Вы тут

Рыба, яйкі, сонца: навошта нам вітамін D


Тры чвэрці беларусаў пакутуюць ад недахопу вітаміну D. Каб атрымаць яго, варта гуляць у сонечныя дні. Але некаторыя ўрачы сцвярджаюць, што аднымі прагулкамі запасы гэтага каштоўнага рэчыва не папоўніць. Спецыялісты кажуць, што для атрымання неабходнай чалавеку дозы вітаміну D трэба «смажыцца» на сонцы, а вось гэта ўжо небяспечна меланомай. Але адкуль жа тады атрымаць вітамін? Купляць спецыяльна абагачаныя ім прадукты? Налягаць на рыбу і яйкі? Ці гэта не вартая выедзенага яйка сенсацыя ад маркетолагаў?


Навошта і каму ён патрэбны?

Раней самым важным называлі вітамін С, а цяпер усе паўтараюць пра вітамін D. З чаго ён раптам стаў такім важным? Справа у тым, што за дзесяцігоддзі даследаванняў навукоўцам адкрыліся тонкасці засваення, дакладней, незасваення вітаміну С і тое, што ён зусім не панацэя для імунітэту. І за гэты ж час высветлілася, што вельмі шмат функцый арганізма звязана з іншым вітамінам — D, без якога і кальцый з фосфарам не засвойваюцца нармальна, і рак малочных залоз у жанчын узнікае часцей. А для мужчын недахоп гэтага рэчыва можа абярнуцца ракам тоўстай і прамой кішак. І гіпертанія — прадвеснік небяспечных сардэчна-сасудзістых захворванняў — часцей сустракаецца ў тых, хто вітаміну D недаатрымлівае.

А жанчыны ва ўзросце менш таўсцеюць, калі атрымліваюць дастаткова вітаміну D. У адрозненне ад вітаміну С вітамін D выпрацоўваецца самім арганізмам. Хоць менавіта ў гэтым, здаецца, і ёсць галоўны яго мінус.

Вітамін D выпрацоўваецца ў клетках скуры пад уздзеяннем сонечных прамянёў. Гучыць проста, але ёсць нюансы. Прамяні павінны трапляць на скуру пад прамым вуглом. Па гэтай прычыне жыхары паўночных краін адчуваюць дэфіцыт вітаміну D.

Навукоўцы кажуць так: калі цень стаў даўжэй за рост, то ад такога сонца вітаміну D
ужо не атрымліваеш. І дарэчы, «вітамінам» яго называць не зусім дакладна, настойваюць многія навукоўцы. Гэта хутчэй стэроідны гармон, а літара D — зборная і пазначае цэлае сямейства біялагічна актыўных рэчываў.

Ці можна назапасіць?

Назапасіць вітамін D і праўда можна: ён адносіцца да класа тлушчарастваральных. Гэта значыць, у адрозненне ад водарастваральнага вітаміну С ён не распадаецца ў арганізме за некалькі гадзін, а можа асядаць у тлушчавых тканках і там заставацца нязменным да двух месяцаў. Па меры неабходнасці арганізм будзе яго выкарыстоўваць. Толькі дэфіцыт вітаміну D з-за такога доўгага шляху выяўляецца не адразу, а калі ў арганізме яго ўжо крытычна мала.

Ад сонца вітаміну D можна атрымаць неабходную сутачную колькасць усяго за 30 хвілін. Праблема ў тым, што патрэбнае выпраменьванне дае тое самае паўдзённае сонца ў зеніце, якое гэтак часта заканчваецца апёкамі ў першы дзень адпачынку. Таму скуру трэба берагчы. У салярыі вітамін D выпрацоўваецца таксама, але тут вельмі лёгка перабраць, скарыстаўшыся пратэрмінаванымі лямпамі. А гэта прамы шлях да раку скуры і праблем з вачыма.

Налягаем на рыбу

Кажуць, што вітаміну D шмат у рыбіным тлушчы. Ці так гэта? Ці прасцей купіць таблеткі-вітаміны?

Рыбін тлушч не ўсе любяць, затое яго можна атрымаць з дзікай чырвонай рыбы, у ста грамах якой утрымліваецца паўтары мінімальныя дзённыя дозы (165 %) вітаміну D. У такой жа порцыі ласасёвых рыб, вырашчаных штучна, вітаміну D у чатыры разы менш. Яшчэ вітамінам D багатая печань траскі: 1 сталовая лыжка змяшчае тры дзённыя нормы, а таксама шмат гэтага гармону ў дзікіх крэветках. Хоць значна танней налягаць на селядца: у ста грамах марынаванай рыбы ўтрымліваецца дзённая норма вітаміну D. А ў жаўтку аднаго яйка курыцы з птушкафабрыкі сем працэнтаў вітаміну D ад дзённай нормы. А калі курыца бегае па двары пад сонейкам, то вітаміну D у яе яйках у чатыры разы больш: адно яйка змяшчае 25 % дзённай нормы.

Вітамін прадаецца практычна ў любой аптэцы і засвойваецца не горш, чым вітамін D, які знаходзіцца ў прыродных прадуктах, такіх як рыбін тлушч або яйкі. Зімой у складзе мультівітамінных прэпаратаў вітамін D не перашкодзіць нікому.

Чым больш, тым лепш?

Пры ўсёй сваёй неабходнасці і карыснасці вітамін D і праўда таксічны. І яго лішак можа выклікаць стандартныя пры атручванні рэакцыі: млоснасць, слабасць, страту апетыту. Калі вітаміну D шмат, то кальцый настолькі добра засвойваецца, што яго канцэнтрацыя ў крыві не лепшым чынам уплывае на работу сэрца і на здольнасці канцэнтраваць увагу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».