Вы тут

«Жыгулі» ўжо аджылі, ім на змену — «Джылі»?..


Статыстыка ведае ўсё (ну, ці амаль): варта пацікавіцца, і яна вам лёгка падкажа, што ў нашай краіне жывуць прадстаўнікі 130 народаў і народнасцяў: беларусы, рускія, украінцы, палякі... Дакладна падлічана, колькі каго. Загадкай хіба тое, чаму пра адных і пішуць, і кажуць проста — малдаванін, літовец, узбек, мангол, а пра іншых — цэлай слоўнай канструкцыяй: чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, чалавек каўказскай...


Дык вось якраз пра яго — і з першых вуснаў, можна сказаць.

Закахаўся, значыць, адзін каўказец у нашу Наташу і чаго толькі не рабіў: кветкі-падарункі прыносіў, у тэатры і кіно запрашаў, у рэстараны вадзіў... А замуж стаў клікаць — не ідзе і ўсё тут....

Ён тады што надумаў — загрузіў свае «жыгулі» рознай выпіўкай-закускай — і ў вёску, да бацькоў дзяўчыны. Так і так, гаворыць ім на дрэннай рускай, жыць не магу без вашай Наташы! Богам прашу: аддайце замуж! А ўжо я — і для вас, і для яе — проста горы звярну!

Гаворыць так, рукамі размахвае, слёзы выцірае, нават на калені парываецца стаць — гаспадары не даюць... Не ўсё з яго слоў яны разумеюць, але ж слухаюць, спагадаюць. А пасля нейкай чаркі ўжо і самі яму гавораць (па-нашаму, па-беларуску), што хлопец ён, відаць, неблагі, што з дачкой яны пагавораць — можа, пераканаюць... «Але ж май на ўвазе: крый божа потым пакрыўдзіш...»

Вось гэтае грознае «май на ўвазе, а то не пацярплю — галаву знясу!..» бацька разоў з дзесяць паўтарыў (а то і болей). Госць сказаў, што ўсё зразумеў.

І сапраўды: недзе праз тыдзень зноў прыехаў і ўжо не на ВАЗе, (калі ўжо бацька так не любіць гэтых машын), а на «БМВ»...

Вось такая была гісторыя.

На здымку (можна яшчэ раз глянуць на верхні), відавочна, нейкая іншая? А вось якая?

Наша задача — прадставіць усе, што даслалі чытачы. Ім жа (то-бок вам) — пасля вызначаць найлепшую? Такім чынам, стартуем: наперад у мінулае.

«Ёсць анекдоты, — сцвярджае спадар Іван Астроўскі з Мінска, — якія помніш гадамі. Здымак нагадаў мне вось гэты: на дарозе сутыкнуліся, ды што там — разбіліся тры машыны. «Я цэлае лета на сваю зарабляў!» — вохкае каля «таёты» мужчына каўказскай нацыянальнасці. — «Мы з Сарай цэлы год эканомілі», — гаруе мужчына яўрэйскай... — «А я, — плача беларус, пазіраючы на тое, што засталося ад «запарожца», — усё жыццё на гэту машыну паклаў!..» — «Слухай: на халеру такую дарагую браў? — спачуваюць сябры па няшчасці. — Можна ж было таннейшую?»

І нават трэба!.. Хоць бы для таго (на думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды), каб адчуваць сябе чалавекам, каб аўтарытэт узняць — яшчэ і ў вачах дзяцей:

Татка наш купіў аўто!

Ён цяпер не абы-хто:

Ён кіроўца, ён персона!

Хоць машына — не з салона,

А з дзясятых, можа, рук, —

Нос па ветры. І ў гару!

І потым з форсам (паводле спадара Мікалая Старых з Гомеля):

Бацька — дзецям:

— Ёсць аўто!

Конскіх сіл у ім — пад сто...

Дзеці:

«Як тут веры даць,

Калі коней — не відаць?!

Ні загрыўка, ні хваста —

Аднаго...

А дзе ўжо ста?!»

Вось па гэтай прычыне каму-нікаму з малых (можна яшчэ раз паглядзець на здымак) і нецікавая ўжо тая машына. Іншая справа — дарослыя, якія ведаюць, што

Па капейцы, цяжка, горка

Ясь адкладваў на «шасцёрку»...

А купіў — ахвотных... рота

Глянуць:

што ж там пад капотам?

Можа, золата навалам?

Калі столькі каштавала?

Зрэшты, машыну можна было не толькі набыць. Як заўважыла спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны, цуды — і цяпер, і некалі — таксама здараліся:

Ажаніўся Ясь на Зосьцы...

Ўся ваколіца зайздросціць!

Жаль — не дзеўка тут прычынай:

У пасаг даюць... машыну!

Было — яшчэ і такое:

Ясь да цешчы крочыў пешшу,

Нёс гасцінцы, падмацунак,

Чым сваячку так усцешыў, —

«Жыгулі» у падарунак!

...Што да гэтага дадаць?

