Вы тут

Наталля Качанава: Людзей трэба чуць і ставіцца да іх па-добраму


Напярэдадні сенатары правялі адзіны дзень прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці. А ў Бярозе сабраліся, каб падвесці вынікі прыёму і ў цэлым прааналізаваць работу органаў улады на месцах са зваротамі грамадзян. У рабоце прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА, кіраўнікі раённых Саветаў і зацікаўленых ведамстваў.


Пасяджэнне адкрыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА.

— Грамадзянамі падчас прыёмаў у рэгіёне былі пастаўлены ў большасці сваёй абсалютна жыццёвыя пытанні. Вядома, першая ўмова рашэння любой праблемы — дзейнічаць у рамках закона. А калі нешта заканадаўча не ўрэгулявана, трэба ісці насустрач людзям, шукаць выйсце разам.

Яна заўважыла, што на прыём некаторыя заяўнікі прыходзілі з таблеткамі, бо хваляваліся.

— Для асобнага чалавека не так проста прыйсці да прадстаўніка ўлады з асабістай праблемай. Я зараз пра тое, што да людзей трэба ставіцца па-добраму. У гэтым упэўніваюся кожны прыём: нават калі ты не можаш дапамагчы — выслухай, падкажы чалавеку, куды можна пайсці, дзе атрымаць кансультацыю. У гэтай рабоце нельга спяшацца, — пераканана Наталля Качанава.

Спікер верхняй палаты парламента нагадала прысутным, што ў Савеце Рэспублікі дзейнічае экспертны савет. Зараз ідзе абмеркаванне паправак у заканадаўства па пытаннях пенсіённага забеспячэння, сямейнага капіталу, забеспячэння жыллём шматдзетных сем'яў, іншых. «Магчымыя папраўкі мы абмяркоўваем у экспертным савеце, на які запрашаем людзей з месцаў, — працягвала старшыня Савета Рэспублікі. — Скажам, па-ранейшаму ёсць праблемы з пустымі дамамі ў вёсках. Ніхто не можа падказаць лепш па гэтай тэме, як старшыня сельскага Савета альбо прадстаўнік райсавета. Жыццё не стаіць на месцы, праблемы узнікаюць з-за недакладнасці законаў, і гэтыя хібы мы можам устараніць у ходзе далейшай работы. Трэба ўносіць прапановы».

Варта сказаць, такія прапановы гучалі ў ходзе работы пасяджэння.

— Сёлета ў Савет Рэспублікі паступіла 443 звароты з Брэстчыны, — расказала загадчык аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролі Савета Рэспублікі Вольга НЯДВЕЦКАЯ. — З іх 183 былі адрасаваны членам Прэзідыума Савета Рэспублікі. Тэматыка іх асабліва не адрозніваецца ад другіх абласцей. Нават адзіны дзень прыёму яшчэ раз паказаў, што, напрыклад, для жыхароў Пінскага раёна актуальнай застаецца якасць пітной вады, для Іванаўскага — прыбіранне дваровых тэрыторый. Сенатары адзначаюць, што гэтыя пытанні агучваліся грамадзянамі і раней, і яны паступова вырашаюцца.

Напрыклад, з вёскі Рудня Івацэвіцкага раёна людзі скардзіліся на праблемы працаўладкавання. Па даручэнні Савета Рэспублікі адбылася сустрэча кіраўнікоў раённай выканаўчай улады з жыхарамі вёскі. Людзі атрымалі прапановы па працаўладкаванні з дастаўкай да месца работы альбо пералік вакансій з пераездам на новае месца жыхарства. Да сенатара Васіля Маркевіча звярнулася жыхарка пасёлка Жамчужны Баранавіцкага раёна з просьбай усталявання стацыянарнай электрасувязі для падключэння сеткі інтэрнэту. Пытанне ўрэгулявана. І да пачатку наступнага года заяўніца атрымае інтэрнэт. З Ляхавіцкага раёна паступіла скарга на немагчымасць нарыхтаваць сена для ўласнай каровы. Гаспадару не выдзялялі ўчастак. Па выніках звароту сельгаспрадпрыемства забяспечыла заяўніка сенам, а на наступны год правялі перазалужэнне поля з тым, каб вясной выдзеліць участак для сенакосу. Такіх прыкладаў можна прыводзіць мноства.

Адзначалася, што адзіны дзень прыёму сенатарамі спрыяе паляпшэнню ў тым ліку маральнай абстаноўкі ў рэгіёнах. Адметным стаў дзень 22 верасня на Брэстчыне, калі грамадзяне маглі звярнуцца як да сенатараў, так і да старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў. У гэты дзень на прыёмы прыйшло каля 200 чалавек. 147 з іх звярнуліся да членаў Савета Рэспублікі. Пытанні былі самыя розныя: ЖКГ, добраўпарадкаванне, транспарт, аховы здароўя, пенсіённае забеспячэнне. Што важна, з вуснаў грамадзян прагучалі прапановы па змяненні заканадаўства.

