Вы тут

«Гуманітарная катастрофа на граніцы». Прэзідэнт Беларусі абмяркаваў сітуацыю на граніцы з кіраўнікамі сілавога блоку


У Палац Незалежнасці запрошаны дзяржаўны сакратар Саўбеза Аляксандр Вальфовіч, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня ДПК Анатоль Лапо і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Нагодай для сустрэчы стала пагаршэнне абстаноўкі на мяжы і заявы кіраўніцтва Польшчы, Літвы і Латвіі на чарговай сесіі Генасамблеі ААН, што Беларусь патокамі бежанцаў аказвае палітычны ціск на Еўрапейскі саюз.


Курс на канфрантацыю з Беларуссю

У пачатку размовы Аляксандр Лукашэнка папрасіў чыноўнікаў звярнуць увагу не толькі на бежанцаў — хапае праблем і ў плане абароны.

«Нам неабходна разгледзець сітуацыю, што складваецца на дзяржаўнай граніцы. Пры гэтым я папрасіў бы вас не арыентавацца толькі на тое, што адбываецца з мігрантамі. Не трэба супыняцца толькі на гэтым пытанні. У нас вельмі сур’ёзныя іншыя праблемы, звязаныя з абаронай. Вы бачыце, што разумныя і прасунутыя палякі разгортваюць цэлыя карпусы каля нашых межаў. У Польшчы, дзе не разгарні, зразумела, што не супраць Германіі разгортваюцца войскі замежных краін, перадусім ЗША», — пачаў Прэзідэнт.

Па яго словах, «лезе ў кожную шчыліну і Літва, каб паказаць сваю адданасць НАТА і ЗША», але самае сумнае — пазіцыя Украіны.

«У нас адкрываецца новы фронт, па-старому кажучы. Мы бачым, што яны робяць. Мала таго, што туды ўцяклі нашы „беглыя“, там ствараюцца вучэбна-трэніровачныя лагеры ў вялікай колькасці, дзе мэтанакіравана абучаюць не толькі „беглых“ працаваць па Беларусі, як кажуць спецслужбы», — кажа Прэзідэнт.

Ён звяртае ўвагу на патокі зброі з Украіны, на наяўнасць такіх сховішчаў каля межаў з Беларуссю.

«Калі гэтыя тайнікі для мерапрыемстваў на тэрыторыі Украіны, то іх не трэба цягнуць да нашай граніцы. Яны схавалі б дзесьці ў іншым месцы. Зразумела: мы бачым прыкметы непрыстойных дзеянняў у адносінах да Беларусі. То-бок, сітуацыя ў сумежных дзяржавах для нас неспрыяльная. Больш таго, кіраўніцтва гэтых краін узяло курс на канфрантацыю з Беларуссю», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта гэта тэма, як падагульніў кіраўнік краіны, павінна быць у фокусе сённяшняй размовы.

«Вы бачыце, ва Украіну цягнуць натаўскія войскі. Пад відам вучэбных цэнтраў там ствараюць фактычна базы ЗША. Зразумела, нам неабходна на гэта рэагаваць. Яны не чуюць нашай заклапочанасці», — звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказвае, што праводзіць па гэтым пытанні кансультацыі з Прэзідэнтам Расіі. Лідары дамовіліся прымаць сумесныя дзеянні.

«У супраціўным выпадку мы будзем мець на граніцы Беларусі і Расіі непрымальную для нас сітуацыю. Амаль да размяшчэння ракет адпаведнай далёкасці. Мы на гэта не падпісваліся і дапусціць гэтага не можам. Кіраўніцтва Украіны, на жаль, наплявала на ўласны народ і не чуе, што мы выказваем гэтую заклапочанасць», — адзначае Прэзідэнт.

Паводле Прэзідэнта, абстаноўка пагаршаецца дзеяннямі пагранічнікаў сумежных краін і заявамі іх кіраўнікоў, якія абвінавачваюць Беларусь у арганізацыі міграцыйнага крызісу.