Трэба цешчу шанаваць!

А яшчэ — сумленна, з аддачай працаваць, што, паводле спадарыні Наваенкі, таксама выгадна. Ну вось самі «ўбачце»:

З вокнаў зырылі суседзі —

На машыне (?) Рома едзе?

— Быць не можа, каб прыдбаў!

— Мо пазычыў?

— Ну не ўкраў!..

— На пракат узяў — у цёткі...

Не пляціце, людцы, плёткі:

На камбайне першым стаў —

«Жыгулі» і атрымаў.

Была такая практыка. Запіска на машыне, кажуць, таксама. Прычым хутка з'явілася: калі вам, маўляў, замінае гэты аўтамабіль, пазваніце. І следам нумар...

Набраць яго вельмі многім хацелася, каб сказаць, што машына — ужо дастала... Бо на вачах, харошая, новая, а галоўнае — дармавая... Каго тут жаба не заесць, каму не захочацца такую ж?

Ці іншую? Бо вось гэта, як піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч,

Вельмі файная машына:

Усё на месцы, чын па чыну.

І бензіну поўны бак

А завесці... Ну ніяк!

Бывае, на жаль, як піша спадар Эльяш Банель з Мінска:

Падняў капот у «Жыгулях»

І...

Вочы б не глядзелі:!

Ну ўсё разваліцца па «швах»

У першую ж нядзелю!

І тады...

Ясь не скажа вам дакладна,

Колькі ездзіць гэта «лада»

Але ж бачна — «жыгулі»

«Падманулі, падвялі»:

Хтось нясецца міма з шыкам,

А яго паездка — пшыкам...

Пішуць так сужэнцы Астроўскія з Мінска і тым самым нагадваюць старое: «Не разумею, чым не падабаюцца айчынныя машыны? Немцы вунь на айчынных ездзяць, і нічога». А вось расіяне... Ды і мы... Як піша спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны:

«Ладу» хто купяе, —

Розуму не мае:

Каб яе рамантаваць,

Трэ кансіліум збіраць.

І потым ездзіць па аўтарынках, аўтакрамах, аўтасэрвісах: для чаго, як кажуць, гэтыя машыны і ствараюцца.

У аднаго з уласнікаў, дарэчы, спыталі, хто ў яго сям'і найдаражэй абходзіцца? Шчыра адказаў: «лада» — чым далей, тым болей», што, вядома ж, не пра жонку... А таму на здымку, паводле спадарыні Гудачковай, можа быць «кансіліум» і з іншай нагоды: ужо не па рамонце:

Лёс жалезнага каня

Вырашае ўся радня:

Ці прадоўжыць яму жытку,

Ці ўжо выкінуць з ужытку?

Вось гэта, апошняе, хто-ніхто зрабіў. І таму (згадзіцеся са спадаром Мікалаем Касмачэўскім з Наваполацка):

«Жыгулёнкаў» на дарогах

Сёння ўжо не так і многа...

А малым жа цікавей,

Што тут ездзіла раней?

Пройдзе час, і рарытэтам

Можа стаць машына гэта.

(«У вас ёсць хобі?» — спыталі неяк у мужчыны каўказскай нацыянальнасці. — «А як жа! — пахваліўся ён. — Я збіраю вазы!». — «Якія?» — «2101», «2102», «2103»...

Бо яны, калі па шчырасці, заўсёды ў пашане. І, вядома ж, нездарма. Вось уявіце: чалавек у дарозе, канца ёй пакуль не відаць, і дождж сцяной... Ён галасуе, ды «мерседэсы»-«таёты» праносяцца міма. І толькі старая «капейка» спыняецца, падбірае — чалавек едзе, яму цёпла, добра...

Хоць, здараецца, і не вельмі. Знаёмец неяк на сваім «крузаку» (гэта, казаў, машына мары: хто не мае, марыць купіць, хто мае — прадаць...) падвозіў купку турыстаў, па-беларуску распытваў іх, дзе вучацца, куды ідуць, расказаў ім пра тое месца... (Хлопцы неспадзеўкі зразумець не маглі, дзе яны, куды трапілі?)

...Спадар Касмачэўскі, здаецца, ведае, чаму такое здараецца: таму што дзеці адарваныя ад жыцця: за сваімі гаджэтамі свету не бачаць! А дарослым часам і справы няма... Хоць на добры толк вельмі трэба было б нешта прыдумаць. Ну вось як на здымку:

Каб улетку нашы дзеткі

Не сядзелі ў хатах-клетках,

Школьны стораж, дзед Макар,

Зладзіў творчы семінар:

«Жыгулёнка» разабраў —

Расказаў і паказаў,

Дзе матор, дзе радыятар,

Як працуе генератар...

Быў карысным дыялог...

Дзед — сапраўдны педагог!

Трэба разумець, не Макар, а ледзь не Макаранка: можа перадаваць свае веды і не сумнявацца ў тым, што яны спатрэбяцца, бо часам (як разважае спадар Сабалеўскі),

Дзе якія тут масты?

