Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Збан з праклёнамі

Навукоўцы раскрылі загадку старажытнай пасудзіны

Збан знайшлі ў Афінах яшчэ ў 2006 годзе, але тады на яго не звярнулі асаблівай увагі. Старажытны керамічны посуд, напоўнены косткамі кураняці, хутчэй за ўсё, быў часткай праклёну, скіраванага супраць дзясяткаў людзей. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія археолагі, піша Scіence alert.

Збан быў знойдзены пад падлогай класічнага камерцыйнага будынка Агоры. Лічыцца, што ўзрост пасудзіны да 2300 гадоў. Яна была праткнутая цвіком.

«У гаршку знаходзіліся раздзеленыя галава і ніжнія канечнасці маладога кураняці», — напісала прафесар класічных навук Ельскага ўніверсітэта Джэсіка Ламонт, якая занялася вывучэннем пасудзіны. Навукоўцы лічаць, што знаходка дае новыя доказы таго, як у Афінах спрабавалі выкарыстаць магію».

«Усе знешнія паверхні збана першапачаткова былі пакрытыя тэкстам; калісьці на ім было напісана больш за 55 імёнаў, дзясяткі з якіх цяпер захаваліся толькі ў выглядзе раскіданых літар ці слабых рысак стылуса», — адзначыла Ламонт.


Кеа любяць адзіноту

Гэтыя папугаі не пераносяць антрапагеннага ўплыву

Навукоўцы з Новай Зеландыі ўстанавілі, што адзіныя ў свеце альпійскія папугаі сышлі ў горы для таго, каб жыць далей ад людзей.

Як піша Tjournal са спасылкай на The Guardіan, навукоўцы параўналі ДНК рэдкіх новазеландскіх папугаяў Кеа і лясных папугаяў, вывучылі архіўныя дакументы і высветлілі, што Кеа калісьці жылі і ў іншых частках краіны і ў цэлым па сваёй прыродзе могуць жыць дзе заўгодна, але замест гэтага папугаі сышлі ў горы. Даследчыкі лічаць, што так яны спрабавалі пазбягаць людзей.

«Фізіялагічна нішто не перашкаджае ім жыць на больш нізкіх вышынях. Што адрознівае альпійскае асяроддзе пражывання ад больш нізкіх вышынь і адкрытых мясцовасцяў? Як правіла, моцны антрапагенны ўплыў, сельская гаспадарка і да таго падобнае», — адзначыў прафесар Універсітэта Атага Майкл Кнап.

Навукоўцы таксама прааналізавалі архіўныя дакументы, каб знайсці ў іх пацвярджэнне сваёй гіпотэзы. Мяркуючы па змесце старых газет, раней Кеа пастаянна кантактавалі з людзьмі: капаліся ў торбах, кралі дробныя рэчы і нават нападалі на авечак. Гэта настолькі злавала фермераў, што ў 1830-х гадах урад абвясціў узнагароду за адлоў птушак. Аналіз квітанцый аб дзяржаўных выплатах паказаў, што каля ста тысяч Кеа забілі за ўзнагароджанне.

Зараз новазеландскія горныя папугаі Кеа знаходзяцца пад пагрозай знікнення — у краіне засталося ад трох да сямі тысяч асобін. На гэта паўплывалі адлоў людзьмі і скарачэнне асяроддзя пражывання з-за кліматычнага крызісу. Аднак даследчыкі лічаць, што здольнасць да адаптацыі дапаможа Кеа выжыць: калі альпійскія ледавікі знікнуць з-за глабальнага пацяплення, папугаі вернуцца ў лясы.

Варта адзначыць, што Кеа — птушкі па натуры надзвычай разумныя і цікаўныя, а таму цяпер, знаходзячыся пад аховай дзяржавы, яны зноў дазваляюць сабе спускацца з гор да людзей. Больш за тое, быццам адчуваючы сваю беспакаранасць, птушкі нярэдка пашкоджваюць машыны турыстаў, робяць разнастайныя дробныя поскудзі, а таксама крадуць дробныя прадметы і ежу.


Дзе шукаць кракена

Акіянолаг паведаміў пра месца пражывання гіганцкіх кальмараў

Гіганцкія кальмары, вядомыя ў міфалогіі і масавай культуры як пачвара кракен, сапраўды існуюць і жывуць на глыбіні да дзвюх тысяч метраў у Антарктыцы і паўночных морах. Пра гэта распавёў дырэктар Інстытута акеаналогіі імя Шыршова РАН доктар геаграфічных навук Аляксей Сокаў.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра рэальна зарэгістраваных навукай гіганцкіх кальмараў. Гэта вельмі рэдкая жывёла, малавывучаная навукай, жыве на глыбіні антарктычных вод.

