Вы тут

Быць патрыётам Беларусі значыць...


Што з'яўляецца галоўным сімвалам нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці беларусаў? Які сэнс мы ўкладваем у паняцце «патрыятызм»? З кім сябе ідэнтыфікуем? У чым заключаецца для нас каштоўнасць мінулага? Адказы на гэтыя пытанні дае даследаванне, праведзенае Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.


Фота: pixabay.com

Як расказаў на сустрэчы з журналістамі яго дырэктар, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Мікалай МЫСЛІВЕЦ, сацыялагічнае даследаванне праводзілася вясной бягучага года і ахапіла 2110 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў краіны ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў.

— Дзякуючы атрыманым звесткам, мы можам скласці пэўнае ўяўленне пра тое, як беларусы ацэньваюць сваю Радзіму і тыя ці іншыя эпізоды нашай гісторыі, — распавёў Мікалай Мыслівец. — Так, адказваючы на пытанне, як беларусы ацэньваюць сваю краіну і што ёсць Беларусь для кожнага з нас, больш за палову рэспандэнтаў (56 працэнтаў) абралі варыянт адказу «Беларусь — гэта перш за ўсё мая Радзіма»; 47,9 працэнта — варыянт «краіна, у якой я жыву»; 34,9 працэнта — «зямля, якую абаранялі мае дзяды і прадзеды». Кожны чацвёрты адказаў: «краіна, якую я люблю», 12,3 працэнта — «краіна, культуру і мову якой я лічу роднымі». Можна было выбіраць некалькі варыянтаў адказаў.

Акрамя таго, рэспандэнтам прапаноўвалася назваць галоўныя сімвалы нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці беларусаў. «Бусел, зубр, васілёк» — так адказалі 44,2 працэнта апытаных.

— Вельмі важную ролю выконваюць аб'екты культурнай спадчыны — іх згадалі 44,1 працэнта. І тут абсалютна апраўдана тая палітыка, якая праводзіцца па аднаўленні аб'ектаў мінулага, таму што менавіта яны і ёсць спосаб ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі кожнага беларуса са сваёй Радзімай. Вельмі важную ролю адыгрывае і дзяржаўная сімволіка Беларусі, што падмацоўваецца меркаваннямі, якімі дзяліліся ўдзельнікі апытання (гэты варыянт указалі 41,3 працэнта), — адзначыў дырэктар Інстытута сацыялогіі. — Помнікі Вялікай Айчыннай вайны лічаць галоўнымі сімваламі нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці 28,4 працэнта апытаных, беларускую мову і літаратуру — 27,3 працэнта, гістарычную сімволіку (геральдычныя сімвалы і сцягі) — 24,9 працэнта рэспандэнтаў.

На пытанне «Што аб'ядноўвае народ Беларусі?» былі атрыманы наступныя адказы: «Жаданне жыць у стабільнасці і дастатку» (55,3 працэнта), «Жаданне жыць у асобнай і незалежнай краіне» (43,5 працэнта), «Гістарычная спадчына» (35,9 працэнта), «Нацыянальныя традыцыі і звычаі» (34,5 працэнта), «Ментальнасць, рысы характару» (32,6 працэнта), «Нацыянальныя каштоўнасці» (25,8 працэнта), «Сумеснае пражыванне на адной тэрыторыі» (23,9 працэнта), «Беларуская культура і мова» (20,7 працэнта).

«Нягледзячы на тое, што сфера выкарыстання беларускай мовы цяпер не вельмі шырокая, яе згадаў кожны пяты, — заўважыў Мікалай Мыслівец. — Таму беларуская мова і культура таксама з'яўляюцца важным аб'яднальным фактарам для беларусаў».