Дзе акумулятар?..

Хоча з тэхнікай на «ты»

Быць дзяцюк-аматар:

Ён паўдня іскру шукаў

Пад сядзеннем дзесьці...

«Жыгулёк» карчом стаяў:

Падкажыце, дзеці!

А яны (калі вучні Макаранкі) гэта змогуць...

Той знаёмец з «крузака» расказваў, напрыклад, што змалку ганяў на матацыкле. Пакуль не зламаў... І да бацькі: дапамажы?.. А таму, відаць, лянота была: інструкцыю сыну ў рукі і... «Давай, брат, сам». Малы пакрыўдзіўся, але справу зрабіў — нават смак адчуў: стала цікавей катацца — тады... Цяпер свой бізнес у яго.

Ці трэба казаць, што па-рознаму ён пачынаецца. У вось гэтага ўладальніка «Жыгулёў», паводле спадара Сабалеўскага, — з гандлю:

Каму піва? Каму жуйкі?

Цыгарэт ці хлеба?..

Калі ты не Абрамовіч,

То круціцца трэба:

Не «шасцёрка» — аўтакрама

Летам у Фядота.

Не патрэбна і рэклама:

Файная работа!

І, дай бог, выніковая, бо гэты Фядот сам сабе і дырэктар, і бухгалтар, і рэвізор... Карацей — зусім не тое, што на здымку, які спадара Сабалеўскага «падбіў» на роздум:

Часу мала ў запасе

Ды і той ад нас бяжыць...

Як калісьці ў калгасе:

Нехта робіць, cем — глядзіць:

Адзін слесар, тры дарадцы,

Плюс праверка...

Ніадкуль...

Ад такой «разумнай» працы

Адпаведны й вынік — нуль.

Але ж гэта, дай бог, не пра нашу краіну, бо тут (паводле сужэнцаў Астроўскіх),

«Жыгулі» ўжо аджылі,

Ім на змену — «Джылі».

Усё болей ім дарог!

І...

да новых перамог —

Электрамабіляў!

Як той казаў: дай бог нашаму цяляці воўка з'есці. Ці пачутае — убачыць, што, на думку спадарыні Гудачковай, натоўп (са здымка) і робіць:

Чуткі — мігам: «Там купілі

Электрычнага мабіля!»

Паглядзець на цуда дня

Пазбягалася радня.

З іншай мэтай, як піша спадарыня Кусянкова, яна таксама магла:

У натоўпу «гледачоў»

Не хапае ўжо мазгоў...

Выглядае ўсё ў парадку:

Ёсць іскра і ёсць зарадка...

Чаму ж «лада» не імчыць?

Сонька знае ды маўчыць:

Бак з натугай адкруціла,

А бензін... падсаладзіла!

Ды што там — і паспытаць магла: дзеці ж народ цікаўны. І чым больш іх у сям'і — тым лепш. А значыць,

На вяселле «жыгулі»

Падарылі госці.

І тым самым падвялі

Бацьку-ягамосця,

Бо ў машыне —

«крэслаў» пяць,

А малых —

«штук» сем, відаць?

Плюс, вядома ж, маці...

МАЗ бы падагнаці!

Раіць гэта спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, маючы на ўвазе аўтобус на 25 пасадачных месцаў. Ну, каб з запасам было. А то...

Колькі дзетак у салоне,

Відавочна: не злічыць.

Вось «жыгуль» таму і стогне:

Адмаўляецца вазіць, —

лічыць спадарыня Таццяна Новік з Клецка. А МАЗ, вядома ж, павязе, прычым любую сямейку!

Значыць, дай бог кожнаму — вялікую і дружную, у якой хоць святкаваць, хоць гараваць — усё лягчэй...

Як і нешта рабіць: дапусцім — падводзіць вынікі нашага конкурсу на найлепшы подпіс да здымка. Такім чынам на ім, папярэднім (глядзі нумар «Звязды» за 21 ліпеня), быў «плывец» з чарадой гусей. Дык вось, найлепшыя радкі аб тым, куды плыў ён, куды яны, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, прыдумалі спадары Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, а таксама спадарыні Зоя Наваенка з Глыбоччыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны і Таццяна Новік з Клецка.

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2022 года накіроўваецца ў горад Клецк...

Марыце, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады выпісвайце альбо ў чарговы раз уважліва паглядзіце на новы конкурсны здымак, прыдумайце подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, памерам не больш чым восем радкоў) і... выйграйце! Ці хоць бы паспрабуйце — раптам атрымаецца?

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Феномен Максіма Багдановіча

Феномен Максіма Багдановіча

«Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»

Палітыка

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?

Старшыня кіруючай кансерватыўнай партыі Польшчы «Права і справядлівасць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі выказаўся наконт палітыкі Германіі.

Грамадства

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?

Калі сфера дастаўкі гатовага харчавання перажыла бурны рост з пачаткам пандэміі, калі з офісаў вельмі многія перамясціліся ў кватэры, а пах

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».