Вы тут

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?


У 2013 годзе галівудская актрыса, пасол добрай волі ААН і сустветны інфлюэнсер Анджаліна Джалі выдаліла малочныя залозы. Генетычны аналіз выявіў мутацыю гена BRCA1, які павысіў верагоднасць развіцця раку малочнай залозы на 87 працэнтаў. Рашэннем засцерагчы сябе ад анкалогіі Анджаліна Джалі запусціла сярод жанчын усяго свету трэнд — клапаціцца пра здароўе грудзей. Аднак у яго ёсць і адваротны бок. Знайшоўшы ў грудзях невядомы «шарык» ці ўшчыльненне, амаль кожная пачынае адразу думаць аб найгоршым. Ад інфармацыі ў інтэрнеце становіцца страшна, аўтарытэтная медыцынская літаратура пужае незразумелымі тэрмінамі... Але прычына для панікі ёсць не заўсёды. Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай — дабраякаснай пухлінай малочнай залозы, амаль што бяспечнай.


«Звязда» з дапамогай урача-анколага, загадчыка кансультатыўна-анкалагічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра Канстанціна Шышко адказала на важныя, нават недарэчныя пытанні — шчыра і без складаных медыцынскіх тэрмінаў.

— Канстанцін Аляксеевіч, растлумачце, калі ласка, у чым розніца паміж дабраякаснай і злаякаснай пухлінамі. І чаму фібраадэнома — дабраякасная?

— Дабраякасныя пухліны абсалютна бяспечныя для жыцця. Ад іх вельмі складана памерці — можна, канешне, але складана. Яны ніколі не даюць метастазаў. А злаякасныя пухліны даюць метастазы ў лімфавузлы, косці, іншыя органы. Гэта асноўнае адрозненне. Адрозніваюцца яны і формай росту. Дабраякасныя ўтварэнні растуць, рассоўваючы навакольныя тканкі, а злаякасныя — прарастаюць у іх. Так і фібраадэнома расце, рассоўвае тканкі навокал, вызваляючы сабе месца для росту.

— Дабраякасная фібраадэнома можа перараджацца ў злаякасную?

— Згодна з многімі аўтарамі, класічныя фібраадэномы не перараджаюцца ў злаякасныя пухліны. Я за 10 гадоў працы ў аддзяленні толькі адзін раз бачыў рак у фібраадэноме. Што першаснае, а што другаснае — сказаць не магу. Там была пачатковая стадыя раку, пацыентку прааперыравалі, і з ёй усё добра. Ёсць яшчэ такая рэч, як лістападобная пухліна, яна ж філоідная фібраадэнома. Такія пухліны маюць схільнасць да перараджэння, толькі не ў рак, а ў саркому — агрэсіўную злаякасную пухліну малочнай залозы. Але працэнт такіх пухлін ад агульнай колькасці вельмі невялікі. Іх адметнасць — у вельмі хуткім росце: літаральна за тры месяцы яны могуць вырасці у два-тры разы. Пры тым, што спачатку могуць быць дабраякаснымі, але могуць перараджацца. І тады такую пухліну трэба выдаляць, а потым назіраць. Калі яна не рэцыдывуе, паколькі мае такую здольнасць, то ўсё добра. А класічныя фібраадэномы могуць з'явіцца і не расці ці памяншацца, у некаторых выпадках — нават знікаць.

— Увогуле, у чым прычына ўзнікнення фібраадэном?

— Вялікага сакрэту тут няма. Фібраадэнома — гэта вынік змяненняў у арганізме. Як правіла, гэта збой эндакрынных функцый: яечнікі, шчытападобная залоза, гіпофіз. Гэтыя тры залозы і даюць штуршок развіццю фібраадэном. Сваю ролю адыгрываюць знешнія фактары: стрэс, кава, курэнне. Лічыцца, што харчаванне ўплывае. Вельмі часта яны сустракаюцца ў маладых, у іх змяняецца гарманальны фон пры палавым паспяванні ці цяжарнасці. Кантрацэптывы — гэта ж таксама гармоны. Ну і яны проста любяць маладых.

— Ну, стрэсам, кавай і няправільным харчаваннем у наш час нікога не здзівіць...

— Таму ў 10 працэнтаў жанчын, па адкрытых даных, ёсць фібраадэномы. За паліклінікамі горада Мінска замацавана прыкладна 1,5 мільёна дарослых людзей. Умоўна будзем лічыць, што 50 працэнтаў з іх — жанчыны, хоць іх і больш. То-бок, 700—800 тысяч чалавек. Ад 800 тысяч 10 працэнтаў — гэта 80 тысяч жанчын толькі ў Мінску сутыкаліся з фібраадэномай. Нават па прыкладных разліках гэта вялікая лічба.

— Сярод усіх пухлін малочнай залозы пераважаюць дабраякасныя ці злаякасныя?

— Калі б у нас было 80 тысяч выпадкаў раку ў Мінску, было б сумна. Таму, канешне, пераважаюць дабраякасныя. І ўвогуле дабраякасныя сустракаюцца часцей і ў іншых органах. Але, на жаль, нашы анкамамолагі не пакутуюць ад недахопу працы.

