Вы тут

Каля жылога квартала «Магістр» у Мінску адкрыўся новы экапарк «Качыны бераг»


На вуліцы Іллі Капіевіча каля жылога квартала «Магістр» адкрыўся новы экапарк «Качыны бераг». Нягледзячы на тое, што плошча гэтай зоны адпачынку невялікая – усяго паўтара гектара, дарослыя і дзеці могуць з задавальненнем бавіць там час у сонечныя дні. А калі надвор’е пагоршыцца, у іх будзе магчымасць дапамагчы птушкам падрыхтавацца да халадоў.


У экапарку прыцягваюць погляд драўляныя скульптуры на прыродную тэматыку, сярод якіх – бабёр, гнёзды, грыбы, а на шпакоўні красуецца казачная сава. Таксама там ёсць два невялікія мосцікі, з якіх адкрываецца від на сімпатычную сажалку, дзе плаваюць качкі. Па ўсёй тэрыторыі праходзяць звілістыя дарожкі – грунтавыя і выкладзеныя дранкай. Нельга не звярнуць увагу і на прыгожыя астраўкі пасярэдзіне вадаёма, якія, безумоўна, прыйдуцца па душы ўсім гасцям парку. Варта адзначыць, што практычна ўсе архітэктурныя збудаванні выкананы з дрэва – гэта і лаўкі, і шпакоўні, і некалькі арак, і пясочніца. А для аматараў вадаплаўных птушак на спецыяльным стэндзе размешчана інструкцыя па правілах іх кармлення. Напрыклад, пералічваецца, што ім нельга даваць у той ці іншы час года. Дзякуючы гэтаму наведвальнікі «Качынага берага» змогуць навучыцца правільна клапаціцца пра птушак і не здзяйсняць частых памылак абывацеляў.

Пазней у экапарку плануецца высадзіць дрэвы і дэкаратыўныя кусты. Зараз ужо цяжка паверыць, што паўгода таму гэтая тэрыторыя лічылася неакультуранай: не было ні шпакоўняў, ні масткоў, ні скульптур, а вадаём і зусім выглядаў моцна зарослым.

Экапарк за некалькі дзён стаў папулярным як у жыхароў ЖК «Магістр», так і ў студэнтаў. І не дзіўна: для малечы там ёсць дзіцячая пляцоўка – арэлі, гульнявыя лесвіцы, вялікая пясочніца, а для дарослых – зручныя лаўкі і велапаркоўка. Але галоўнае, што вабіць у гэтую зону адпачынку, – яднанне з прыродай.


Карысна ведаць

Качкам можна даваць:

  • авёс, пшаніцу;
  • папярэдне замочаныя крупы і збожжавыя (пярлоўка, ячмень);
  • сумесь аўсяных шматкоў з дробна парэзанай сырой і варанай гароднінай (бурак, морква);
  • камбікорм для вадаплаўных птушак.

Качкам катэгарычна нельга:

  • хлебабулачныя вырабы (хлеб выклікае нястраўнасць); зацвілыя і сапсаваныя прадукты;
  • чыпсы і папкорн;
  • салёныя прадукты;
  • прысмакі.

Па словах экспертаў, падкормліваючы птушак гэтымі прадуктамі, вы толькі аслабляеце іх здароўе.


Калі качак можна карміць?

Рабіць гэта трэба толькі падчас маразоў, калі вада замярзае, а берагі пакрываюцца тоўстым пластом снегу, бо ў такой сітуацыі птушкі не могуць здабываць натуральную ежу. З моманту з’яўлення першай расліннасці, насякомых і лічынак качкі здольныя самі пракарміць сябе. Пры круглагадовым падкорме птушкі страчваюць такія важныя інстынкты, як пастаянны пошук ежы і сезонная міграцыя.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.