Вы тут

Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адзначыў 15-годдзе з моманту адкрыцця


Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — адметная экспазіцыйная прастора, якая з’явілася ў новым будынку галоўнай кніжніцы краіны ў 2006 годзе. За час сваёй дзейнасці музей стаў яскравай візітоўкай бібліятэкі. У пастаяннай экспазіцыі прадстаўлены рукапісы, старадрукі, у тым ліку скарынаўскія, і рэдкія выданні, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай айчыннай і сусветнай кніжнай спадчыны. З 2006 года ў музеі было рэалізавана сотні выставачных знакавых праектаў. Місія Музея кнігі з часоў свайго заснавання застаецца нязменнай: папулярызаваць і набліжаць да шырокай аўдыторыі ўнікальныя каштоўныя помнікі кніжнай культуры.

Нядаўна Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адзначыў 15-годдзе з моманту адкрыцця. Да юбілейнай урачыстасці ў сценах нацыянальнай кніжніцы быў праведзены круглы стол, адбылася прэзентацыя выстаўкі пад назвай «5+5+5».


Знаёмства з экспазіцыяй.

Судакрануцца са спадчынай Скарыны

Галоўныя тэмы, абмеркаваныя падчас круглага стала, датычыліся ролі Музея кнігі ў папулярызацыі кніжнай культуры, праблем і інавацыйных падыходаў да арганізацыі работы з наведвальнікамі. Мела месца і дыскусія аб перспектывах і кірунках далейшай дзейнасці. У ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі айчынных музеяў і бібліятэк, навуковых і адукацыйных устаноў, даследчыкі. Мадэратарам выступіў намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. У прывітальнай прамове ён падкрэсліў, што ідэя стварэння музея кнігі з’явілася задоўга да яго афіцыйнага адкрыцця: досвед назапашваўся, прычым не толькі апошнія 15 гадоў.

Прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ Аляксандр Гужалоўскі падкрэсліў два аспекты музейнай дзейнасці: дзяржаўна-прыватнае партнёрства і музейна-педагагічныя праекты. 

— Музейная педагогіка ў Беларусі ўжо інстытуцыянізавалася, бо не толькі рэалізоўвацца на практыцы, але і выкладаецца ў навучальных установах, з’яўляецца аб’ектам тэарэтычнай рэфлексіі: распрацоўваюцца метадычныя даследаванні, выходзяць артыкулы, — заўважыў навуковец. — І гэта моцны бок Музея кнігі.

Кнігазнаўца і былы загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Рошчына згадала перадгісторыю стварэння музея: 

— Сама ідэя бярэ пачатак на старонках прэсы. Яшчэ ў 1980-я гады ў «ЛіМе» разгарнулася дыскусія наконт таго, якія музеі патрэбны краіне. Адна з прапаноў і датычылася стварэння музея кнігі на базе аддзела рэдкай кнігі, — распавядала Таццяна Рошчына. — Калі стала ясна, што нацыянальная кніжніца атрымае новы будынак, распрацавалі канцэпцыю развіцця аддзела рэдкай кнігі, дзе і былі вызначаны кірункі будучага музея.

Галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна Кірэева пачала выступленне словамі Петраркі, прамоўленымі знакамітым паэтам больш ад 500 гадоў таму: нельга трымаць кнігі замкнёнымі, як у турме, яны павінны абавязкова пераходзіць з бібліятэкі ў памяць.

— Гэтыя словы і з’яўляюцца сімвалам Музея кнігі, — нагадала Галіна Кірэева. Эксперт падзялілася ўспамінамі пра першы этап яго стварэння ў новым будынку бібліятэкі і падкрэсліла, што менавіта Музей кнігі прэзентуе для шырокай аўдыторыі кніжнае багацце, якім валодае бібліятэка і наша краіна.

Адным з найбольш уражлівых і эмацыянальных быў расповед Наталлі Марцынкевіч. Яна працавала ў 2005–2007 гадах у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у тым ліку і загадчыцай музейнай і экскурсійнай дзейнасці. Былая супрацоўніца згадвала, як яны з калегамі пісалі лісты да музейшчыкаў у Маскву, каб тыя падзяліліся досведам, як правільна выбраць патрэбнае абсталяванне. Наталля і сама ездзіла ў Маскву, каб не памыліцца ў выбары вітрын замежнай вытворчасці — у Беларусі аналагаў не было. Калі вітрыны, што адпавядалі ўсім умовам, выбралі і яны былі дастаўлены ў бібліятэку, выявілася, што абсталяванне не можа трапіць унутр памяшкання праз дзверы. Выйсце знайшлі: нягледзячы на моцны штармавы вецер, які ўзняўся ў той дзень, вітрыны ўздымалі з вуліцы кранам. 

