Вы тут

Праца і жыццё ва ўмовах электронных стасункаў і суперсэрвісаў


Развіццё электроннага ўрада, укараненне ІD-картак, лічбавая трансфармацыя рэальнага сектара эканомікі, ахова інфармацыі, трансгранічнае ўзаемадзеянне... А таксама дэманстрацыя дасягненняў рэгіёнаў Беларусі ў галіне лічбавізацыі і абмеркаванне яе стану, развіцця і перспектыў. Такія пытанні і мэты абмяркоўваліся на Рэгіянальным лічбавым форуме #GBCregіons (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне — рэгіёны), які стаў лагічным працягам Міжнароднага лічбавага форуму, што прайшоў у сталіцы вясной.


Празрыстасць праз лічбы

Да канца года рэгіянальныя мерапрыемствы, разлічаныя на ўдзел прадстаўнікоў дзяржорганаў і арганізацый, малога і сярэдняга бізнесу і банкаўскай сферы, пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Першае ўжо стартавала ў Гомелі.

Лічбавізацыя і камунікацыйна-інфармацыйныя тэхналогіі ў Гомельскай вобласці прысутнічаюць практычна ў кожнай сферы: ад эканомікі да сацыяльнай галіны. Гамяльчане, напрыклад, першымі ў Беларусі адкрылі дзіцячы тэхнапарк на базе дарослага.

— Сёння мы актыўна ўдзельнічаем у лічбавым і электронным урадзе. Электронны бюлетэнь і электронны дзённік ужо сталі звыклай справай для вобласці. Мы распрацоўваем шматлікія праекты з «Гомсельмашам», у прыватнасці па ўкараненні датчыкаў дыстанцыйнай перадачы даных на камбайны вытворчасці гэтай арганізацыі. Выходзім на дыстанцыйнае кіраванне электроннымі прыладамі з мясцовай ЖКГ. Разам з Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг працуем над удасканаленнем другой чаргі сэрвісу «адно акно». Сур'ёзна ставімся да рэалізацыі задач «разумны дом» і «разумны горад», — падкрэсліла Алена КЛІЧКОЎСКАЯ, кіраўнік спраў Гомельскага аблвыканкама.

Форум створаны для абмеркавання стану і развіцця электроннай будучыні Беларусі і скіраваны на перавод узаемадзеяння на ўсіх узроўнях у лічбавую плоскасць, абазначыў Аляксей ЦЫМБАЛАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам:

— Гэта, прынамсі, павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства, якое заснавана на выкарыстанні сучасных тэлекамунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання і змяншэнне выдаткаў сацыяльных камунікацый для кожнага члена грамадства з выкарыстаннем высокіх тэхналогій. Аптымізацыя ўзаемадзеяння грамадзян, бізнесу, чыноўнікаў з мэтай дасягнення больш высокага ўзроўню адкрытасці, празрыстасці і хуткасці стасункаў.

Смарт-платформа і дзяржаўнае воблака

Акрамя таго, форум — гэта яшчэ і вельмі важная дыялогавая пляцоўка, якая дазволіць стваральнікам воблачных тэхналогій стаць бліжэй да спажыўца, абмеркаваць пытанні лічбавай трансфармацыі і даведацца, што патрэбна людзям. Такая зваротная сувязь ад бізнесу, грамадзян і арганізацый дазваляе адпавядаць патрабаванням часу пры стварэнні новых прадуктаў, падкрэсліў Алег СЯДЗЕЛЬНІК, генеральны дырэктар Беларускіх воблачных тэхналогій.

Сярод ужо рэалізаваных праектаў кампаніі — адзіная рэспубліканская сетка перадачы даных, сетка сувязі чацвёртага пакалення, дзяржаўнае рэспубліканскае воблака для размяшчэння дзяржаўных інфармацыйных сістэм. Больш за 700 арганізацый, дарэчы, ужо размясцілі свае рэсурсы на воблаку. З боку іншых дзяржарганізацый ідзе ацэнка магчымасці пераносу сюды сваіх сістэм.

— Маючы падобную інфраструктуру, мы проста абавязаны развіваць і прапаноўваць новыя рашэнні, — падкрэсліў Алег Сядзельнік. — Адно з іх — смарт-платформа, з дапамогай якой плануем звесці ў адзінае цэлае разумныя тэхналогіі, каб сферы ЖКГ, машынабудаўніцтва, транспарту, медыцыны маглі выкарыстоўваць сістэмы штучнага інтэлекту. Плануем дапамагаць прадпрыемствам, якія займаюцца развіццём муніцыпальнага транспарту, каб і яны ў межах палігонаў, на якіх сертыфікуюцца машыны і тэсціруюцца тэхналогіі, маглі выкарыстоўваць усе тэхналогіі сувязі, каб заставацца канкурэнтаздольнымі.

Актуальнасць і значнасць адукацыйных праграм у сферы інфармацыйнай бяспекі ўзрастае з развіццём лічбавых і тэлекамунікацыйных тэхналогій. Інфармацыя — адзін з найважнейшых і найкаштоўнейшых актываў любога прадпрыемства, таму паўстае пытанне аб яе належнай ахове, заўважыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам:

— Развіццё інтэрнэту і спадарожных тэхналогій стварае мноства магчымасцяў для кіберзлачынцаў, таму мэта нашых курсаў — падрыхтаваць спецыялістаў у сферы ІT для аперацый у кібер-прасторы ў самых розных сферах. Курсы актуальныя для супрацоўнікаў і дзяржсектара, і бізнесу. Да канца года на базе створанага адукацыйнага цэнтра мы плануем навучыць больш за тысячу абанентаў.

