Вы тут

Як прайшла летняя аздараўленчая кампанія ў санаторыях і дзіцячых лагерах?


Сёлетнім летам попыт на пуцёўкі ў беларускія санаторыі перавышаў прапанову. З пачатку года ў нашых здраўніцах адпачыла 975 тысяч чалавек, з іх амаль 40 працэнтаў — замежнікі, прычым пераважную большасць складалі расіяне. Экспарт паслуг, адпаведна, удалося нарасціць. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што сітуацыя паляпшаецца ў параўнанні з мінулым годам, калі пандэмія прымусіла працаваць санаторыі ледзь не ў рэжыме выжывання і нават часова закрываць іх. Але варта заўважыць, што і сёлета выпадкі COVІD-19 не абмінулі беларускія здраўніцы.


Фота: pixabay.com

— Запаўняльнасць санаторыяў у летнія месяцы дасягнула максімальных значэнняў і склала сёлета 80 працэнтаў, што адпавядае патрабаванням часовых рэкамендацый па прафілактыцы COVІD-19, — кажа дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — Адначасова ў здраўніцах па ўсёй краіне аздараўлівалася каля 20 тысяч чалавек, з іх 3-3,5 тысячы — замежнікі. Колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі сярод адпачывальнікаў і персаналу — некалькі дзясяткаў, што дазваляла не спыняць работу санаторна-курортных устаноў.

Такім чынам, дзякуючы ўдаламу лету запаўняльнасць за студзень — верасень вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 16 пунктаў і складае 75 працэнтаў. Агульная колькасць тых, хто атрымаў сёлета магчымасць аздаравіцца, падрасла амаль на палову і склала 975 тысяч чалавек. Колькасць пуцёвак у вольнай рэалізацыі павялічылася на 39 % і склала 430 тысяч. Экспарт паслуг падрос на 39 працэнтаў, а сума выручаных ад яго сродкаў склала больш за 102 мільёны рублёў (летась — 73 мільёны).

Сёлета ў нашых санаторыях пабывалі прадстаўнікі амаль чатырох дзясяткаў краін, аднак з далёкага замежжа па зразумелых прычынах былі адзінкі.

— Ва ўмовах закрытых граніц і нявызначанасці, у чырвонай ці зялёнай зоне па COVІD-19 знаходзіцца наша краіна, расійскія грамадзяне складалі большасць замежнікаў. Усходнія суседзі, для якіх не было ніякіх перашкод, дазволілі нам захаваць экспартны патэнцыял, — адзначае Генадзь Балбатоўскі.

Аднак менавіта пандэмія дазволіла здраўніцам максімальна аднавіць матэрыяльна-тэхнічную базу. У 2020 годзе невысокая запаўняльнасць дазваляла займацца рамонтам і рэканструкцыяй. На гэтыя мэты было выдаткавана 108 мільёнаў рублёў (для параўнання: у 2019-м — 78 мільёнаў).

— Санаторна-курортныя ўстановы зарабілі каля 600 мільёнаў, з іх 108, а гэта шостая частка, выдаткавалі на развіццё ўласнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, і гэта вельмі добры вынік. Штогод дынаміка тут складае 15—20 працэнтаў, — адзначае суразмоўнік.

Што датычыцца дзіцячага аздараўлення, то пуцёўкамі ў лагеры сёлета былі забяспечаны ўсе ахвотныя. На летнюю кампанію гэтага года было выдаткавана больш за 46 мільёнаў рублёў, што дазволіла адпачыць 345 тысячам школьнікаў. А гэта каля трэці ўсіх юных беларусаў. Для параўнання: у мінулым годзе ў лагерах адпачыла ўсяго 173 тысячы дзяцей.

У краіне працавала 5809 лагераў розных тыпаў. Сярод адпачывальнікаў была вялікая катэгорыя дзяцей-інвалідаў (4800) і дзяцей-сірот (каля 11,5 тысячы). На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы патрацілі больш за 12,5 мільёна рублёў.

— Летняя кампанія прайшла без успышак захворванняў. Сярод 345 тысяч дзяцей мы зафіксавалі ўсяго каля 80 завозных выпадкаў COVІD-19 у лагерах з дзённым знаходжаннем і 24 — у кругласутачных. Усё яны абышліся без цяжкага цячэння і далейшага распаўсюджвання інфекцыі, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

Усе лагеры працавалі з улікам новых метадычных рэкамендацый па папярэджанні COVІD-19. Яны не такія жорсткія, як леташнія, якія прадугледжвалі вахтавы метад работы педагагічных і медыцынскіх работнікаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.