Вы тут

Жураўлі клічуць, трэба ісці! На Мёршчыне прайшло экалагічнае свята


На Мёршчыне ёсць вельмі прыгожае і экалагічна ўладкаванае месца, якое даспадобы не толькі людзям, але і жураўлям, — гэта чароўны заказнік Ельня, адзін з найбольшых комплексаў балот са шматлікімі маляўнічымі азёрамі.


Жураўлі спыняюцца там падчас восеньскай міграцыі, спецыялісты налічваюць іх больш за 35 тысяч! Шмат людзей прыязджае на свята з усіх куткоў Беларусі, каб пакаштаваць журавінавых прысмакаў, набыць мясцовыя цікавосткі, паназіраць за шэрымі жураўлямі і паглядзець на таленавітых артыстаў. Трэба адзначыць, што па запасах журавін мясцовае балота Ельня займае першае месца ва ўсёй Беларусі. Нездарма Мёры называюць журавіннай сталіцай краіны. Фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» ладзіцца кожны верасень з 2012 года.

Адмысловы прэс-тур для журналістаў адразу задаў высокую планку — наведвальнікам выпала магчымасць паназіраць за шэрымі жураўлямі. Убачыць ужывую чароды гэтых чырванакніжных птушак не так лёгка, бо яны звычайна пазбягаюць чалавека. Але нам давялося прасачыць за імі ў прафесійную оптыку.

— На Мёршчыне гняздуецца шмат жураўлёў, першыя прылятаюць ужо ў лютым. Яшчэ цікава, што птушкі днём харчуюцца на палях, а начуюць у забалочаных месцах, таму што там больш бяспечна. У шэрых жураўлёў багаты рацыён: клубні, карэньчыкі, яшчаркі, — распавёў арнітолаг Віталь Кашчэеў.

Нашым экскурсаводам і падарожнікам была тэматычны каардынатар па «зялёнай» інфраструктуры праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разам для грамады і прыроды: Мёрскі раён» Марына Гернат.

Некалькі гадоў таму, каб трапіць на мошчаную дошкамі сцежку па балоце, трэба было пераадолець амаль кіламетр лясной дарогі, таму турысты заўсёды бралі з сабой гумовыя боты. Цяпер там праклалі драўляную сцежку, па якой можна прайсці і амаль не запэцкаць абутак. Але боты лепш узяць, бо ў некаторых месцах можна хадзіць і па балоце. Адчуванні дзіўныя, быццам ступаеш па батуце!

— Многія думаюць, што балоты — гэта гразкія месцы, дзе абавязкова можна патануць, але балоты бываюць розныя. Ёсць верхавыя і нізінныя. Тут балота верхавое, у выглядзе нарастаючага купалу. Гэта 3-я стадыя фарміравання балота — унізе пласты торфу, таму нельга праваліцца, — паведаміла Марына Гернат.

На экасцежцы сустрэлі шмат падарожнікаў і арганізаваныя турыстычныя групы. На тэрыторыі заказніка ёсць стэнды, дзе можна даведацца пра птушак, расліны, жывёл, якія тут сустракаюцца. Дзіўна, але факт — 1 кіламетр руху па балоце прыраўноўваецца да 5-7 кіламетраў па асфальце. У заказніку Ельня налічваецца 93 віды птушак, з якіх 23 — чырванакніжныя.

— Балота пакрыта мохам сфагнум, які мае здольнасць абеззаражваць, ваду на балоце нават можна піць, — сказала Марына Гернат.

Таксама Ельня запавольвае пацяпленне клімату і дае прытулак шматлікім знікаючым відам раслін і птушак. А яшчэ балота дапамагала падчас вайны. На астравах хаваліся людзі, а на лёдзе возера партызаны арганізавалі аэрадром. У гэтым чароўным заказніку самае чыстае ў Беларусі паветра, таму што балоты выпрацоўваюць столькі кіслароду, колькі не змогуць выпрацаваць нават сасновыя лясы. Тут няма камароў, таму што гэта не іх асяроддзе пражывання. У балотах заказніка можна нават выкупацца і парыбачыць. А галоўнае, у кожнага ахвотнага ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад гэтага прыгожага і сапраўды аздараўляльнага месца. Мне здаецца, там трэба пабываць, каб убачыць, наколькі жывапісная наша родная зямля, наша Беларусь.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.