Пра работу са зваротамі ў абласным выканаўчым камітэце і ў раёнах расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь БАРЫСЮК.

Паводле яго слоў, з пачатку года 1705 чалавек звярнулася ў абласны выканаўчы камітэт, 11 працэнтаў зваротаў было вырашана станоўча, астатнія заяўнікі атрымалі вычарпальныя тлумачэнні. На прамыя тэлефонныя лініі сталі звяртацца больш, паступаюць звароты і праз сацыяльныя сеткі. Генадзь Барысюк, дарэчы, прапанаваў суботнія тэлефонныя прамыя лініі праводзіць у сельвыканкамах. «За 8 месяцаў паступіла ўсяго 67 зваротаў на прамыя лініі сельвыканкамаў у рабочыя дні». Дакладчык паведаміў, што колькасць зваротаў грамадзян у аблвыканкам павялічылася, а пісем ад юрыдычных асоб паменшылася. Менш сталі звяртацца з Брэстчыны ў Адміністрацыю Прэзідэнта і Дзяржкантроль. «Як паказвае практыка, значная колькасць зваротаў патрабуе толькі тлумачэння юрыдычных аспектаў. Аналіз паўторных зваротаў паказвае, што многія з іх не абгрунтаваны», — кажа намеснік старшыні аблвыканкама.

Яшчэ на адной праблеме акцэнтаваў увагу Генадзь Барысюк. Звароты нярэдка спараджае недакладнасць заканадаўства. У адной з вёсак Драгічынскага раёна шматдзетная сям'я атрымала субсідыю на будаўніцтва дома. Так сталася, што спачатку памёр галава сям'і, а потым, не ўступіўшы ў правы спадчыны, і яго жонка. Банк прыпыніў фінансаванне, бо ў законе такі нюанс не прадугледжаны.Тады аблвыканкам звярнуўся да Кіраўніка дзяржавы. І сваёй рэзалюцыяй Прэзідэнт вырашыў пытанне на карысць шматдзетнай сям'і.

Віцэ-губернатар расказаў аб формах кантролю работы са зваротамі грамадзян. Практыкуюцца справаздачы пра работу са зваротамі старшынь райгарвыканкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў. Наладжана ўзаемадзеянне з пракуратурай, іншымі зацікаўленымі структурамі. Праводзяцца сумесныя з пракуратурай праверкі гэтай работы. Такая была нядаўна ў Столінскім раёне.Аказваецца, бываюць сітуацыі, калі спецыялістам на месцах не заўсёды хапае кампетэнцыі. Напрыклад, заяўніцы не маглі зарэгістраваць садовы домік у Ляхавіцкім раёне. Патрэбна была даведка ад старшыні садовага таварыства, а старшыні не мелася, бо ён не быў абраны. Варта было паспрыяць абранню, каб давесці пытанне да канца. Давялося ўмяшацца аблвыканкаму.

 

Ёсць у вобласці жыхары, якія пішуць звароты альбо ходзяць на прыёмы да 80 разоў у год. З 15-цю сёлета была спынена перапіска, летась такіх было 22. Розныя прапановы прагучалі наконт вырашэння названай праблемы.

Наталля Качанава заўважае па ходзе абмеркавання, што агучанае дакладчыкам становішча, калі расце колькасць зваротаў у аблвыканкам і памяншаецца ў рэспубліканскія органы, сведчыць аб добрай рабоце кадраў. Так і павінна быць.

Старшыня Бярозаўскага райвыканкама Сяргей БАРТАШ падзяліўся вопытам інфармавання насельніцтва: «Мы практыкуем прамыя лініі, вялікую ўвагу ўдзяляем інфармаванню людзей праз СМІ, найперш раённую газету. Нашы грамадзяне ведаюць, калі і дзе будзе праводзіцца рамонт, добраўпарадкаванне, мадэрнізацыя сацыяльных аб'ектаў.

Папярэдзіла многія звароты ўстаноўка апарата КТ у бальніцы, гэта важны аб'ект у плане аховы здароўя».

У Пружанскім раёне практыкуюцца дні сельскіх Саветаў, калі ў вёску выязджае група спецыялістаў, вывучае сітуацыю. У вызначаны дзень прыём вядзе старшыня райсавета альбо выканкама. Потым на агульным сходзе падводзяцца вынікі, абмяркоўваюцца праблемы. 39 даручэнняў па выніках такога дня Савета атрымалі нядаўна розныя аддзелы, упраўленні, установы і арганізацыі, паведаміў старшыня райсавета Мікалай КУДРАВЕЦ.

У размове з журналістамі пасля пасяджэння Наталля Качанава яшчэ раз адзначыла важнасць і важкасць работы са зваротамі грамадзян: «Як падкрэслівае Прэзідэнт нашай краіны, з людзьмі трэба працаваць, іх трэба чуць, а яшчэ лепей — працаваць на апярэджванне».

Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да памятнага знака вязням канцлагера «Бяроза-Картузская» і наведваннем экспазіцыі, прысвечанай гісторыі гэтага лагера.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?