Вы тут

Петрышэнка: У Беларусі сярод краін СНД самы нізкі паказчык дзіцячай смяротнасці


У Беларусі сярод краін СНД самы нізкі паказчык дзіцячай смяротнасці. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка сёння на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Сёння на пасяджэнні Нацкамісіі па правах дзіцяці будуць падведзены вынікі рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2016—2021 гады. «Рэалізацыя мерапрыемстваў нацыянальнага плана дзеянняў дала магчымасць значна ўдасканаліць умовы для жыцця і развіцця дзяцей. Ёсць пазітыўныя вынікі. Напрыклад, у Беларусі сярод усіх краін СНД самы нізкі паказчык дзіцячай смяротнасці. Ён таксама ніжэйшы, чым у многіх развітых дзяржаў, уключаючы Вялікабрытанію, Данію, Літву, Польшчу, ЗША. У 2020 годзе каэфіцыент дзіцячай смяротнасці склаў 2,6 на 1 тыс. народжаных жывымі з улікам дзяцей, якія нарадзіліся з экстрэмальна нізкай масай цела. У той час як у 2015 годзе ён быў 3,0», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, у краіне практычна вырашана задача забяспечанасці дзяцей месцамі ў дашкольных установах. «Ахоп дзяцей ва ўзросце ад года да 6 гадоў павялічыўся з 75 працэнтаў у 2016 годзе да 85,2 працэнта ў 2020 годзе. Пры гэтым у мінулым годзе ахоп дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў такімі ўстановамі склаў 100 працэнтаў», — расказаў віцэ-прэм'ер.

За час рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў атрымалі развіццё сістэмы паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям і сацыяльнага патранату сем'яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. «Дасягнуты пэўныя вынікі па рэалізацыі права дзіцяці жыць і выхоўвацца ў сям'і. Напрыклад, удзельная вага дзяцей-сірот і дзяцей без апекі бацькоў, якія знаходзяцца на сямейных формах уладкавання, вырасла з 78 працэнтаў у 2015 годзе да 83,4 працэнта ў 2020 годзе. Спадзяёмся, што і далей прадоўжым нарошчваць гэты паказчык», — растлумачыў намеснік прэм'ер-міністра. Ён адзначыў, што развіваецца сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У 2020 годзе адкрыта 15 такіх дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, на выхаванне ў якія перададзена 136 дзяцей, у тым ліку 124 дзіцяці (91 працэнт) з дзіцячых інтэрнатных устаноў.

«У той жа час па-ранейшаму актуальны задачы, звязаныя з павышэннем якасці адукацыі, медыцыны і сацыяльнай дапамогі, развіццём інклюзіі, фарміраваннем у дзяцей і моладзі ўстойлівай патрэбнасці ў здаровым ладзе жыцця. Патрабуе ўдасканалення работа па абароне дзяцей ад насілля, у тым ліку сямейнага, абмежаванні іх ад дэструктыўнай і іншай негатыўнай інфармацыі. Вырашэнне гэтых праблем магчыма толькі пры комплексным і грунтоўным міжведамасным падыходзе. Адпаведныя меры павінны быць уключаны ў нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на наступныя пяць гадоў», — звярнуў увагу Ігар Петрышэнка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?