Вы тут

Рэжысёр Сяргей Кавальчык: Прафесія спасцігаецца праз глыбіню


Гэтай восенню свой 89-ы тэатральны сезон трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага нарэшце сустрэла дома. Артысты ўбачыліся з публікай на роднай сцэне, капітальны рамонт якой вёўся пэўны час. Цяпер калектыў працуе над адаптацыяй існуючага рэпертуару да новых тэхнічных умоў, рыхтуецца да прэм'ер новых спектакляў і працягвае служыць у імя мастацтва. Пра закуліссе творчага працэсу, папаўненне трупы новымі кадрамі і публіку, якая не перастае любіць тэатр, мы пагутарылі з заслужаным дзеячам мастацтваў, рэжысёрам, мастацкім кіраўніком гэтай установы Сяргеем Кавальчыкам.


— Сяргей Міхайлавіч, новы тэатральны сезон ваш калектыў сустрэў на роднай сцэне. Якія былі пачуцці ад усведамлення, што цяпер вы зноў дома?

— Перш за ўсё адчувалі радасць. І зараз спектаклі ідуць на нейкім душэўным пад'ёме. Акцёры месцамі нават празмерна энергетычна іграюць, бо ўсе вельмі засумавалі па родных сценах. І зараз гэта дае нейкае пачуццё эйфарыі. Разам з тым нашы спектаклі карэкціруюцца з улікам новых тэхнічных умоў. Прыцэльваюцца да светлавога абсталявання. Словам, працуем над нюансамі ў штатным рэжыме.

— Амаль два гады тэатр даваў спектаклі на пляцоўцы Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Як пачуваліся ў гасцях?

— Мы звыклі да сцэны Палаца культуры прафсаюзаў. Там нас прынялі і далі магчымасць пракату. І гэта самае галоўнае, бо без спектакляў артыст, нібы футбаліст без матчаў, губляе форму. Добра, што нашы акцёры маглі выходзіць на сцэну. Здараліся часам і розныя кур'ёзы. Напрыклад, калі ў мінулым годзе артысты выходзілі на сцэну пасля пандэміі, то вельмі хваляваліся, таму што адвыклі ад жывога кантакту з гледачамі. Хоць і былі анлайн-паказы і гэтак далей, але жывая энергетыка, якая ўзнікае паміж публікай і акцёрамі — рэч проста неперадавальная. Таму з'явіліся новыя адчуванні. У цэлым жа мы вытрымалі рэканструкцыю і цяпер рухаемся далей.

— З новымі тэхнічнымі магчымасцямі сцэны што цяпер рыхтуеце?

— Новыя магчымасці будуць асвойвацца ў працэсе пастаноўкі новых спектакляў. Нам быў адведзены толькі месяц на аднаўленне, і гэта вельмі мала. Мы падрыхтавалі ў пэўнай ступені пастаноўкі да пракату. Калі ж гаварыць, напрыклад, пра тое ж светлавое аздабленне, то нашаму цэху трэба цяпер асвоіць апаратуру, звыкнуцца, навучыцца з ёй працаваць. А ўжо потым можна будзе шукаць варыянты, як імправізаваць з ёю на сцэне ў спектаклях. Любы нюанс патрабуе часу, і калі хочацца зрабіць той жа цікавы светлавы пераход у пастаноўцы, то трэба ўсё дасканальна прадумаць, прапрацаваць. Пакуль што ў нас яшчэ не было магчымасці «гурманіць» са святлом. А вось у новых пастаноўках ужо зоймемся выпрабаваннем сваіх магчымасцяў.

— І якіх прэм'ер варта чакаць у найбліжэйшы час?

— У нас запланавана прэм'ера «Братоў Карамазавых». Зараз ужо ідуць рэпетыцыі на вялікай сцэне, і, думаю, усё ў нас атрымаецца.

У новым спектаклі заняты народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак, Руслан Чарнецкі, Ягор Ляшок, Валерый Шушкевіч і іншыя. Містычны дэтэктыў па легендарным творы Фёдара Дастаеўскага рыхтуюць тут. Мастацкім кіраўніком спектакля выступаю я, а вось у ролі рэжысёра-пастаноўшчыка ўпершыню ўбачым народную артыстку Беларусі Вольгу Клебановіч.

Наступнай плануецца тут пастаноўка «Графа Монтэ-Крыста». Зараз ужо рыхтуюцца дэкарацыі. Хутка пачнецца пашыў касцюмаў. Так і працуем: завяршаем адзін праект і бяромся за іншы. Для дзіцячай аўдыторыі рыхтуем «Казку пра цара Салтана». Яе будзе ставіць мой вучань Дэвід Разумаў. Я даўно хацеў, каб у нашым рэпертуары з'явіўся Пушкін. Бо гэта той аўтар, творы якога з дзяцінства закладваюць добрыя ісціны зразумелай мовай. І калі ўсё атрымаецца, то ў наступным годзе ў нас з'явіцца такі спектакль.

— У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што трактоўка класікі на свой манер не ўсім удаецца. Калі казаць пра «Братоў Карамазавых» — якога чакаць прачытання?

— Любы мастак спрабуе зрабіць класіку сучаснай, і зусім хутка зможаце ўбачыць, як гэта атрымалася ў нашай новай пастаноўцы. На мой погляд, класіку патрэбна рабіць актуальнай, але такім чынам, каб гэта не перашкаджала гледачу ўспрымаць аўтара твора. Я неяк бачыў спектакль па Астроўскаму, дзе на сцэне людзі хадзілі ў спартыўным трыко з лампасамі, але размаўлялі мовай класіка. І гэта глядзелася неарганічна. Ты ў зале не верыш убачанаму на сцэне. Тут альбо рэдактарскі тэкст трэба мяняць, альбо канцэпцыю рабіць іншай.

