Вы тут

Максім Недасекаў: «Мы скачам з дапамогай не сілы, а галавы»


Кожныя Алімпійскія гульні — гэта чарговая старонка спартыўнай гісторыі, якую ўвесь свет бачыць на свае вочы. Менавіта гэтым яны і прыцягваюць мільёны людзей. І таму цікавейшымі становяцца непасрэдныя ўдзельнікі новай гісторыі — спартсмены. Сёлета ўсе назіралі, як у Токіа робіцца гісторыя ў скачках у вышыню. Упершыню алімпійскімі чэмпіёнамі сталі адразу два спартсмены. Акрамя таго, чэмпіёнскі вынік і вынік трэцяга месца абсалютна аднолькавыя — 2 метры 37 сантыметраў. І, што асабліва важна, у цэнтры гэтай гісторыі — беларус Максім Недасекаў, ад алімпійскага «золата» яго аддзялілі некалькі няўдалых спроб. Але сам спартсмен лічыць, што «бронза» — толькі пачатак яго алімпійскай гісторыі.


— Максім, спаборніцтвы ў скачках на Алімпійскіх гульнях у Токіа былі сенсанцыйныя. У мужчын — два алімпійскія чэмпіёны, у жанчын — трыумфальная перамога Марыі Ласцікенэ. Што ты думаеш на гэты конт?

— Гэта ж добра, што так шмат цікавых падзей і ўвагі! У нас была сапраўдная сенсацыя — упершыню ў гісторыі скачкоў у вышыню два пераможцы. Ніколі не было і такога, што ў першага і трэцяга месца вынік 2 м 37 см. І ў чацвёртага і пятага месцаў аднолькавы вынік — 2,35. Канкрэтна на Алімпійскіх гульнях такога ніколі не было, на чэмпіянатах свету здаралася. Але гэта Алімпіяда, не проста так рэкорд Алімпійскіх гульняў — 2,39. Спартсмены могуць скакаць і вышэй, але на Алімпіядзе на спартсменаў заўсёды вялізны ціск, што адбіваецца і на выніках.

— Ты кажаш, што ў 23 гады станавіцца чэмпіёнам рана. Джанмарка Тамберы — 29 гадоў, Мутазу Баршыму — 30 гадоў. Атрымліваецца, што пік формы ў скачках у вышыню прыпадае дзесьці на 30 гадоў?

— Так, ідэальны ўзрост пачынаецца ад 26 гадоў, калі арганізм ужо цалкам сфарміраваны. У прынцыпе ў 23 ён таксама ў добрай форме. Але бліжэй да 25 гадоў ужо можна выконваць большыя аб’ёмы, нагрузкі, у гэтым узросце косці, мышцы, суставы толькі ўмацоўваюцца. І, што важна, мы ж скачам з дапамогай не сілы, а галавы. У кожнага чалавека ёсць свой унутраны рэзерв. Калі ён уключаецца, чалавеку нічога не страшна, ён усё можа, як пры ўсплёску адрэналіну. І мы вучымся такі стан уключаць на спаборніцтвах. І зразумела, што з узростам, з вопытам гэта атрымліваецца лепш. На Алімпійскіх гульнях усе былі добра гатовыя, але перамагалі тыя, хто лепш уключыў у сабе гэты ўнутраны рэзерв. Я дастаў з сябе максімум і лічу, што 2,37 — добры вынік на Алімпійскіх гульнях для майго ўзросту.

— У такім выпадку ў якім узросце ў скачках у вышыню надыходзіць спад формы?

— Дональду Томасу — 37 гадоў і ён бярэ 2,30 на спаборніцтвах. Усё залежыць ад падрыхтоўкі спартсмена. Калі ён рыхтуецца планамерна, не фарсіруе падзеі, то дажыве і да «спорту пасля 30». А калі неразумна падыходзіць да трэніровак, фарсіруе падзеі, то ўсё можа закончыцца траўмай і ў 25. З часам, калі мышцы, суставы ўмацоўваюцца, атрымаць траўму не так і проста. Я на трэніроўках магу не так паставіць нагу, яна крыху падвернецца, але без сур’ёзных наступстваў, бо добра падрыхтаваны мышцы.

— Многіх цікавіць пытанне: паколькі два «залатыя» чэмпіёны, чаму ў цябе "бронза«вы медаль, а не сярэбраны?

— Усё проста: «серабро» перайшло ў «золата», а «бронза» засталася на сваёй пазіцыі. Калі б я перайшоў на другое месца, чацвёртае месца павінна было б перайсці на трэцяе. А так быць не можа.

— Шчыра кажучы, калі б ты апынуўся ў такой сітуацыі, ты б пераскочыў рашаючую спробу, каб раздзяліць «золата» і «серабро»?

