Пасля таго, як вясной 1943 года гітлераўцы масава расправіліся з мінскімі падпольшчыкамі, яны рашуча ўзяліся за народных мсціўцаў — ліквідаваць партызанскія атрады трэба было любой цаной. Нават калі размова ішла аб мірных грамадзянах. Аперацыя, якая задумвалася з мэтай знішчэння партызан, а ў выніку закранула жыхароў шматлікіх вёсак, у асноўным дзяцей і жанчын, мела кодавую назву «Котбус».
Нямецкім камандаваннем была пастаўлена дакладная задача — ачысціць тэрыторыі ў трохкутніку Плешчаніцы — Докшыцы — Лепель. Да сакрэтнай аперацыі, якая пачалася 20 чэрвеня 1943 года, органы паліцыі і СС рыхтаваліся доўга і скрупулёзна: праводзілі разведку, збіралі неабходную інфармацыю, забяспечвалі лжывымі звесткамі партызан. У ліквідацыі партызанскіх фарміраванняў былі задзейнічаны нямецкая тэхніка і ўзбраенне. Удзельнічала ў аперацыі і адно з найбольш жорсткіх і бязлітасных нямецкіх падраздзяленняў — спецбатальён Дырлевангера.
Узброеным да зубоў акупантам, якіх падтрымлівалі авіяцыя і артылерыя, процістаялі мала чым забяспечаныя партызаны. «Становішча «Жалязняка», Дуброўскага ўскладняецца, праціўнік падкінуў падмацаванне, — паведамляў у шыфртэлеграме начальніку Беларускага штаба партызанскага руху П. Калініну сакратар Барысаўскага падпольнага міжраённага камітэта КП(б)Б П. Жуковіч. — Пераходзім на манеўранасць, баі вяду дробнымі групамі ў тыле праціўніка. Праціўнік ідзе на нас (на Беразіно) з Докшыц, Даўгінава — Кублічы і з боку Плешчаніц. Калі ёсць магчымасць, дапамажыце з паветра».
Звярталіся да Пятра Калініна і з іншых партызанскіх злучэнняў: «Абстаноўка цяжкая. Атрады сціскаюцца. З танкамі змагацца немагчыма, усе гарматы без снарадаў. Супрацьтанкавых ружжаў мала, боепрыпасаў няма. Параненых — сто чалавек...»
— Сілы гітлераўцаў пераўзыходзілі нас у некалькі разоў: больш чым 80 тысяч салдат, артылерыя, танкі, авіяцыя, — успамінаў начальнік штаба партызанскай брыгады імя Кірава Васіль Шаркоў. — У пяць гадзін вечара праціўнік (да тысячы салдат і афіцэраў), пачаў наступленне на нашы пазіцыі. Падпусціўшы гітлераўцаў на блізкую адлегласць, мы адкрылі агонь з усіх відаў зброі. Першая атака была адбіта. На полі бою засталося больш за сотню забітых варожых салдат і афіцэраў. Назаўтра, у шэсць раніцы, фашысты накіравалі на нас агонь дзвюх батарэй. У паветры з'явіліся два варожыя самалёты. Яны скінулі некалькі дзясяткаў бомбаў розных памераў...
Партызаны вымушаны былі адыходзіць у непраходныя лясы і балоты. Разам з імі хаваліся ад гітлераўцаў і мясцовыя жыхары навакольных вёсак — ніхто не сумняваўся, што яны падлягалі знішчэнню. «Голад быў жудасны, — успамінала сведка тых падзей, жонка начальніка штаба партызанскай брыгады імя Кірава Валянціна Шаркова. — Жанчыны перажоўвалі зерне і спрабавалі карміць ім дзяцей. Былі выпадкі, калі яны ў роспачы нават тапілі дзяцей у балоце, баючыся, што немцы пачуюць іх плач».