Як дадаў Аляксандр Лукашэнка, свае абвінавачанні яны сцвярджаюць з самых высокіх трыбун, уводзячы ў зман усю сусветную супольнасць.

«Вазьміце іх выступленні на апошняй Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ідзе ціск з боку Польшчы, перадусім. Зразумела, што такое Польшча ў Еўрасаюзе. Пад парасонам амерыканцаў знаходзяцца, і яны праблем Еўрасаюзу дастаўляюць не менш, чым нам. Ціснуць на Еўрапейскі саюз, заяўляючы, што мы тут выбудоўваем нейкую гібрыдную атаку супраць Еўрапейскага саюза», — абураецца Прэзідэнт.

«Вы паклікалі туды мігрантаў — забірайце»

Пераходзіць кіраўнік краіны і да праблемы мігрантаў, адзначаючы заходнееўрапейскім суседзям: «Вы паклікалі туды мігрантаў — забірайце. Вы іх туды звалі. Вы разарылі гэтыя краіны. Вы першапрычына таго, што людзі бягуць адтуль, ад вайны на Захад».

Аляксандр Лукашэнка расказвае: існуе міжнародная банда, якая перавозіць мігрантаў не толькі праз Беларусь, але праз Міжземнае мора.

«Гэта ўсё арганізавана адпаведнымі людзьмі, якія там арганізоўваюць, фінансуюць часткова гэтых людзей. Праз самалёты яны ляцяць сюды, карыстаюцца бязвізавым рэжымам, што ў нас існуе. Тут іх таксама прымаюць адпаведныя людзі, вядуць на мяжу, перакідваюць. А там — у Польшчы, Літве і іншых краінах бандыты сядзяць, што іх прымаюць і адпраўляюць далей у Германію. Яны ж не ў Польшчу ідуць, а ў Германію, Францыю, часткова ў Вялікабрытанію», — тлумачыць Прэзідэнт.

Ён нагадвае свае заявы ў бок Еўрапейскіх краін, калі яны вядуць супраць нас гібрыдную і санкцыйную войны, Беларусь не будзе абараняць іх межы.

«У адкрытую сказаў, што так не будзе. Хай там змагаюцца з тымі, хто не патрэбны ў Польшчы ці Літве. Для застрашвання мігрантаў, што хочуць атрымаць прыстанішча ў краінах Еўрасаюза, людзі ў ваеннай форме сілай гоняць іх, як жывёлу, да нашай агульнай граніцы. Збітых, замерзлых, пакалечаных, часам мёртвых перакідваюць на наш бок. Нам што застаецца рабіць? Не кідаць жа чалавека на мяжы», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Ён раіцца з вайскоўцамі: што рабіць далей з мігрантамі, што будуць пакутаваць з надыходам халадоў?

«З зімой яны ж замерзнуць. Гэта ж людзі, прыйшоўшыя за тысячы кіламетраў з поўдня. Карацей, гуманітарная катастрофа на граніцы. Увялі надзвычайнае становішча суседзі. Нікога туды не пускаюць, каб ніхто не ведаў, як там паміраюць людзі. Паглядзіце, усе праваабаронцы рот закрылі і маўчаць. Супраць гэтых людзей таксама змагаюцца, і не даюць сказаць слова ні журналістам, ні праваабаронцам. Толькі з боку Беларусі яны могуць прыйсці да гэтых мігрантаў і паглядзець, як яны там на лініі граніцы існуюць», — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён заяўляе — дапамогу людзям, якія захраслі на мяжы, неабходна аказваць. Пры гэтым, кіраўнік краіны, звяртае ўвагу: бежанцы, якім зараз дапамагаюць нашы пагранічнікі, не хочуць у Беларусь.