Права быць забытым

Лічбавізацыя — агульнасусветны трэнд. Лічбавая трансфармацыя, укараненне электроннага ўраду, трансгранічнага абмену інфармацыяй немагчымы без прытрымлівання заканадаўства аб персанальных даных, перакананы Мікалай САВАНОВІЧ, начальнік аддзела канстытуцыйнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў:

— Сёння агульнапрынятым тэзісам з'яўляецца сцвярджэнне, што персанальныя даныя ва ўмовах інфарматызацыі, лічбавізацыі ўсіх бакоў дзяржаўнага і грамадскага жыцця становяцца «новай нафтай». Яны з'яўляюцца зместам інфармацыйных рэсурсаў і сістэм. Вельмі важна, каб распрацоўшчыкі новых элементаў электроннага ўрада, новых інфармацыйных сістэм, якія ўкараняюцца як у дзяржаўным кіраванні, так і ў прыватнай сферы, прытрымліваліся патрабаванняў заканадаўства аб персанальных даных. Гэта дазволіць у будучыні пазбегнуць розных няўзгодненасцяў пры рэалізацыі падобных маштабных інфраструктурных праектаў з заканадаўствам.

15 лістапада ўступіць у сілу Закон аб ахове персанальных даных, прыняты ў маі. Гэта першы вопыт комплекснага рэгулявання азначанага пытання ў нашай краіне. Ён надзеліць грамадзян шэрагам правоў, якіх у іх цяпер няма. У тым ліку так званае права быць забытым, права патрабаваць спынення апрацоўкі персанальных даных (калі няма юрыдычнай падставы на іх апрацоўку) і іх выдалення.

Вельмі важным для эфектыўнага прымянення гэтага закона становіцца і стварэнне спецыялізаванага органа, які будзе займацца кантролем і кіраваннем у сферы аховы персанальных даных. Замежны вопыт паказвае, што толькі там, дзе ёсць спецыялізаваныя органы з шырокім колам паўнамоцтваў, падобныя законы ўкараняюцца ў жыццё, а не застаюцца на паперы, падкрэсліў Мікалай Савановіч:

— Увогуле, задача закона — знайсці баланс паміж канстытуцыйным правам чалавека на ахову сваіх даных і магчымасцю арганізацый развіваць інфармацыйныя паслугі і рэсурсы, у тым ліку тыя, што збіраюць персанальныя даныя. Для насельніцтва гэты закон створыць дадатковую гарантыю аховы персанальных даных, інфармацыі прыватнага жыцця. Грамадзяне атрымаюць, напрыклад, права бясплатна раз на год патрабаваць ад аператара звесткі, хто на працягу года меў доступ да яго персанальных даных на пэўным інфармацыйным рэсурсе.

Электронны ўрад, подпіс і кабінет

Інфраструктура электроннага ўрада ў краіне створана. Цяперашняя задача — яе разгортванне і ўдасканальванне, а таксама нарошчванне сэрвіснага складніка, падкрэсліў Раман ГРАДУСАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— З 1 верасня ў Беларусі пачалося ўкараненне біяметрычных дакументаў, у прыватнасці ўнутранага пашпарта беларуса — ІD-карткі. Асноўная яе адметнасць — запісаны на чыпе карткі крыптаграфічны дадатак — электронна-лічбавы подпіс (ЭЛП). Дагэтуль носьбітамі ЭЛП з'яўляліся толькі сім-карткі ці флэш-носьбіты. Колькасць лічбавых подпісаў такім чынам неўзабаве павялічыцца ў разы.

Дагэтуль на адзіным партале электронных паслуг быў рэалізаваны ўласны кабінет кожнага грамадзяніна. Кабінет актывізуецца пасля першага ўваходу ў яго чалавека, які выкарыстоўвае для гэтага свой ЭЛП.

На партале рэалізавана ўжо больш за 200 электронных сэрвісаў, 61 з якіх — адміністрацыйныя працэдуры. Летась было аказана крыху больш за 6,5 млн электронных паслуг, сёлета — ужо больш за 8 млн. Штодня аказваецца каля 35 тысяч электронных паслуг і 200 адміністрацыйных працэдур.

— На жаль, некаторыя адміністрацыйныя працэдуры немагчыма алічбаваць — чалавеку давядзецца прад'яўляць пэўныя дакументы, з якімі ён мусіць прыходзіць фізічна, каб атрымаць працэдуру. Аднак большасць іх усё ж магчыма перавесці ў электронны фармат, — адзначыў дырэктар цэнтра. — Паступова колькасць адмінпрацэдур будзе змяншацца, а іх электронная колькасць павялічвацца. Аднак гэта будзе не чыстая алічбоўка, а перагляд усяго комплексу мерапрыемстваў у сферы аказання пэўных працэдур.

Адна з новых змен — распрацоўка і развіццё так званых суперсэрвісаў, калі чалавеку паслуга будзе аказвацца ў залежнасці ад яго жыццёвай сітуацыі: нараджэнне дзіцяці, рэгістрацыя як бізнес-асобы і іншыя абставіны, якія адсочыць сама дзяржава.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Лічбавае ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.