Біблія Ф. Скарыны. Чатыры кнігі царстваў. Прага, 1518 г.

Прафесар кафедры бібліятэчна-музейнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Доўнар адзначыла, што апошняе 15-годдзе стала знакавым і фенаменальным для галіны беларускага кнігазнаўства — і ў кожным рэгіёне Беларусі, і за яе межамі пра айчыннае кнігазнаўства і кніжную культуру даведаліся значна больш. Паводле словаў прафесара, бібліятэка стала прыцягальным асяродкам і для дзяцей, і для моладзі, і для прафесіяналаў. 

Загадчыца філіяла «Музей беларускага кнігадрукавання» Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Славіна Гаўрылава адзначыла, што цяпер вяртаецца цікавасць да сапраўднай кнігі: менавіта яе хочуць пагартаць дзеці і навучэнцы падчас экскурсій. Да экранаў смартфонаў ужо звыклі, яны не ўспрымаюцца эксклюзівам. Людзі жадаюць судакрануцца са спадчынай Скарыны, таму значнасць музеяў кнігі з часам будзе толькі ўзрастаць. 

Адной з самых прачулых была прамова галоўнага захавальніка фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава Святланы Лявонцьевай. Яна згадвала гісторыю знаходкі кніжных скарбаў. Удзельнікі пошукавай экспедыцыі, сярод якіх была і Святлана, трапілі ў глухую вёску, зайшлі ў стары дом і заспелі жанчыну вельмі паважнага ўзросту за чытаннем старадаўняй кнігі. Калі высветлілася, якую кнігу чытала гаспадыня, то ўсе прыйшлі ў вялікае хваляванне: гэта аказаўся львоўскі Апостал Івана Фёдарава 1574 года, знакаміты сваім пасляслоўем. Жанчына пагадзілася аддаць кнігу ў бібліятэку. Ад прапанаваных грошай адмовілася: «Прадаць кнігу ніяк няможна, бо не яна наша, а мы — яе». 

— Калі чалавек у глухой вёсцы разумее, што не яму гэтая культура належыць, а ён прыналежны да культуры, то повязь-час для яго не знікае, ніць не перарываецца. Хачу пажадаць усім нам адчування прыналежнасці да вялікай кніжнай культуры, каб час ад рук Францыска Скарыны, Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца не перарываўся. Тады ў нас будзе адчуванне годнасці, як і ў тых людзей, што перадавалі нам гэтыя кнігі, — зазначыла Святлана Лявонцьева.

Загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча — філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхал Бараноўскі падкрэсліў важнасць чалавечага фактару: паняцце каштоўнасць узнікае як плён працы людзей. 

— Каб чалавек разумеў бясцэннасць музейнай рэчы, гэтую інфармацыю да яго трэба данесці, інакш экспанат так і застанецца на паліцы, нікому невядомы. Працуючы з музейнымі калекцыямі, рыхтуючы выстаўкі, цікавячыся айчыннай культурай, адкрываеш для сябе вялікую яе скарбніцу. У кантэксце Музея кнігі мне падаецца, што беларускай кнізе з прамоўтарамі пашчасціла: праекты, якія ладзяцца ў бібліятэцы, сапраўды ўзорныя — на іх раўняюцца і іншыя бібліятэкі, і музейшчыкі — сочаць за навінамі, стараюцца нешта пераняць, нечаму навучыцца. Пераемнасць, якая ёсць у музеі кнігі, павінна быць захавана на будучыню, — выказаў пажаданне Міхал Бараноўскі.

Шэраг выступоўцаў згадвалі гісторыі стасункаў, датычных супрацоўніцтва з Музеем кнігі, распавядалі пра калег, якія на розных этапах спрычыніліся да стварэння ўстановы, адзначалі яе важнасць для айчыннай культуры і выказвалі ўдзячнаць. Юбілей Музея кнігі стаў нагодай і для адметных падарункаў у яго фонды — шэрагу каштоўных выданняў, у тым ліку з аўтографамі знакамітых пісьменнікаў мінулага стагоддзя, і твораў мастацтва.

