Вы тут

Лідзія Галубчыкава: Галоўнае — працаваць з душой!


Лідзія Галубчыкава сярод гомельскіх паштальёнаў чалавек, прама кажучы, легендарны. Сваёй любімай прафесіі яна прысвяціла ўжо 47 гадоў. Нават і сёння, маючы такі вялікі працоўны стаж, Лідзія Сямёнаўна не думае аб выхадзе на пенсію. Кажа, што будзе працаваць, пакуль дазволіць здароўе.


Нарадзілася і вырасла Лідзія Галубчыкава ў Буда-Кашалёўскім раёне. Там скончыла спачатку васьмігодку, а потым і дзесяць класаў, вырашыла атрымаць прафесію кухара. З гэтай мэтай яна накіравалася ў Віцебск, дзе планавала паступіць у адпаведную навучальную ўстанову. Але вучыцца менавіта па гэтай спецыяльнасці дзяўчынцы забаранілі ўрачы. Сэрца не дазваляла працаваць у памяшканні, дзе трымаецца высокая тэмпература. Што ж, прыйшлося вяртацца на родную Гомельшчыну, дзе сямнаццацігадовая дзяўчынка ўладкавалася на гарадскую пошту ў абласным цэнтры. Амаль увесь час Лідзія Галубчыкава адпрацавала ў 3-м аддзяленні паштовай сувязі Гомеля.

— Участак мне дастаўся не самы лёгкі, — прызналася Лідзія Сямёнаўна. — Шмат у той час было прыватных дамоў, і трэба было іх абысці, да і сумкі ў паштальёнаў былі больш поўныя. Газеты і часопісы людзі выпісвалі актыўна, вось і даводзілася нам, паштальёнам, і больш хадзіць, і больш насіць. Часам вельмі стамлялася на рабоце.

Па словах Лідзіі Галубчыкавай, самае галоўнае ў гэтай прафесіі — знаходзіць кантакт з людзьмі. Кліенты сустракаюцца розныя, з некаторымі даводзілася праяўляць сапраўдную вытрымку і цярпенне. Але калі да людзей падыходзіць з душой, то і зносіны складваюцца даверныя і ўзаемна ветлівыя. У гэтым яна шмат разоў пераканалася за доўгі працоўны шлях.

Зараз, на думку паштальёна, працаваць стала і лягчэй, і адначасова цяжэй. Быццам і карэспандэнцыі менш, і пенсіі людзі атрымліваюць на банкаўскую картку, але ўчасткі ўзбуйнілі, тэрыторыя абслугоўвання пашыралася. Замест прыватных дамоў узвялі шматпавярховыя будынкі. Напрыклад, сёння ў Лідзіі Сямёнаўны на абслугоўванні 1800 кватэр. Чалавеку ў сталым узросце абысці ўсе дамы няпроста. Але вопытны паштальён на цяжкасці не скардзіцца. Галоўнае для яе — больш рухацца і часцей быць на свежым паветры.

— За гэты вялікі час мне даводзілася працаваць на пошце і аператарам, выконваць абавязкі намесніка начальніка аддзялення сувязі, але я была і застаюся звычайным паштальёнам, чым ганаруся, і ў гэтым бачу сваё пакліканне, — падкрэсліла Лідзія Сямёнаўна. — Калі я рыхтую маладых работнікаў, заўсёды сцвярджаю ім, што ўсё ў іх абавязкова атрымаецца, каб было толькі жаданне працаваць і цярпенне. Ні ў якім разе нельга баяцца цяжкасцяў, трэба іх пераадольваць. Бо паштальён сёння — гэта і суразмоўца, і псіхолаг, і адначасова сацыяльны работнік. Усіх кліентаў неабходна выслухаць, усім абавязкова дапамагчы. Толькі тады ты сустрэнеш паразуменне і добразычлівыя адносіны з боку людзей.

Як адзначыла начальнік 3-га аддзялення паштовай сувязі Гомеля Тамара Верыч, Лідзія Галубчыкава — вельмі адказны і добрасумленны чалавек, сапраўдны майстар сваёй справы. Нягледзячы на ўзрост, яна працуе не горш за маладзейшых работнікаў. Для моладзі ўся яе праца — найлепшы прыклад. А яшчэ яна вельмі клапатлівы настаўнік. Дапамагае маладым калегам і словам, і справай. Заўсёды падтрымае, калі чалавек апынецца ў складаным становішчы. Лідзія Сямёнаўна — гонар працоўнага калектыву.

Застаецца дадаць, што хутка, напярэдадні Сусветнага дня пошты, які адзначаецца 9 кастрычніка, Лідзія Галубчыкава будзе ўзнагароджана медалём за доўгую і добрасумленную працу.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.