Вы тут

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон


22 чэрвеня 1943 года, у дзень трагічнай даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны, партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна», што на Лагойшчыне...


Помста ў навагоднюю ноч

Даваенны саўгас «Косіна» знаходзіўся каля спіртзавода, прыкладна ў кіламетры ад аднайменнай вёскі. Незадоўга да вайны на тэрыторыі саўгаса размясцілі машынна-трактарную станцыю, якая абслугоўвала суседнія калгасы.

З пачаткам акупацыі ў Косіне пачалася барацьба з ворагам. За арганізацыю падпольнай работы супраць акупантаў 15 жніўня 1941 года ў суседняй вёсцы Рудня Смалявіцкага раёна карным атрадам былі расстраляныя сакратар камсамольскай арганізацыі Іван Вітушка, дырэктар Задамлянскай школы Аляксандр Мрочак і дырэктар МТС Сцяпан Рэутовіч. Сям'я апошняга жыла да вайны і падчас акупацыі каля спіртзавода ў былым вытворчым будынку саўгаса, які быў перароблены пад жылы.

— Немцы размясціліся ў памешчыцкім доме: там знаходзіліся адміністрацыя, жандармерыя і паліцыя, — расказвае дачка Рэутовіча Ніла Мікуліч. — На спіртзаводзе захоўвалі гародніну. Тэрыторыю ахоўвала паліцыя. Камендантам гарнізона ў Косіне з'яўляўся немец, мы яго звалі Куша. Ён быў тоўсты, жыў у памешчыцкай хаце. Усе яго баяліся...»

Партызаны некалькі разоў нападалі на ахову спіртзавода. Аб адной такой аперацыі распавяла жыхарка Косіна Зінаіда Шчурак: «Мы жылі недалёка. Гэта здарылася ўзімку 1942 года, у навагоднюю ноч. Мы сядзелі і глядзелі ў акно. Бачым — адзін за адным у белых халатах ідуць лыжнікі: 20 чалавек налічылі. Помню, як тата сказаў: «Паехалі фрыцаў забіваць». Партызаны ведалі, што немцы будуць сустракаць свята і нап'юцца. Навагодняя ноч для немцаў, якія ахоўвалі завод, скончылася трагічна: усіх іх, акрамя аднаго паліцая, які паспеў уцячы, партызаны парэзалі нажамі». Аднак нямецкі гарнізон працягваў існаваць...

Разгром гарнізона

Гэты ўмацаваны апорны пункт даўно перашкаджаў партызанам. Акрамя таго, паліцэйскія з косінскага гарнізона наводзілі жах на жыхароў навакольных вёсак. Яны часта хадзілі па хатах, забіралі ў людзей прадукты. Каб засцерагчы сябе ад нападу партызанаў, немцы пабудавалі вакол гарнізона дзоты, у якіх устанавілі кулямёты.

Летам 1943 года камандаванне атрада «Бальшавік» прыняло рашэнне знішчыць нямецкі гарнізон у Косіне. Дзякуючы неабыякавым жыхарам, партызаны даведаліся пра колькасць гарнізона, яго ўзбраенне, асаблівасці нясення ахоўнай службы паліцэйскімі. Па ўспамінах удзельніка аперацыі, былога камісара брыгады «Бальшавік» Мікалая Андрэева, камандаванне атрада вырашыла правесці аперацыю ўначы з дапамогай паліцэйскіх, якія фіктыўна служылі ў косінскім гарнізоне, а працавалі на партызанаў. Прадугледжвалася, што падчас нападзення паліцэйскія будуць стаяць на пастах і па ўмоўным сігнале правядуць штурмавыя групы да дзотаў, знішчыўшы іх, асноўныя сілы атакуюць будынак жандармерыі і паліцыі. Аднак далёка не ўсё ўдалося ажыццявіць...

У Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца справаздача аб разгроме партызанамі атрада «Бальшавік» варожага гарнізона ў Косіне, а таксама схема правядзення дадзенай аперацыі. Дакумент сведчыць: «...У выніку праведзенай аперацыі ў трох дзотах кінжаламі было выразана 18 паліцэйскіх і два жандармы раёна. Узятыя трафеі — 17 вінтовак, ручны кулямёт, 25 гранат, 4000 штук патронаў... Вызначыліся ў аперацыі па разгроме варожага гарнізона «Косіна»: камандзір узвода Васіль Каліцін, які без шуму, з адным выстралам і кінжалам выразаў каравул дзота ў колькасці 6 чалавек... Камандзір узвода Назараў ва ўпор у дзоце расстраляў 4 паліцэйскіх, двух узяў у палон, якіх расстраляў. Федзя Машкоў узяў нямецкі кулямёт і сам расстрэльваў паліцыю... За кароткую ноч не здолелі ўзяць два дзоты. Аперацыя прайшла паспяхова. З боку партызан страт няма...»

Тую ноч не можа забыць жыхарка Лагойска Ірына Надольская, якая ў вайну была зусім невялікая. «Стралялі так, што мы клаліся на падлогу, — расказвае сведка. — Да адных у хату праз сцяну ўляцела куля — забіла мясцовую дзяўчыну Маню Свянціцкую. Немцы ўцяклі ў Лагойск. Забітых паліцаяў у Косіне не хавалі...».

Важную ролю ў падрыхтоўцы аперацыі адыгрываў камсамолец з Панізоўя Дзмітрый Яцкевіч, які, па заданні падпольнага райкама, служыў у лагойскай паліцыі. Ён сігналізаваў партызанам, калі можна выходзіць на зыходныя пазіцыі, вёў штурмавыя групы да варожых дзотаў. Пасля разгрому косінскага гарнізона ўсе ўдзельнікі аперацыі, якія ўмоўна працавалі на немцаў, пайшлі з партызанамі. Дзмітрый Яцкевіч змагаўся ў атрадзе «Бальшавік» да канца вайны, быў прадстаўлены да ўзнагароды.

У сваіх успамінах Мікалай Андрэеў расказвае аб тым, што ў пэўны момант падзеі пайшлі не па плане. Пачуўшы стральбу, немцы выявілі наступленне партызанаў і арганізавалі абарону ва ўмацаваннях каля будынкаў цэнтральнай сядзібы маёнтка. Да світання заставалася мала часу — пачало віднець. Таму калі адразу да канца разграміць гарнізон не атрымалася і стала зразумела, што бой зацягнецца, партызанам далі каманду адыходзіць у бок вёскі Свідна. Захапіўшы трафеі і прадукты, яны без страт пакінулі нямецкі гарнізон.

Так быў разгромлены яшчэ адзін умацаваны пункт ворага. Нападзенне на Косіна паказала сілу і магчымасці партызанаў: акупанты больш не адчувалі сябе ў бяспецы нават у добра ўмацаваных гарнізонах.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Загаловак у газеце: Паспець да світання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.