— Гэта залежыць ад таго, з кім бы я апынуўся ў такой сітуацыі. Калі б гэта былі Тамберы ці Баршым, я б выканаў яшчэ адну спробу. Няважна, прайграў бы ці не. Я ў сабе ўпэўнены, і я б скокнуў яшчэ раз. А калі б там быў мой сябар Ілья Іванюк, я б задумаўся, ці варта гэта рабіць. Тамберы і Баршым — добрыя сябры, і яны зрабілі гісторыю. І гэта сапраўды прыгожа — два сябры разам становяцца алімпійскімі чэмпіёнамі. Я б са сваім сябрам паступіў такім жа чынам.

Фота: БелТА

— У скачках у вышыню ў цябе шмат сяброў?

— Дастаткова. У мяне добрыя зносіны з Андрэем Чурылам. Пасля Алімпіяды пасябравалі з Джанмарка Тамберы. Усе ведаюць, што мае сябры — расіяне Ілья Іванюк і Міша Акіменка. Мае добрыя таварышы — Багдан Бандарэнка і Андрэй Працэнка з Украіны. Увогуле, у нашым сектары ва ўсіх добрыя адносіны. Да кожнага спартсмена можна падысці, нешта спытаць, аб нечым папрасіць, параіцца, і ніхто не адмовіць. У нас няма такога, каб мы жадалі няўдачы ці правалу адзін аднаму. У скачках у вышыню заўсёды так. Гэта яшчэ спартсмены старэйшага пакалення завялі, а мы працягваем. Разам спаборнічаем — разам і адпачываем. І падчас спаборніцтваў лягчэй, калі паміж спробамі можаш пажартаваць, паразмаўляць на іншыя тэмы. Гэта дапамагае не нервавацца і не хвалявацца.

— Максім, зыходзячы з усіх эпідэміялагічных мер, было мала часу, каб акліматызавацца ў Токіа. Табе хапіла часу?

— Я прыляцеў у Японію за два дні да пачатку спаборніцтваў. Якая можа быць акліматызацыя ў маладых спартсменаў? Малады арганізм на змену клімату не рэагуе, ён хутка адаптуецца да розных умоў. З узростам арганізму становіцца цяжэй, і тут ужо можа спатрэбіцца час на акліматызацыю. А калі мне кажуць пра акліматызацыю маладыя спартсмены, я ўсміхаюся. Магчыма, таму што сам на сабе такога не адчуваў. І ўвогуле, надвор’е ніяк не ўплывае на форму і выступленне. Толькі калі сам сябе настроіш, што раз ідзе дождж, значыць, добра выступіць не атрымаецца. У сектары ўсе знаходзяцца ў аднолькавых умовах, і кожны выходзіць туды спаборнічаць.

— У скачках у вышыню ёсць максімальная мяжа?

— Хутчэй не, чым так. Цяпер сусветны рэкорд — 2,45 метра, але яго паб’юць. Гэта абсалютна рэальна. Проста для гэтага трэба правільна падрыхтавацца. Два гады прысвяціць выключна трэніроўкам і думаць толькі аб іх.

— У цябе цудоўна атрымалася скокнуць 2,37, але 2,39 пакуль не паддаліся. Няўжо два сантыметры адыгрываюць такую важную ролю?

— Не ў сантыметрах справа, два сантыметры — гэта не шмат. Але нават лішнім разам узяць 2,37 складана. Усё залежыць ад таго ўнутранага рэзерву, пра які я казаў раней. З кожнай спробай уключаць яго ўсё складаней. Як было на Алімпіядзе? Калі стала зразумела, што 2,33 медалі разыгрывацца не будуць, прыйшлося браць 2,35, я яе не ўзяў. І зразумеў, што максімум прыйдзецца паказваць на 2,37 ці 2,39. А ўнутраны рэзерв, адрэналін з кожнай спробай траціўся. І мне яго хапіла на 2,37. Я спрабаваў скокнуць 2,39, але нас затрымалі з-за бегуноў. Такое часта здараецца, калі ты настройваешся, ужо гатовы бегчы, а табе не даюць. І ўвесь запал патухае. Гэтыя два сантыметры — больш псіхалагічны, чым тэхнічны момант. Мой арганізм гатовы ўжо і 2,40 скокнуць — усё залежыць ад псіхалогіі.

Фота: НОК

— Растлумач, калі ласка, як чалавек, які скача 2,37, не бярэ вышыню 2,19?

— Я проста не ўмею скакаць вышыні ад 2,20 да 2,30. Я іх не разумею. З аднаго боку, і не трэба вельмі старацца, а з іншага — трэба. Я люблю скакаць, калі планка высока і трэба цягнуцца да яе, трэба трымаць гэты скачок да апошняга. А на гэтых вышынях планка нізка, і скачок адразу абрываецца. Для мяне гэта праблема. Калі ў мяне не атрымліваецца нават 2,28, адразу пераношу спробы на 2,30. На гэтай вышыні я адчуваю сябе ўпэўнена адчуваю.

— У гэтым прычына тваёй тактыкі — пераносіць спробы на больш вялікія вышыні?

