Вы тут

Дэпутаты Мінгарсавета падвялі вынікі конкурсу грамадскага самакіравання


Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета падвялі вынікі агляду-конкурсу сярод калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС) сталіцы.


На конкурс традыцыйна вылучаюцца па адным КОТГС ад кожнага з дзевяці раёнаў сталіцы. Потым члены Пастаяннай камісіі па галоснасці, самакіраванні і парадку на працягу двух вераснёўскіх дзён зрабілі аб'езд арганізацый — кандыдатаў у пераможцы, сустрэліся з іх прадстаўнікамі. Дэпутаты цікавіліся рознымі аспектамі дзейнасці найлепшага ў канкрэтным раёне КОТГС. У першую чаргу тым, як і па якіх кірунках ідзе ўзаемадзеянне яго ўдзельнікаў з мясцовым насельніцтвам і ўладамі раёна ў сферы развіцця і распаўсюджвання самакіравання, што замінае гэтай рабоце, якія ёсць прапановы і ідэі.

Члены Пастаяннай камісіі таксама вывучалі і канкрэтныя рэчы, у прыватнасці, якая работа вядзецца з ветэранамі, адзінокімі старымі, са шматдзетнымі сем'ямі, моладдзю, як арганізаваны адпачынак насельніцтва, ажыццяўляецца прафілактыка правапарушэнняў і г. д. Згодна з гэтымі крытэрыямі, удзельнікі конкурсу атрымлівалі адпаведныя балы.

Старшыня Мінгарсавета Андрэй Бугроў гаворыць, што ў новых сучасных мікрараёнах станаўленне і развіццё КОТГС ідзе хутчэй, чым у кварталах забудовы першых пасляваенных пяцігодак, дзе сярод жыхароў большасць людзей сталага ўзросту. Што і заканамерна. Маладыя людзі і людзі сярэдняга ўзросту больш рухомыя, яны актыўней адгукаюцца на запыты часу.

Тым не менш, дэпутаты пасля пэўнай дыскусіі і абмену думкамі першае месца аддалі КОТГС «Цэнтральны» Ленінскага раёна, другое — КОТГС № 42 Савецкага раёна і КОТГС № 128 Фрунзенскага. На трэцім месцы аказаліся КОТГС № 1 Заводскага, КОТГС № 110 Першамайскага і КОТГС № 34 Цэнтральнага раёнаў.

Заўважым, у адпаведнасці з умовамі гарадскога конкурсу, пераможцаў чакае матэрыяльнае заахвочванне. Традыцыйна палова ўзнагароджвання пойдзе на развіццё органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, астатнія грошы — на заахвочванне актывістаў КОТГС.

Адзін з важных і, бадай, галоўных крытэрыяў конкурсу — добраўпарадкаванне падведамаснай КОТГС тэрыторыі, удзел жыхароў у рамонце сваіх дамоў і пад'ездаў. Дарэчы, выдатны ўзор — пераўтварэнне пад'езда дома № 30 па вуліцы Карла Маркса, у чым вялікая заслуга вышэйназванага КОТГС «Цэнтральны». Жыхары гэтага дома таксама прывялі ў парадак і свой дворык, замянілі там грунт, разбілі прыгожы газон, карацей, упрыгожылі на зайздрасць усім. І, што вельмі важна і актуальна, зрабілі гэта за ўласныя сродкі, прычым немалыя. Але галоўнае нават і не ў гэтым, а ў тым, што група мінчан-аднадумцаў стварыла не толькі новы прывабны выгляд пад'езда, а па сутнасці, камфортнае і ўтульнае асяроддзе для жыцця. Невыпадкова гэты пад'езд быў прызнаны найлепшым пад'ездам горада 2020 года.

Па словах Андрэя Бугрова, неабыякавыя людзі жывуць у кожным раёне, на кожнай вуліцы, у кожным доме сталіцы. На іх рахунку — шмат карысных спраў. У Фрунзенскім раёне яго жыхары аднаўляюць месцы адпачынку гараджан, добраўпарадкоўваюць спартыўныя пляцоўкі і г. д. Жыхары Цэнтральнага раёна вызначыліся стварэннем прыгожых клумбаў. І такіх прыкладаў дзясяткі.

— На думку нашых дэпутатаў, такія конкурсы стымулююць паступовае ўключэнне ў працэсы мясцовага самакіравання ўсё большай колькасці мінчан, садзейнічаюць удасканаленню работы органаў грамадскага самакіравання. У гэтым сэнсе нядаўні агляд-конкурс калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — пэўны стымул і нагода для дэпутатаў яшчэ раз паглядзець як на здабыткі, так і заняцца вырашэннем і праблемных пытанняў, што патрабуюць увагі і намаганняў, — гаворыць старшыня Мінгарсавета.

Леанід ТУГАРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.