Скрутак паморскі стараверскі, XIX ст.

Навука на пальмавых лістах

Падчас адкрыцця юбілейнай выстаўкі «5+5+5» Аляксандр Суша адзначыў, што музейна-экспазіцыйную дзейнасць Нацыянальная бібліятэка распачала ад моманту свайго заснавання 100 гадоў таму, арганізоўваючы выстаўкі. 

— Але толькі тады, калі адкрыўся 15 гадоў таму музей, з’явілася магчымасць паказаць самім сабе, наколькі багатую кніжную спадчыну мы маем. Сталі вяртацца выданні Францыска Скарыны і іншыя кніжныя помнікі з розных краін свету. Адбыліся шматлікія праекты, якія прыцягвалі ўвагу мноства людзей, у тым ліку звязаныя з музейнай педагогікай, — усё гэта было наватарскім. Музей, які інсталюе кнігі з фондаў бібліятэкі, стаў феноменам сучаснай айчыннай культуры, — зазначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У справядлівасці гэтых слоў можна было пераканацца, азнаёміўшыся з багаццем, прадстаўленым да ўвагі наведвальнікаў — 15 рарытэтаў з фондаў бібліятэкі, якія надзвычай рэдка пакідаюць яе фондасховішча: 5 рукапісаў, 5 старадрукаваных і 5 рэдкіх выданняў.

Самы старажытны сярод фондаў кніжніцы — арабскі рукапіс 1377 года. Гэта тлумачэнні на зборнік хадзісаў «Ніша свяцільнікаў», складзены Валіадзінам Мухамадам аль-Тыбі. Аўтар каментарыяў — АльХусайн б. Абдула б. Мухамад ат-Тыбі. Асноўны тэкст мае дадатак пад назвай «Кніга аб імёнах людзей». Хадзіс — пагадненне аб словах і дзеяннях прарока Мухамада. З хадзісаў складаецца Суна — святы тэкст мусульман. Перапісчык Абдульгафар аль-Гіфары пісаў тэкст дробным почыркам у каліграфічным стылі «насх». У рукапісе ёсць выдзяленні золатам з чорным контурам, чырвонай і сіняй фарбамі. Манускрыпт упрыгожаны мастацкімі застаўкамі ўнван. Рукапіс калісьці належаў графу Ф. І. Паскевічу. За 15 гадоў выстаўляецца ўжо другі раз.

Не менш прыцягвае ўвагу індыйская рукапісная кніга ХІХ стагоддзя, напісаная на санскрыце на пальмавых лістах, — кніга-потхі. Дакумент быў выраблены па старажытнай тэхналогіі: пальмавыя лісты адмыслова апрацоўваліся, паліраваліся, надпісы наносіліся завостранным стрыжнем з абодвух бакоў. Потым праз прабітую адтуліну лісты звязалі ў стос скураным шнуром, зверху і знізу прымацаваўшы дошчачкі-вокладкі. У кнізе-потхі выкладзена традыцыйная сістэма індыйскай народнай медыцыны — Аюрведа, альбо навука жыцця.

Ёсць сярод выстаўленых за шклом вітрын і зборнік вершаў беларускіх паэтаў 1999 года. Адмысловасць у тым, што ён існуе ў адзіным экзэмпляры. Упрыгожаны аўтографамі аўтараў вершаў, быў надрукаваны спецыяльна для бібліятэкі і падараваны ёй. Не менш каштоўны ў выставачнай інсталяцыі і іншы зборнік з аўтографам беларускага паэта, хаця і быў выдадзены значна большым накладам, — «Вянок» Максіма Багдановіча, калісьці падораны паэтам сябру Мікалаю Какуеву.

Гэтыя і іншыя выданні розных эпох, кнігі, якія пабачылі свет у разнастайных краінах, на розных мовах, быццам ажываюць у промнях дня, выцягнутыя са сваіх заўсёдных сховішчаў. Яны вабяць, зачароўваюць, абуджаюць фантазію, гіпнатызуюць уяўленне, перадаючы ад чалавека да чалавека сэнс быцця, разгадкі таямніцы стварэння сусветаў, дый проста цяпло чалавечых сэрцаў. Каб не знікала повязь паміж тым, што было, і тым, што ёсць... 

Выстаўка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чакае наведвальнікаў да 24 кастрычніка.

Яна БУДОВІЧ 
Фота Кастуся ДРОБАВА

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.