«Глыбіня іх рассялення — ад 200 да 2000 метраў, у некаторых выпадках я чуў, што і да 4000 метраў». Кальмары велізарных памераў вельмі рэдка ўсплываюць на паверхню акіяна, і навукоўцы трацяць гады на тое, каб высачыць іх на глыбокай вадзе.

Кракен — марская пачвара, упершыню яна з'явілася ў ісландскіх міфах, гэта гіганцкі галаваногі малюск, які тапіў караблі.


Фры для дыеты

Даследчыкі распавялі пра карысць бульбы для здароўя

чанай бульбы дапамагае прадухіліць гіпертанію. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, вынікі даследавання якіх былі апублікаваны ў часопісе Nutrіents.

Даследчыкі з Універсітэта Перд'ю прыйшлі да такіх высноў пасля клінічных выпрабаванняў з удзелам 30 мужчын і жанчын, якія пакутуюць ад павышанага ціску. Вынікі паказалі, што ўжыванне бульбы, багатай каліем, прыводзіць да зніжэння сісталічнага артэрыяльнага ціску. Адзначаецца, што бульба аказвае спрыяльнае ўздзеянне на арганізм, паколькі зніжае затрымку натрыю ў арганізме.

«Улічваючы тое, што ў большасці амерыканцаў адзначаецца дэфіцыт калію ў штодзённым рацыёне, гэтыя вынікі паказваюць важнасць прасоўвання, а не абмежавання добрых крыніц калію, такіх як бульба», — распавёў кіраўнік даследавання доктар Коні Уівер.

Як паведамілі навукоўцы, іх высновы заснаваныя на абмежаваных даных і носяць папярэдні характар.

«Пакуль мы прыйшлі да высновы, што адварная або запечаная бульба дапамагае знізіць сісталічны крывяны ціск, а бульба фры не аказвае адмоўнага ўздзеяння і таксама можа быць уключана ў рацыён як частка здаровай дыеты», — дадаў Уівер.


Падобны на тапіра

Знайшлі астанкі гіганцкага насарога масай у шэсць сланоў

У Кітаі палеантолагі выявілі найбуйнейшае сухапутнае млекакормячае. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Communіcatіons Bіology.

Кітайскія і амерыканскія спецыялісты знайшлі астанкі насарога масай у шэсць сланоў у правінцыі Ганьсу яшчэ ў 2015 годзе. Па выніках даследаванняў і аналізу закамянеласці спецыялісты прыйшлі да высновы, што косці належалі гіганцкаму нашчадку насарогаў, які жыў на Зямлі 26 мільёнаў гадоў таму. Навукоўцы адзначылі, што звычайна закамянеласці разбітыя на часткі, але ў гэты раз чэрап трапіўся без пашкоджанняў.

Прадстаўнік віду Paraceratherіum lіnxіaense важыў амаль 24 тоны, рост жывёлы — сем метраў, даўжыня цела дасягала практычна васьмі метраў. Адметнымі рысамі гэтага выгляду з'яўляліся тонкі і вельмі далікатны чэрап, кароткі нос, мускулістая і доўгая шыя, больш глыбокая насавая поласць. Па словах спецыялістаў, вонкава гэты насарог нагадваў гіганцкага тапіра, парослага поўсцю. Сілкавалася жывёла мяккімі раслінамі, хмызнякамі і лісцем.

Навукоўцы таксама высветлілі, што дадзены від звязаны з гіганцкімі насарогамі, якія жылі ў Пакістане. Гэта дазволіла выказаць здагадку, што млекакормячае прайшло праз Тыбецкі рэгіён, адкуль, магчыма, дабралася да індыйска-пакістанскага субкантынента, дзе ўжо знаходзілі іншыя асобнікі гіганцкіх насарогаў.

Спецыялісты перакананыя, што знаходка дапаможа ўстанавіць, як фарміравалася Тыбецкае плато — самае вялікае па плошчы і найвышэйшае сугор'е свету.

Гіганцкі насарог з'яўляецца адной са знакавых жывёл ледавіковага перыяду. Жывёлы гэтага віду вымерлі ў выніку кліматычных змяненняў і хвароб. Паходжанне такіх насарогаў да гэтага часу не ўстаноўлена.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.