— Менавіта так. На апошнім старце я размаўляў з бацькам Джанмарка Тамберы. І ён расказаў, што, калі я пераношу спробы, Джанмарка мяне ненавідзіць. Таму што, калі я пераношу, я іх заўсёды бяру. Мяне за гэта не вельмі любяць, а мне падабаецца такая тактыка. Пераносіць вышыню цяжка. Трэба быць псіхалагічна падрыхтаваным, каб узяць планку, вышэйшую за тую, што не атрымалася. Таму мала хто так робіць. Але я ў гэтым плане псіхалагічна ўстойлівы. Ну і не варта забываць пра ўнутраны рэзерв.

— Ці былі выпадкі, калі цябе гэтая тактыка падводзіла?

— Здараліся выпадкі, калі я проста быў не падрыхтаваны да пэўнай вышыні. І ў такіх выпадках я гуляю сваёй тактыкай. Разумею, што не атрымаецца, але ўсякае можа быць. Іду ва-банк.

— Ты вядомы як любімец публікі на трыбунах. Але ў Токіа гледачоў на трыбунах не было...

— З поўным стадыёнам лёгка выступаць, я не затрачваю столькі сіл, як здаецца. Гледачы аддаюць сваю энергію, я — сваю, і атрымліваецца такі кругаварот энергіі на стадыёне. А на пустым стадыёне скачаш сам з сабой. Але ў Токіа мне было няважна: будуць людзі на трыбунах ці не. Я стараўся, каб мяне нічога не адцягвала. Алімпіяда — самы адказны старт, і трэба быць поўнасцю засяроджаным на самім сабе.

— У 2018 годзе на чэмпіянаце Еўропы ты заваяваў «серабро», выступаючы з язвай. На чэмпіянаце свету напярэдадні твайго выступлення ў гасцініцы быў патоп. Нейкая дзіўная заканамернасць?

— Як паказвае практыка, калі нешта здараецца, значыць, будуць добрыя спаборніцтвы. А калі ўсё будзе гладка — выступлю дрэнна. На Алімпіядзе на мяне пастаянна капала вада з кандыцыянера. З кожнай сітуацыі можна знайсці выйсце. І на адказных стартах не варта звяртаць увагу на нейкія дробязі. Я аднойчы выступаў са зламаным пальцам на назе. Прычым зламаў яго вельмі недарэчна, сам быў вінаваты. А выступаць трэба, хоць і балюча. Ну а раз сам вінаваты — мне і пакутаваць.

— Максім, у верасні ў фінале Брыльянтавай лігі ты размясціўся на чацвёртай пазіцыі. Адбілася стомленасць пасля Алімпійскіх гульняў?

— Брыльянтавая ліга не самы важны старт. Ён не дае ніякіх прывілей. Важна добра выступаць на чэмпіянатах Еўропы, свету, на Алімпійскіх гульнях. Гэта добры камерцыйны, але не самы важны старт. Таму пасля Алімпійскіх гульняў усе выступалі ў сваё задавальненне. Поўнасцю выклаліся ў Токіа. Амаль ніхто за вынікам не гнаўся. Ну, хіба што тыя, хто на Алімпіядзе сябе не праявіў. Я сваім вынікам задаволены. Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах, на Алімпійскіх гульнях. Цалкам аддаў энергію і маральны стан туды. І вярнуць такі эмацыянальны стан яшчэ на тры старты пасля Алімпіяды было немагчыма. І ўжо не патрэбна. Я проста добра правёў час на гэтых турнірах.

— Калі Алімпіяда ўжо прайшла, і для цябе — вельмі паспяхова, можаш ацаніць, ці карысным быў дадатковы год?

— Цяжка сказаць. І я ў мінулым годзе быў гатовы на такі вынік. Проста за гэты год выпала няшмат стартаў і не было сэнсу выніку паказваць. Увогуле, з маіх калег у форме ніхто не страціў, усе былі добра гатовыя. Праўда, на Алімпіядзе мы ўпершыню ўбачылі карэйца. Дагэтуль ні на якіх турнірах яго не бачылі, а на Алімпіядзе ён адразу заняў чацвёртае месца. Гэта вельмі загадкава. І, магчыма, для такіх спартсменаў дадатковы год пайшоў на карысць.

— Максім, дай ацэнку ўсяму летняму сезону?

— Я магу ацаніць увесь гэты год. Тры скачкі па 2,37 кажуць пра многае. Я ніколі не думаў, што вазьму такую вышыню. Думаў, буду скакаць 2,30 і гэта будзе мой максімум. Затым узяў 2,25 і тады зразумеў, што магу яшчэ вышэй, гэта рэальна. Наступная вышыня — 2,39–2,40. Я да гэтага гатовы, проста патрэбна падысці да такіх вышынь.

— Матывацыя пасля алімпійскага медаля змянілася?

— Не, абсалютна. Я нават не магу сказаць, што ў маім жыцці нешта кардынальна змянілася. Я забраў сваё, тое, на што разлічваў. Але мая галоўная мэта — алімпійскае «золата» — яшчэ не дасягнутая. Засталося тры гады, і трэба рыхтавацца і трэніравацца. Усё як звычайна.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.