Падчас блакады карнікамі была спалена і вёска Вялікае Осава, дзе жыла Валянціна Шаркова. «Ад нашай хаты (яе аблілі бензінам і спалілі) засталося толькі папялішча, — расказвала жанчына. — Напэўна, знайшоўся здраднік, які далажыў немцам аб тым, што мае бацька і дзядзька былі звязаны з партызанамі. Нямецкія самалёты-рамы разбамбілі вёску. Пасля бамбёжкі яе акружылі з усіх бакоў, каб ніхто не змог уцячы. Я нейкім цудам прарвалася праз акружэнне і пабегла на зарослую лесам горку, якую называлі Свірыдаўкай. Немцы павялі ўсіх, у тым ліку жанчын і дзяцей, да лесу на расстрэл. У гэты момант побач з вёскай прызямліўся нямецкі самалёт, і якісьці чын у форме адмяніў загад. Майго ж бацьку і яго брата немцы некалькі раней даставілі ў турму ў Крупках. Калі партызаны пачалі выбіваць фашыстаў з пасёлка, усіх вязняў расстралялі, а турму спалілі. Дзве жанчыны з нашай вёскі выжылі там толькі дзякуючы таму, што апынуліся ўнізе, пад трупамі. Яны і рассказалі, што мой бацька з братам моцна абняліся перад смерцю, так іх і расстралялі».
Гітлераўцы выкарыстоўвалі мірных грамадзян для размініравання дарог і загародаў. Такое распараджэнне паступіла ад самога Дырлевангера: «Загароды самім ніколі не ліквідаваць, а выкарыстоўваць увесь гэты час асоб з колькасці мясцовага насельніцтва. Захаваныя сілы апраўдваюць страты ў часе». Замест 10 дзён, як першапачаткова планавалі, гітлераўцы затрымаліся ў партызанскай зоне больш чым на месяц. 21 ліпеня 1943 года аперацыю завяршылі.
Пасля заканчэння аперацыі «Котбус» да партызан пачалі далучацца тыя, хто служыў у паліцыі. «Баі ў раёне возера Палік паказалі, што партызаны непераможныя, і менавіта ў тыя дні я і мае аднадумцы сталі думаць аб тым, што трэба пераходзіць на іх бок», — пісаў ва ўспамінах Уладзімір Гіль. На чале са сваім камандзірам, якога ўсе ведалі як Гіля-Радзіёнава, у жніўні таго ж года ўчарашнія здраднікі сталі народнымі мсціўцамі — была створана 1-я Антыфашысцкая партызанская брыгада. Свой патрыятызм неўзабаве яны даказалі падчас разгрому нямецкага гарнізона ў Докшыцах і ўдару па чыгунцы. У красавіку 1944 года большасць партызан (1026 байцоў з 1413) загінулі ў жорсткіх баях ужо падчас іншай карнай аперацыі — «Вясновае свята».
Згодна з данясеннем Готберга, падчас аперацыі «Котбус» было знішчана 6084 партызаны, 3709 чалавек расстралялі пасля таго, як яны апынуліся ў палоне. Той жа дакумент сведчыць, што страты нямецкіх войскаў склалі 59 чалавек. Відавочна, што гітлераўцы наўмысна скарацілі колькасць уласных ахвяр, а да забітых партызан «прыпісалі» ўсіх мірных жыхароў, якія загінулі ў карнай аперацыі. Вось што казаў аб «Котбусе» генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ: «Яе маральнае ўздзеянне на мірнае насельніцтва было проста жудасным з-за вялікай колькасці расстраляных жанчын і дзяцей».
Толькі ў адным Бягомльскім раёне быў знішчаны 221 населены пункт, не стала каля трох тысяч мірных жыхароў. У вёсцы Вітунічы людзей сагналі ў свіран. Спачатку іх расстралялі, а потым спалілі разам з будынкам. Беспрытульныя свінні цягалі пасля па вёсцы астанкі чалавечых целаў. Немцы былі ў шоку, калі праз некаторы час убачылі некаторых расстраляных дагэтуль чалавек у мясцовай бальніцы. Як высветлілася, гэтыя людзі былі толькі паранены або ад жаху страцілі прытомнасць. Ачуняўшы, яны здолелі выбрацца з груды трупаў і пачалі шукаць дапамогі.
