Вы тут

Беларускія фільмы едуць на Ташкенцкі кінафестываль


28 верасня ў сталіцы Узбекістана Ташкенце распачне сваю работу ХІІІ Ташкенцкі Міжнародны фестываль з па-ўсходняму прыгожай назвай — «Жамчужына Шаўковага шляху». Мерапрыемства, статус якога пазначаны як «Фестываль фестываляў» мае стаць значнай падзеяй у сусветнай кінаіндустрыі. Мяркуецца, што на ім збяруцца ўдзельнікі з больш чым сарака краін. На пляцоўках па ўсёй краіне цягам некалькіх дзён будуць дэманстравацца найлепшыя фільмы еўрапейскіх і азіяцкіх кінематаграфістаў.


Удзел у фестывалі будзе прымаць і беларуская дэлегацыя на чале з дырэктарам Нацыянальнай студыі «Беларусьфільм» Уладзімірам Карачэўскім. Паводле яго слоў, беларускае кіно на фестывалі будзе прадстаўлена рознымі жанрамі. «Гледачы ўбачаць ваенную драму Дзмітрыя Астрахана «Лёс дыверсанта», фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча», які мы называем «беларускія „Гардэмарыны“, „Правілы геймера“ — сучаснае сямейнае прыгодніцкае кіно, фільм Мітрыя Сямёнава-Алейнікава „Франка“ з альманаха „Вайна. Застацца чалавекам“ — развагу аб антыгуманнасці любой вайны, — распавёў кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі. — На конкурс дакументальнага кіно наша праслаўленая Галіна Адамовіч прывязе работу „Вяда“. Акрамя таго, у насычанай праграме фестывалю запланаваныя майстар-класы, прэзентацыі, круглыя сталы, у якіх мы таксама мяркуем прымаць удзел».

Падчас Дня беларускага кіно ў рамках фестывалю нашы фільмы ўбачаць не толькі на кінапляцоўках Ташкента, але і Самарканда, і Сардар’і. Дакументальнае кіно будзе дэманстравацца ў Хіве. Надзвычай цікавым абяцае быць конкурс маладых кінамайстроў «Кіно за пяць дзён». Яго ўдзельнікі за пяць дзён да пачатку фестывалю накіраваліся ў розныя куткі Узбекістана, каб за гэты час зняць фільм, прысвечаны тэме Вялікага шаўковага шляху. Найлепшыя работы будуць прадэманстраваны падчас фестывалю. У гэтым даволі экстрэмальным конкурсе беларусы таксама ўдзельнічаюць — нашу краіну прадстаўляе Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў. 

Мяркуецца, што падчас фестывалю адкрыецца філіял ВГИКА у Ташкенце. Для наладжвання міжнародных адукацыйных сувязяў туды едзе дэкан факультэта экранных мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў Павел Іваноў. Увогуле, наладжванне сувязяў — адна з асноўных мэт паездкі нашай дэлегацыі. Уладзімір Карачэўскі заўважыў, што спадзяецца пазнаёміцца з патэнцыйнымі ўдзельнікамі Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад» — з гэтага года Нацыянальная кінастудыя з’яўляецца галоўным падрадчыкам па арганізацыі мерапрыемства. У планах таксама — падпісанне дамоўленасцяў з узбекскімі калегамі, што прывядзе на "Беларусьфільм«цікавыя творчыя праекты 

Аб усім гэтым падрабязней — у нашых навінах з першых вуснаў: «Звязда» таксама будзе на фестывалі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.