Візуальны рад, які мы даём са сцэны аўдыторыі, і аўтарскі тэкст павінны быць сугучнымі. А калі гэтага не адбываецца, то пытанне: ці варта так рабіць? Зразумела, творчага пошуку і спроб у тэатры ніхто не адмяняў. Але глядач павінен разумець, чаму яму паказваюць тыя ці іншыя рашэнні. Калі гэта робіцца проста, каб прадэманстраваць, што ты такі авангардыст і можаш зрабіць твор сучасным, то не варта. Класіка і без нас была і будзе жыць.

— Ці папоўнілася трупа тэатра новымі людзьмі? І якую прастору для творчасці прапаноўваеце маладым?

— Да нас прыйшлі Аляксандр Душачкін, Кірыл Нікіцін, Аляксандр Гіранок. Таксама з гэтага года залічаны ў трупу чацвёра маіх студэнтаў, сярод якіх Дэвід Разумаў, Ягор Ляшоў, Віталіна Бідзюк (яны, дарэчы, занятыя ў «Братах Карамазавых»). Зараз маладым трэба ўліцца ў калектыў. Будуць змагацца за месца ў трупе і за сваю індывідуальнасць.

І маладыя артысты павінны быць нацэленыя не на тое, што вось атрымаюць галоўную ролю і ўзляцяць, бо так можна як узвысіцца, так і нізка ўпасці. Галоўная задача тут, каб маладыя артысты спасцігалі сутнасць прафесіі. Тым больш што цяпер вельмі няпросты час, калі ўсюды мы чуем размовы пра грошы і тое, як іх зарабіць. Але ж у пагоні за багаццем можна згубіць самае важнае. Акцёрская прафесія не церпіць мітусні, ёй патрэбны ўдумлівае і засяроджанае паглыбленне ў сутнасць персанажа, эпохі. І калі нашы маладыя акцёры навучацца так працаваць, то, перакананы, іх чакае вялікі творчы шлях. Калі ж будуць бегаць па здымках і толькі зрэдку забягаць у тэатр, то дарэмна растрацяць сябе. Хаця я іх разумею, нават успамінаю свае першыя рэжысёрскія работы, якімі яны гучнымі былі. Малады акцёр ці рэжысёр заўсёды імкнуцца сігналізаваць: «Глядзіце, я прыйшоў!», аднак важна, каб гэтае самавыяўленне не забівала сэнс самога твора. Варта разумець, дзе менавіта прафесія. Асабліва цяпер, калі ідзе падмена каштоўнасцяў і любы чалавек у інтэрнэце адчувае сябе артыстам. І можа скласціся ўражанне, што не трэба і ніякіх намаганняў, ніякай вучобы. Узровень прафесіяналізму памылкова мераецца колькасцю хайпу, — чым яго больш, тым больш ты папулярны. У маладых людзей часам гэтыя з'явы адбіваюць жаданне спасцігаць глыбіні прафесіі, але ж без гэтага нікуды не дойдзеш.

— Сыход такіх майстроў сцэны, як Барыс Луцэнка, Бэла Масумян як перажываецца ў калектыве?

— Тэатр — жывы арганізм, дзе людзі прыходзяць і сыходзяць, а ён працягвае жыць. Калі сыходзяць такія мэтры, то шкадуем і гаворым пра тое, быццам вось у іх часы ўсё было па-іншаму. Разам з тым з аглядкай на іх хочацца трымаць марку. Хаця паняцце велічыні асобы вельмі ўтылітарнае. І вялікіх людзей пры жыцці часам не заўважаюць, крытыкуюць, а вось калі тыя паміраюць, то адразу становяцца нацыянальным здабыткам! Гэта як у прымаўцы: што маем, не беражом, а згубіўшы, плачам.

— Хочацца спытаць у вас яшчэ пра публіку, якая прыходзіць сёння ў тэатр. Што можна сказаць пра культуру сучаснай аўдыторыі?

— Зараз адбываецца своеасаблівая «перацяжка» чалавека. У грамадстве пануе ўсёдазволенасць, якая мяняе людзей. З'яўляюцца новыя тэхналогіі, новыя магчымасці, і гэтым пачынаюць карыстацца, але забываюць аб простых этычных момантах. Я вось заўважыў, што ў нас у крамах большасць наведвальнікаў, калі заходзіць, не прапускае тых, хто хоча выйсці. Але ж правілы этыкету ніхто не адмяняў. Тут не маюць значэння пол, узрост ці яшчэ нешта, проста тыя, хто выходзіць, вызваляюць месца для людзей, якія толькі прыйшлі. У нас жа ідуць напралом. Тое самае і ў тэатры. Мы не можам нікога перавыхоўваць. Але калі чалавек прыходзіць на спектакль і пачынае карыстацца мабільным тэлефонам, то перашкаджае іншым адпачываць і сам пазбаўляе сябе задавальнення ад прагляду. Я, напрыклад, калі іду ў тэатр і нават на рэпетыцыю, не бяру з сабой мабільны. Праўда, да нас у асноўным прыходзіць разумная і выхаваная публіка, якая любіць тэатр. І, відаць, усё больш з'яўляецца ў людзей разумення, што нейкія рэчы не да месца тут. Ёсць прытча адна, калі вучань прасіў у настаўніка дапамагчы яму спасцігнуць дао. Той у сваю чаргу запрасіў яго паесці. Сядзяць яны, а вучань не супакойваецца: навучы і ўсё тут. Тады настаўнік кажа: «Калі я ем, то толькі ем!»... А мы ж часам трацім жыццё на тое, каб зрабіць усё і адразу, а ў выніку нічога не паспяваем. Лепш сканцэнтравацца, дасягнуць мэты, а потым рушыць далей.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».