У вёсцы Асяцішча фашысты па-зверску замучылі Вольгу Бяркун. Маладую дзяўчыну згвалтавалі, а потым адрэзалі ёй грудзі, выразалі на целе зорку, выкруцілі рукі, пасля чаго закалолі штыком. Ва Улессі паліцэйскія гналі перад сабой па дарозе васьмярых падлеткаў. Гітлераўцы ведалі, што дарога была замініравана — усе юнакі загінулі.
На шляху, па якім ішоў батальён Дырлевангера, заставаліся папялішчы і трупы бязвінных людзей. «Каля вёскі Пастрэжжа перад нашымі вачамі адкрылася жахлівая карціна разбурэнняў: вёска была спалена, ні адной жывой душы, затое абгарэлыя трупы мірных грамадзян валяліся навокал, — успамінала партызанка атрада «Барацьба» брыгады «Народныя мсціўцы» В. Дудко. — Трупны пах стаяў у паветры. Немагчыма было дыхаць».
У канцы мая 1943 года карнікі прыбылі ў вёску Літвічы Плешчаніцкага раёна, дзе забралі каля 20 маладых людзей дзеля адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію. Акупантаў абстралялі партызаны. На наступны дзень гітлераўцы спалілі вёску. Мясцовых жыхароў — у свае хаты з лесу вярнуліся 20 чалавек — расстралялі.
Цудам пазбегнуць расправы ўдалося С. Цераху. «Пераначаваўшы ў лесе, днём я ўбачыў у баку нашай вёскі густы дым, — расказваў сведка трагедыі. — Прыкладна на другі ці на трэці дзень па лесе ішоў ланцуг узброеных карнікаў і знайшоў нас у лесе. Адзін з іх наставіў вінтоўку на маю жонку. Спалохаўшыся, яна выпусціла на зямлю грудную дзяўчынку. Адзін сказаў, каб мы ішлі дахаты, на папялішча. Будзем хавацца ў лесе — перастраляюць. Калі прыйшлі ў вёску, то яна ўжо была спалена. Засталіся цэлымі толькі чатыры хаты».
У вёсцы Скупліна гітлераўцы знішчылі 53 дамы, па-зверску закатавалі і спалілі 58 жыхароў, сярод якіх былі і немаўляты, і 92-гадовыя старыя. Малых дзяцей кідалі праз вокны ў ахопленыя полымем хаты. Затым яны сталі шукаць людзей у лясах. Натрапілі на жыхароў вёскі Усохі. Сялянка Палюта Чубатар трымала ў руках ікону і прасіла гітлераўцаў не чапаць аднавяскоўцаў. Ікону ў жанчыны адабралі, яе саму застрэлілі.
Па дарозе, нападалёк ад Усохаў, праязджаў абоз, у якім знаходзілася 46 сем'яў — жыхароў вёскі Ганцавічы. У вёсцы Убарок людзей загналі ў тры адрыны і падпалілі. Нямецкія салдаты і афіцэры стаялі каля гэтых гіганцкіх вогнішчаў і спакойна назіралі, як у жудасных здзеках гінуць людзі. Калі з абгарэлай адрыны сталі выбягаць жанчыны, іх напаткалі варожыя кулі. У той дзень толькі ў адным населеным пункце не стала 200 чалавек.
Была спалена і вёска Сутокі, што ў Барысаўскім раёне. П'яныя немцы гвалтавалі жанчын на вачах у іх мужоў. А ў Крацавічах гітлераўцы хадзілі па вёсцы і кідалі ў вокны гранаты, ставілі старых на калені і расстрэльвалі іх з аўтаматаў, дзяцей рэзалі кінжаламі. Дзвюх невядомых жанчын з вёскі Жартайка гітлераўцы прывязалі да дрэва, аблілі газай і падпалілі. Жудасная расправа чакала жыхароў вёсак Вялікі і Малы Пустамсціж. Населеныя пункты акупанты спалілі, людзей жа групамі падводзілі да выкапаных магіл, загадвалі класціся ў іх, так і расстрэльвалі. Затым на забітых клаліся іншыя... Толькі ў адной такой яме былі знойдзены целы 460 мірных жыхароў.
