасацыяльную падтрымку ў крытычных сітуацыях, калі чалавек не ў сілах справіцца з негатыўнымі эмоцыямі, страхам і трывогай. Уважлівасць, спагадлівае слуханне дапамагае людзям супакоіцца і спрыяе абмеркаванню магчымасцяў для пераадолення складанай сітуацыі, — кажа каардынатар інфалініі. — Разам з тым мы дапамагаем знайсці кантакты арганізацый для вырашэння медыцынскіх пытанняў, дапамагаем атрымаць кансультацыю, як арганізаваць рэабілітацыйны догляд. Часта даём каардынаты нашай медыка-сацыяльнай службы «Дапамога».

Нядаўна на інфалінію звярнулася ляжачая хворая пенсіянерка з Брэста. Яна расказала валанцёрам, што два разы на тыдзень яе наведвае сацыяльны работнік з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва. Часам прыходзіць і суседка — пераапрануць. Але гэтага мала... Жанчына плакала і прасіла знайсці ёй сядзелку. У тэрытарыяльным цэнтры ведалі пра сітуацыю з пажылой брастаўчанкай, але нічым дапамагчы не маглі — яна была 26-й у чарзе на падобныя паслугі. У дом для адзінокіх пажылых людзей пенсіянерка адмовілася афармляцца — яна сама «дзетдомаўская» і ёй зусім не хацелася зноў жыць ва «ўстанове».

— Званкоў з падобнымі просьбамі на інфалінію паступае вельмі шмат, з розных гарадоў Беларусі, — прызнаецца Валянціна. — Гэта на самай справе вялікая праблема, таму што бывае, што рэсурсаў і персаналу не хапае ні ў нас, ні ў тэрытарыяльных цэнтраў. Нягледзячы на цяжкасці мы ўсё роўна стараемся адшукаць магчымасць дапамагчы чалавеку праз падтрымку валанцёраў. Часам нас выручаюць царкоўныя прыходы, дзе людзі па закліку сэрца ці за мізэрную аплату часова прыходзяць даглядаць пажылых.

На жаль, у жыцці бываюць сітуацыі, калі нават валанцёры з добрым сэрцам нічым дапамагчы не могуць, а людзі маюць патрэбу ў кансультацыі прафесійнага псіхолага. Але ва ўразлівых груп, з якімі працуе Чырвоны Крыж, часта не хапае сродкаў аплаціць паслугі спецыялістаў, таму што ў іх маленькая пенсія, заробак ці чалавек увогуле беспрацоўны.

— Звычайна да нас звяртаюцца ў такія цяжкія моманты, як смерць блізкага чалавека ці страта здароўя, — тлумачыць Валянціна. — Патэлефанаваўшы, людзі могуць запісацца на бясплатную кансультацыю да псіхолага.

Нярэдка па такую дапамогу тэлефануюць і пажылыя жанчыны, якія жывуць са сваімі дарослымі дзецьмі з алкагольнай залежнасцю. Як толькі залежны атрымлівае зарплату ці яго маці — пенсію, ён тут жа сыходзіць у запой, а там пачынаюцца пагрозы, абразы і гвалт.

— Некаторыя пажылыя просяць прытулку на час бесперапыннага п'янства сына, некаторыя — дапамагчы адправіць залежнага на прымусовае лячэнне ў ЛПП, — расказвае каардынатар інфалініі. — Мы даём кантакты тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнай абароны, у якіх ёсць крызісныя пакоі, дзе пажылы чалавек можа схавацца ад агрэсара. Тлумачым, што на лячэнне можна адправіць толькі з дапамогай міліцыі. Увогуле, сённяшняя мэта работы інфалініі — забяспечыць у першую чаргу доступ да інфармацыі аб паслугах у рамках дзейнасці Чырвонага Крыжа нашым мэтавым групам: пажылым людзям, якія пражываюць адзінока, цяжкахворым, людзям з інваліднасцю, а таксама тым, хто вызваліўся пасля турэмнага зняволення, грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і якім патрэбна неадкладная дапамога. Пры гэтым Чырвоны Крыж іграе больш дапаможную ролю ў адносінах да тых паслуг, якія аказвае дзяржава гэтым людзям. Проста часам рэагаваць на запыты патрэбна вельмі хутка, а наша арганізацыя менш бюракратычная і можа дапамагчы экстранна той жа гуманітарнай дапамогай, прадуктамі ці санітарна-гігіенічнымі наборамі — толькі самае неабходнае.

У сувязі з пандэміяй колькасць людзей, якім патрэбна дапамога «тут і цяпер», павялічылася. Аднойчы на інфалінію патэлефанаваў мужчына і распавёў, што яго маці паклалі ў бальніцу з каранавірусам. Сам ён таксама заразіўся ковідам, і ў яго высокая тэмпература. Выклікаць «хуткую» гатовы, але не гатовы пакінуць дома аднаго бацьку, у якога хвароба Альцгеймера. Сваякоў, якія маглі б дапамагчы або забраць на час лячэння пажылога чалавека, няма, і мужчына не ведаў, што рабіць. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа дапамаглі яму ўладкаваць сталага чалавека туды, дзе яго часова будуць даглядаць.

Днямі пра пачатак чацвёртай хвалі каранавіруса ў Беларусі афіцыйна абвясціў міністр аховы здароўя. Той, хто сочыць за статыстыкай, заўважыў, што з канца жніўня штодзённая колькасць захварэлых станавілася ўсё большая. Разам з тым у людзей з'явілася і больш пытанняў пра тое, як засцерагчыся ад хваробы, дзе можна зрабіць прышчэпку, куды звяртацца ў выпадку экстранных сітуацый. На ўсе запыты гатовая рэагаваць інфалінія Чырвонага Крыжа. Спецыяльную падрыхтоўку для аказання інфармацыйнай і псіхасацыяльнай дапамогі па тэлефоне прайшлі больш за 70 валанцёраў — дыспетчараў інфалініі. Сотні валанцёраў дзейнічаюць на рэгіянальным узроўні: яны самі тэлефануюць адзінокім, пажылым людзям, аказваючы псіхасацыяльную падтрымку і арганізоўваючы дапамогу тым, каму яна неабходная.

— Да нас можна дазваніцца па нумарах 201 з мабільнага і 122 са стацыянарнага тэлефона, — гаворыць Валянціна. — Інфалінія працуе ў будні з 10.00 да 18.00. Сам званок на лінію бясплатны з любога пункта Беларусі. Нашы валанцёры паспрабуюць дапамагчы знайсці выйсце з цяжкай сітуацыі і аказаць эмацыянальную падтрымку.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.