Вы тут

Выстава тэкстылю Таццяны Козік адкрылася ў сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага


Калі б вы ведалі, з якога дроту паўстала неба... Словы сплятаюцца, як сплятаюцца ніткі ці вяроўкі, ці металічныя пруты, якія да таго ж спалучаюцца яшчэ з дрэвам альбо каменем. Вось так зойдзеш на выстаўку мастацкага тэкстылю, а там — такое свавольства. Але ж аўтарскі тэкстыль Таццяны Козік яднае ўсе яе работы на выстаўцы «У пошуках вольнага неба», якая размясцілася ў сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У чым адметнасць?


Паэтычнасць. Імя аўтаркі, якая жыве ў Полацку, вядомае тым, хто сочыць за сучасным беларускім мастацтвам, а сёлета яна адзначае 60-годдзе. Таццяна Козік мела выстаўкі ў Мінску, удзельнічала ў вялікіх творчых праектах дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва ды ў маштабных агульнарэспубліканскіх выстаўках, неаднойчы прадстаўляла айчыннае дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва за мяжой. Таму што, падпарадкаваўшы сабе ніткі і тканіну, яна перайшла да матэрыялаў больш цвёрдых і ўпартых, ствараючы адмысловыя арт-аб'екты. Паспяхова. Бо і ў першых, і ў другіх матэрыялах адчула душу. І які б ні быў характар матэрыялаў, вобразы, што паўставалі з іх, маюць адну душу — беларускую. Яе мастацтва як наша паэзія: вершы могуць быць у розных рытмах, але з агульнай глыбіннай сутнасцю.

А яе мастацтва сапраўды як паэзія (што выяўляецца не толькі ў назвах). Вобразы, якія выхопліваеш з твораў-радкоў, часам рыфмуюцца, дапаўняючы адзін аднаго. Рыфмуюцца і матэрыялы: мастачка працуе з тканінамі рознай прыроды. Рыфмуецца нават метал: ёсць варыянты. І ўсё гэта спалучаецца ў рытмічнай кампазіцыі, якая запоўніла выставачную прастору. Усё разам — як паэма ў мастацтве, кожны можа счытаць свой сюжэт, убачыць герояў у пэўных абставінах і адчуць характар гэтых герояў. А яны могуць быць мяккімі ды пяшчотнымі, суровымі ды моцнымі, бы крэмень, гнуткімі ды пругкімі, калі трэба. Пра каго (што) гэтая выстаўка? А вось тут без варыянтаў. Таццяна Козік адлюстроўвае нашу прастору, беларускую волю, айчыннае неба.

Цеплыня. Малюнкі на льне — матэрыял, які мастачка асабліва любіць, — падкрэсліваюць, наколькі вытанчаны свет, які яна адлюстроўвае. І калі мяняецца матэрыял, становіцца больш тоўстым, то вытанчанасць застаецца — у вобразах, якія палоняць сваёй пластычнасцю. Утульнасці дадаюць прадметы адзення, зробленыя рукамі руплівай майстрыхі (у Віцебскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці яна калісьці вучылася мастацкаму аздабленню і мадэляванню вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці), пры ўсё іх лёгкасці, хочацца загарнуцца — гэта як загарнуцца ў кавалак аблокаў.

Гэта выстаўка дае адчуванне цяпла ў халодныя дні, як дае яго адчуванне дома. Цеплыня і святло ідзе ад тэкстыльных пано — ад таго, пра што яны, як зроблены і з чаго. Ад нашага льну, сціплага па прыродзе, але шляхетнага ў аўтарскай інтэрпрэтацыі. Ад кампазіцый з нітак, якія быццам бы спрабавалі ўтаймаваць магутную энергію. А яна выйшла з-пад падпарадкавання — і скарыла метал. І вось ён ужо не выглядае як нязломная браня, ён стаў падатлівым, крохкім і лёгкім у незвычайных арт-аб'ектах з металічнай сеткі. Праз іх ідзе святло — яны акцэнтуюць яго сваёй празрыстасцю. Гэта як нашы думкі пра дом: крохкія ўспаміны пра бацькоўскі кут ствараюць каркас — палёт мар пра будучы. Цяпло і святло — што яшчэ трэба, каб на выстаўцы адчуваць сябе як дома?

Пошук. Гаспадыня ўсё для гэтага зрабіла, нават здолела рассунуць межы ўяўлення пра матэрыялы ды тэхнікі. Ткацтва ў яе выглядае вельмі трывалым, надзейным. Аб'ёмныя металічныя кампазіцыі, наадварот, нібыта раствараюцца ў паветры. Але гэты аб'ём быццам бы сінтэзаваўся з вобразаў, што выслізнулі з плоскасці габеленаў. Той выпадак, калі матэрыяльныя рознасці суіснуюць у прасторавай еднасці, што закладзена канцэптуальна (куратар выстаўкі Міхасць Цыбульскі).

І той выпадак, калі можна перагледзець свае адносіны да дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а некаторыя наогул могуць адкрыць для сябе яго магчымасці, здольнасць да неверагодных эксперыментаў. У ім прыгажосць і майстэрства. І філасофія.

Лёгкасць. Гэта аповед пра тых, хто мае крылы: птушкі, анёлы, аблокі ды людзі, для якіх палёт — натуральны стан творцы. Ім мала пэўнай тэрыторыі. Яны лунаюць у паветры, прыводзяць у рух яго пласты, запускаючы ветракі — вечныя млыны жыцця, якія, здаецца, стаміліся перамолваць у муку нашы думкі і пачуцці. Але сваю справу зробяць: напоўняць прастору энергіяй, народжанай творчасцю. Калі ў доме ёсць жыццё, то ў ім павінна быць цёпла.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Неба адкрываецца ўлюбёным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?