— А якія падставы для выдалення фібраадэном?

— Першая прычына — яе хуткі рост, калі мы падазраваем, што можа быць філоідная пухліна. Часта пры правядзенні біяпсіі цяжка цыталагічна адрозніць звычайную фібраадэному і філоідную пухліну. Выдаляюцца фібраадэномы вялікіх памераў, якія ціснуць на грудзі, крыватокі, выклікаюць касметычныя дэфекты. Таксама, калі плануецца цяжарнасць, іх трэба выдаляць. Цяжарнасць — гэта гарманальны ўсплёск, і ёсць рызыка, што пухліны пачнуць расці. Таму іх лепш прыбраць загадзя. Калі фібраадэномы знайшлі падчас цяжарнасці, то проста назіраюць дынаміку іх росту. Невялікая пухліна на перыферыі не перашкаджае нават пры кармленні грудзямі.

— Канстанцін Аляксеевіч, выдаляць бяспечныя фібраадэномы мэтазгодна?

— Я лічу, што фібраадэномы ў першую чаргу трэба назіраць і шукаць прычыну іх з'яўлення. А часта дзейнічаюць па прынцыпе «знайшлі фібраадэному і наперад — выдаляць». Насамрэч, фібраадэнома — гэта вынік, і трэба шукаць прычыну, часцей за ўсё, у гінекалогіі ці эндакрыналогіі. А так, ну выдалім, а праз паўгода іх будзе пяць. Выдалім пяць — з'явіцца 25. На жаль, сустракаюцца выпадкі, калі ў жанчыны па 25 фібраадэном у грудзях. Вырасла адна, ну і вырасла, такое здараецца. Але, калі яны пастаянна з'яўляюцца, значыць, трэба не ганяцца за выдаленнем, а пашукаць і ліквідаваць прычыну. А то мы прывыклі ганяцца за вынікам, а не за прычынай. А прычынамі павінны займацца гінеколагі і эндакрынолагі, у ідэале — гінеколаг-эндакрыналог, але такіх спецыялістаў у нас мала.

— Чаму пацыентак з фібраадэномамі накіроўваюць да анколагаў?

— У ідэале фібраадэномамі павінна займацца агульная ўрачэбная сетка з кансультацыяй анколага пры неабходнасці. Па 17-м пастанаўленні Міністэрства аховы здароўя, грудзі — гэта «вотчына» гінеколага. У гінеколагаў ёсць інфармацыя, як лячыць малочныя залозы, як абследаваць і куды накіроўваць пацыентаў. Яны павінны самі зрабіць пункцыю і накіраваць да анколага верыфікаванага пацыента. Іншая справа, што цяпер у краіне каранавірус, многія стацыянары зачынены, і анкалагічны цэнтр узяў гэтую праблему на сябе.

— Вельмі часта сустракаецца такая рэч, як мастапатыя. Што гэта такое і наколькі яна распаўсюджаная?

— Мне цяжка знайсці жанчыну, якой хоць бы раз у жыцці паставілі адсутнасць дыфузнай фіброзна-кістознай мастапатыі. Такія, канешне, ёсць, але вельмі мала. Мастапатыя — гэта такі стан малочнай залозы, калі назіраецца залішняе развіццё фібрознай тканкі, з'яўленне кістаў. Гэта самая распаўсюджаная паталогія малочнай залозы. Па розных крыніцах, з ёй сутыкаецца 60 працэнтаў жанчын. Касметычна яна ніяк не праяўляецца, але можа нагадваць аб сабе болем у грудзях.

— Часцей за ўсё для лячэння мастапатыі прапісваюць гамеапатычны прэпарат мастадынон, у складзе якога — лекавыя расліны. Наколькі гэта мэтазгодна?

— Калі праблема — у мінімальных збоях арганізма, то раслінныя прэпараты з імі спраўляюцца. Іх трэба прымаць доўгімі курсамі па некалькі месяцаў, і эфект будзе. А больш сур'ёзныя лекі павінны быць накіраваны на прычыну і яе ліквідацыю. Калі мы кажам, напрыклад, аб павышэнні ўзроўню пралакціну, то ёсць прэпараты, якія блакіруюць яго выпрацоўку.

— Якія асноўныя рэкамендацыі пры прафілактыцы фібраадэном?

— У першую чаргу — адмаўленне ад курэння, аптымальная бялізна (яна не павінна быць надта грубай, не павінна мець металічных уставак, якія ціснуць на грудзі), не ўжываць каву, пазбягаць стрэсаў. Банальныя рэчы. І раслінныя прэпараты ў пэўнай ступені на іх уплываюць: крыху зніжаюць стрэс, нармалізуюць гарманальны фон. Калі паглядзець з іншага боку, навошта жанчыне грудзі? Каб карміць дзяцей. У нашай краіне жанчыны нараджаюць у сярэднім дваіх дзяцей. Грудзі не выконваюць сваю галоўную функцыю — вось у чым сутнасць. Так, ёсць жанчыны, у якіх больш дзяцей, і ў іх фібраадэном няма. Але сустракаюцца выключэнні, калі жанчына нарадзіла трох-чатырох дзяцей і мае фібраадэномы.