«А што значыць для вас быць патрыётам Беларусі?» — запыталіся ва ўдзельнікаў даследавання. Палова апытаных (50,8 працэнта) адказалі: «Любіць Беларусь». Кожны трэці — «Гатоўнасць жыць і працаваць толькі ў Беларусі». Крыху менш (28,4 працэнта) лічаць, што быць патрыётам азначае актыўную дзейнасць на карысць Беларусі. На любоў да беларускай культуры і мовы ўказалі 27,2 працэнта рэспандэнтаў. На павагу да дзяржаўных сімвалаў Беларусі — 23,3 працэнта. Кожны пяты адказаў, што гэта гатоўнасць абараняць Беларусь, нават рызыкуючы сабой. Цікава, што 15,6 працэнта ўдзельнікаў даследавання лічаць, што быць патрыётам азначае суадносіць уласныя інтарэсы і інтарэсы беларускай дзяржавы.

А на прапанову суаднесці сябе з групамі людзей, пра якіх можна сказаць «Гэта — мы», абсалютная большасць апытаных згадалі родных і сваякоў (91,7 працэнта). Затым адказы размеркаваліся наступным чынам : «сябры» (84,6 працэнта), «беларусы» (62 працэнты), «жыхары Беларусі» (56,8 працэнта), «савецкія людзі» — 37,2 працэнта.

Як заўважыў дырэктар Інстытута сацыялогіі, асацыіруюць сябе з «савецкімі людзьмі» пераважна людзі старшага пакалення. «Найлепшае, што было ў тыя часы, працягвае жыць у нашай свядомасці», — лічыць ён.

Цікавыя адказы былі атрыманы на пытанне «Якой вы хацелі б бачыць Беларусь на міжнароднай арэне праз 5—10 гадоў»? Высветлілася, што амаль 27 працэнтаў рэспандэнтаў жадаюць, каб Беларусь захоўвала свой нейтралітэт і не ўваходзіла ні ў якія саюзы і блокі. 13,7 працэнта апытаных выступаюць за членства ў Еўрасаюзе і столькі ж — за эканамічны саюз Расіі, Беларусі, Казахстана і інш. Але 35,8 працэнта ўдзельнікаў даследавання не змаглі адказаць на гэта пытанне.

«У гэтым няма нічога дзіўнага, таму што сучасныя рэаліі вельмі няпростыя для ўспрымання. Інфармацыя, якая абрынаецца на непадрыхтаваных людзей, не заўсёды дазваляе ім рабіць хуткія, дакладныя і адназначныя высновы. Гэта тое поле, дзе працуе айчынная гуманітарыстыка, установы адукацыі, культуры, СМІ. І яно застаецца адкрытым для далейшага глыбокага навуковага даследавання», — лічыць Мікалай Мыслівец.

Пацікавіліся ў беларусаў таксама і тым, якія святы і памятныя дні яны лічаць для сябе найбольш важнымі. Тут лідзіруе Новы год (71,6 працэнта). На другім месцы па частаце згадвання стаіць Дзень Перамогі (68,7 працэнта). Далей — царкоўныя праваслаўныя святы Вялікдзень (58,8 працэнта), Каляды (51,5 працэнта), Міжнародны жаночы дзень (41,3 працэнта), Радаўніца (35,2 працэнта), Дзень маці (35,8 працэнта), Дзень абаронцаў Айчыны (34,2 працэнта), Дзень Незалежнасці (20,8 працэнта) і Дзяды (15,9 працэнта).

Увагі заслугоўваюць і адказы на пытанне «Што з'яўляецца для вас у жыцці найбольш важным?» Даволі чакана рэйтынг жыццёвых каштоўнасцяў узначалілі здароўе, сям'я і дзеці. Матэрыяльную забяспечанасць згадалі 53 працэнты апытаных, у той час як самарэалізацыю — толькі 25,2 працэнта, а самапавагу — 22,5 працэнта. Матэрыяльнай забяспечанасці саступілі нават сяброўства і каханне — іх згадаў толькі кожны трэці (34,9 і 35,5 працэнта адпаведна).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.