Вы тут

«Голас Волгі»: беларуская інтанацыя


У Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прэзентавана кніжная навінка, якая паяднала дзве нацыянальных літаратуры, дзве культуры, два народы. 


Кніга "Голас Волгі"

У межах працы «круглага стала» «Дыялог культур: праблемы і перспектывы гуманітарнага і кнігавыдавецкага супрацоўніцтва» была прэзентавана кніга народнага паэта Чувашыі Юрыя Семяндэра «Голас Волгі», выдадзеная ў перакладзе на беларускую мову, які ажыццявіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. Выдавец — «Белпринт». 

З прадмовы да кнігі (назва ў прадмовы досыць красамоўная — «Верны сябра Беларусі»): «Серыя „Сябрына: паэзія народаў Расіі“, якую настолйіва пашыраюць у Беларусі Выдавецкі дом „Звязда“, выдавецтва „Мастацкая літаратура“ і Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа, складаецца пакуль што ўсяго з некалькіх паэтычных зборнікаў. Першай з іх у агульным шэрагу стала кніга вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. Пасля да чытача па-беларуску прыйшлі паэтычныя творы народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна, чачэнскага паэта Адама Ахматукаева, калектыўная кніга паэзіі народаў Расіі ў перакладах Віктара Шніпа, а таксама — асобныя выданні пачынальніка чувашскай нацыянальнай літаратуры Мішы Сеспеля, а таксама зборнік народнага паэта Чувашскай Рэспублікі Валеры Тургая. І вось — новая сустрэча з чувашскай нацыянальнай паэзіяй: увазе беларускага чытача прапануюцца вершы Юрыя Семяндэра ў перакладах лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. 

Юрый Семяндэр.

Юрый Сямёнавіч Семяндэр нарадзіўся 2 студзеня 1941 года ў вёсцы Танышы Краснаармейскага раёна Чувашскай АССР. Закончыў Чувашскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у Цывільскім райкаме камсамола, рэдакцыі раённай газеты „Путь Октября“, Чувашскім кніжным выдавецтве. З 1960 па 1964 гг. служыў у Групе савецкіх войск у Германіі. Першы надрукаваны верш Ю. Семяндэра — „Ялінка“ у часопісе „Ялав“ у 1958 годзе. У 1973 годзе маладога паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР». 

Чувашскі паэт зрабіў магутны, грунтоўны ўнёсак у арганізацыю сяброўства сваіх паплечнікаў з пісьменнікамі, літаратурамі іншых народаў Савецкага Саюза, іншых народаў постсавецкай прасторы. Быў Юрый Семяндэр і госцем Беларусі. Адзін з яго вершаў — «Чорны «шэўрале» — прысвечаны беларускаму паэту Юрасю Свірку. 

Аксакалы, шануючы звычай стары, 
Вучаць юных, як жыць, — 
І таму ў маладых з самай ранняй пары
Кроў адвагай кіпіць. 

У Чувашыі годна мы славім, мой брат,
Аксакалаў здавён.
Аб Эльгеры пачуць і хлапчук будзе рад,
«Наш пясняр!» — кажа ён. 

Я на тракце Казанскім сябе ўявіў:
Час змяніўся, але 
Ў Чэбаксары ўляцеў, на шляху адпыліў,
Лімузін «Шэрале». 

Сінявокі Купала сказаў мне: «Сынок,
Да Эльгера дайдзі,
І прабач, што я сам тое здзейсніць не змог...
Спіць мой друг! — разбудзі!»

Беларус дарагі па-чувашску,
Знаны шчырасцю ён.
Слова ў слова Эльгеру я ўсё перадаў,
Патрывожыўшы сон...
Мрою:
Зрушыць Эльгер надмагільны граніт
У дасветнай імгле,
Калі зноўку па тракце старым прагрыміць
Лімузін «Шэўрале»,
Лімузін «Шэўрале»...

Адрас згадкі пра повязь народнага песняра Беларусі Янкі Купалы з Чувашыяй, з Эльгерам у ваеннае ліхалецце зусім невыпадковы. Юрась Свірка, беларускі паэт і перакладчык, — укладальнік, ініцыятар выдання ў Беларусі анталогіі чувашскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. І сам паэт гасцяваў у Чувашыі, напісаў цыкл вершаў, прысвечаных Волжскаму краю. А Юрый Семяндэр прыязджаў у Беларусь на Дні чувашскай літаратуры. Адным словам, повязь трывалая... 

У кнізе «Голас Волгі» знайшлося месца і вершу, прысвечанаму беларускам класіку Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу. 

Ў беларускай паэзіі
Многа слаўных сыноў:
І Купала, і Колас,
І Танк, і Гілевіч...
Вельмі кметна паміж 
Самых зыркіх сцягоў
Развінуўся душой
Караткевіч. 

Па-чувашску чытаем
Шамякіна мы,
Сталі блізкімі Мележ,
Алесь Адамовіч...
Ды як зорка між іх,
Як агонь-дынаміт — 
Узрыўны і гарачы заўжды
Караткевіч. 

Макаёнак Андрэй
Ў Чэбаксарах як свой,
Любы Дудараў нам, 
Не чужы — Рамановіч...
Верым мы: будзе з намі
Твой кожны герой,
Майстар сонечных п’ес
Цімер наш Караткевіч. 

...На прэзентацыі кнігі «Вецер Волгі» у Маскве прысутнічалі башкірская паэтса зульфія Хананава, маскоўскія літаратары Яўген Анташкевіч, Алесь Кажадуб, Юрый Казлоў, галоўны рэдактар беларускага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота, старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч. Ішла размова і працяг праекта «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Мяркуецца, што ў бліжэйшы час у серыі ўбачаць свет кнігі народнага паэта Татарстана Рэната Харыса, башкірскай паэтэсы Зульфіі Хананавай, калектыўны зборнік твораў сучасных марыйскіх паэтаў. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?