— Калі ў жанчыны збіваецца цыкл менструацыі, гэта сведчыць аб гінекалагічных праблемах. А можа быць, што гэта праблемы з грудзямі?

— Не. Цыкл збіваецца праз гінекалагічныя ці эндакрынныя праблемы. Фібраадэнома, дыфузна-фіброзна-кістозная мастапатыя, рак малочных залоз — гэта вынік праблем у арганізме. Грудзі — індыкатар такіх праблем. І таму, на мой погляд, заўсёды трэба лячыць прычыну. Напрыклад, пры мастапатыі прызначаюць гарманальныя гелі, яны ліквідуюць сімптаматыку, здымаюць боль. Але, калі прызначаецца гарманальны гель, значыць, ёсць парушэнні з гармонамі. Можа, на гэтым варта засяродзіцца? Прывяду прыклад. У беларусаў «любімы стан» — гіпатэрыёз ці, прасцей кажучы, недахоп гармонаў шчытападобнай залозы. Такая асаблівасць мясцовасці, мала ёду, балоцістыя глебы і гэтак далей. І ў жаночым арганізме вельмі шмат такіх нюансаў.

— Канстанцін Аляксеевіч, ну вось уявім, што жанчына знайшла ў грудзях нейкае ўтварэнне. Калі ёй варта пачынаць панікаваць?

— Калі жанчына пры самаабследаванні малочных залоз (якое яна павінна, па ідэі, праводзіць раз на месяц) знайшла нейкае ўтварэнне, першы крок — ісці да гінеколага. Ён правядзе абследаванне, пры неабходнасці прызначыць кансультацыю ў анколага. Многіх пужаюць выдзяленні з саскоў. Яны сапраўды могуць сведчыць аб перадракавым стане, але бываюць і бяскрыўднымі. Грудзі могуць рэагаваць на гарманальныя збоі мінімальнымі выдзяленнямі, зусім маленькімі светлымі кропелькамі. Але калі выдзяленні чырвоныя, іх нямала, то варта сур'ёзна да іх паставіцца.

— Калі ў родзе былі выпадкі раку малочных залоз, уладальніцам фібраадэном варта перажываць на гэты конт?

— Спадчынная схільнасць да раку малочных залоз сапраўды ёсць, і яна залежыць ад генаў BRCA1 і BRCA2. У РНПЦ анкалогіі можна здаць аналіз і ўпэўніцца, ёсць гэтыя гены ці не. Але паўтаруся: фібраадэнома не перарастае ў рак, і наяўнасць гена BRCA на яе ніяк не ўплывае. Рак і фібраадэнома — гэта зусім розныя рэчы.

— Калі мы сустракаліся з вамі падчас аперацыі, вы сказалі, што рак, як і актуальны цяпер каранавірус, трэба паважаць. Што вы мелі на ўвазе?

— Да гэтых захворванняў трэба ставіцца вельмі сур'ёзна, бо яны вядуць да лятальнага зыходу. Рак не шкадуе нікога: ні маладых, ні старых. І яму абсалютна ўсё роўна, якія ў вас грошы, сувязі і статус. Усім вядомы прыклад: заснавальнік кампаніі Apple Стыў Джобс памёр ад раку падстраўнікавай залозы. Гэта быў чалавек, у якога было ўсё, і ўсё скончылася.

— Вернемся да галоўнай тэмы нашай размовы. Ад раку малочнай залозы часта паміраюць?

— На жаль, так. Чаму яшчэ трэба паважаць рак? Таму што гэта хранічнае захворванне. Калі ў чалавека першая стадыя раку малочнай залозы, яго прааперыравалі, пяць гадоў ён прапіў гармоны, і, здаецца, усё добра. Але гэта не значыць, што так будзе заўсёды. Яму трэба пастаянна назірацца. Даказана, што рак малочнай залозы робіць дэпо клетак у косным мозгу. І калі гэтыя клеткі «прачнуцца», не ведае ніхто. Могуць праз некалькі гадоў, а многія банальна з прычыны ўзросту не дажываюць да другога праяўлення.

— Канстанцін Аляксеевіч, на ваш погляд як анколага, чалавецтва зможа калісьці перамагчы рак?

— Павінны ж людзі ад нечага паміраць. Рак — гэта натуральная прычына смерці чалавека. Іншае пытанне — у 50 ці ў 150 гадоў? Арганізм старэе, у клетках назапашваюцца генетычныя памылкі, што з часам прыводзіць да злаякаснай пухліны. Рак будзе заўсёды — праблема ў тым, што яго не павінна быць у маладых. І варта адзначыць, што сёння распрацоўваюцца вакцыны ад некаторых форм злаякасных пухлін, распрацоўваюцца новыя метады барацьбы з ракам. Кожны год з'яўляюцца новыя віды тэрапіі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.