«Яны настойваюць, каб прайсці ў Германію. І як патрабавалі палякі, літоўцы, яны падалі прашэнні, каб іх прапусцілі і далі віды на жыхарства. Прайшло два месяцы. Ні слыху, ні дыху. Яны што не разумеюць, што людзі замярзаюць?! Гэта іх адносіны да людзей. І цяжка траўмаваных, пакалечаных людзей становіцца ўсё больш. Вы гэта бачыце на граніцы. Гэта выклікае заклапочанасць Беларусі і за межамі Беларусі тых людзей, што не страцілі чалавечнасці», — адзначае Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звяртаецца да міжнародных арганізацый, кіраўнікоў грамадзянскай супольнасці замежных краін, каб яны звярнулі ўвагу на сітуацыі на мяжы, на выкананне правоў чалавека.

Па словах Прэзідэнта, вельмі важна вызначыцца, як дзейнічаць у будучыні, калі зменіцца надвор’е.

«Клімат у нас суровы. Мы атрымаем велізарную колькасць загінулых на граніцы», — адзначае Аляксандр Лукашэнка.


Каментарый у тэму

Па словах старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатоля Лапо, толькі за апошнія суткі (па стане на панядзелак) зафіксаваны спробы выціснуць на нашу тэрыторыю каля 300 нелегальных мігрантаў. Ён нагадаў, што ўжо некалькі тыдняў каля нашай граніцы знаходзіцца яшчэ адна група з 32 мігрантаў, якім дапамагаюць беларускія пагранічнікі і мясцовыя жыхары.

«Мы будзем ім дапагамаць. Мы прапаноўвалі ім дапамогу ў Беларусі. Але яны настроены ехаць далей у Еўрасаюз. Мы, пагранічнікі, мясцовае насельніцтва ім дапамаглі прадуктамі, цёплымі рэчамі. Мы гэтых людзей у бядзе не кінем. Але ўмовы, у якіх яны знаходзяцца, нагадваюць 1940-я гады», — кажа журналістам Анатоль Лапо.

Ён прыводзіць даныя за апошні тыдзень: каля 2000 бежанцаў імкнуліся выціснуць на тэрыторыю Беларусі з сумежных краін.

Пад асаблівай увагай беларускіх пагранічнікаў і ўзмацненне ўкраінскай граніцы, што мае працягласць больш за 1000 кіламетраў. За апошнія чатары гады, заўважае галоўны пагранічнік краіны, яе забяспечылі лепш, чым польскую.

«Калі ўзяць працягнасць у 1084 кіламетраў граніцы, там у нас ужо сігналізацыйных комплексаў каля 500 кіламетраў. Апошнія пяць гадоў мы з Расіяй рэалізоўваем сумесную праграму па абсталяванні паўднёвых межаў, — дадае Анатоль Лапо — Канешне, адразу ўсё не зробіш. Але мы імкнёмся рабіць макісмальна, каб там было ўсё закрыта».

Адзначае Анатоль Лапо і ўзрастаючую колькасць ваеннай тэхнікі і салдат на польскай граніцы.

«Практычна каля 1000 ваенаслужачых Польшчы знаходзяцца на граніцы. Выконваюць сваю задачу пагранічнікі, але і іншыя ўзброеныя сілы знаходзяцца на граніцы — значыць, інтарэс нейкі іншы. Фіксуем, што на пагранічных дарогах у паўднёвым кірунку рухаецца бронетэхніка, цяжкая тэхніка. У пагранічнікаў такой тэхнікі няма. Робім выснову, што там узмацняецца прысутнасць узброенных сіл», — заяўляе старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Расказаў Анатоль Лапо, як дзейнічаюць пагранічнікі, каб папярэджваць выцісканне бежанцаў на нашу тэрыторыю.

«Сігналізацыйныя комплексы не знаходзяцца на самой мяжы. Яны размешчаны за тры-чатыры кіламетры, на папярэджваючых рубяжах. Мы свае сродкі зараз засяроджваем непасрэдна на граніцы. Пагранічнікі нясуць сваю службе незаўважна. Калі бачым, што рухаецца група людзей, з укрыцця выходзіць пагранічнік і кажа: «Стоп. Гэта беларуская тэрыторыя. Рухайцеся назад», — тлумачыць кіраўнік ведамства.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.