Калі гітлераўцы палілі вёску Гарэлае Бягомльскага раёна, мясцовая жыхарка Г. Сушко хавалася ў пуні. «Дайшла чарга і да мяне, падышлі да маёй адрыны, падпалілі яе і стаяць, — успамінала сведка тых жудасных падзей. — Мне ніяк нельга выскачыць з адрыны — усё роўна заб'юць, таму сядзела да таго часу, пакуль падпальшчыкі не адышлі». Калі жанчына выскачыла, на ёй гарэлі кажух і хустка. Яна адпаўзла ў агарод і закапалася ў зямлю. Бачыла, як фашысты спраўляліся з аднавяскоўцамі, расстрэльвалі малых дзяцей, якія прасілі злітавацца над імі, але нічога не магла зрабіць. Усяго за адну гадзіну не стала цэлай вёскі, а таксама 98 яе жыхароў.
Падчас аперацыі «Котбус» не стала і знакамітай — найперш сваёй трагедыяй — вёскі Шунеўка. 22 мая 1943 года гітлераўцамі было знішчана каля 70 чалавек. Дзяцей разам з іх настаўніцай фашысты жывымі кідалі ў студню...
Калі карнікі палілі вёску Забаронкі Плешчаніцкага раёна, яе жыхар І. Быкоўскі, як і многія яго аднавяскоўцы, з жонкай і трыма дзецьмі хаваўся ў лесе. Убачыўшы над роднай вёскай густы дым, кінуўся ў той бок — у лесе не было яго бацькоў і 14-гадовага сына. Карнікі, якія рабілі сваю чорную справу, убачыўшы мужчыну, пачалі страляць. У вёску Быкоўскі вярнуўся раніцай. Тое, што ён убачыў, усё жыццё стаяла перад вачамі: замест хат — суцэльнае пажарышча, па вопратцы ён адшукаў і сваіх родных... Астанкі разам з іншымі ацалелымі аднавяскоўцамі сабралі і ноччу пахавалі ў лесе каля суседняй вёскі.
Цудам не трапіла ў вогненнае пекла і Э. Грынь, калі палілі яе родную вёску Засоўе, што ў Плешчаніцкім раёне. З заходам сонца жанчына сабралася выгнаць на пашу карову. Выйшаўшы з хаты, яна сустрэлася з двума карнікамі. Адзін з іх сказаў вярнуцца ў хату. «Карнікі загадалі мне, траім дочкам і нявестцы з дзіцем, унучцы легчы на падлогу. Калі мы ляглі, па нас прагрымела некалькі чэргаў. Калі я ачуняла ад спалоху, пачула стогн дачкі, якая ляжала побач са мной. З яе галавы сачылася кроў. Я спрабавала падняць галаву дачкі, але ў гэты час карнікі вярнуліся ў хату і загадалі легчы. Я пачула, што карнікі ўнеслі ў хату салому і падпалілі яе».
Задыхаючыся ад дыму, жанчына выпаўзла ў агарод і стаілася ў баразне. Да апошняга спадзявалася, што хто-небудзь з родных выскачыць з гэтага пекла. Выратаваўся толькі сын Іван са сваёй трохгадовай дачкой. Пасля адыходу карнікаў тыя, каму пашчасціла не апынуцца ў полымі, вярнуліся ў вёску, ад якой застаўся толькі попел. Паліваючы яго сваімі слязьмі, людзі разграбалі пажарышча. У той дзень фашысты знішчылі каля 400 ні ў чым невінаватых людзей, у тым ліку жыхароў суседніх Літвічаў, якія беглі ад расправы са сваёй вёскі.
Вераніка КАНЮТА,
Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.