Вы тут

Адважыцца і... пачаць! Што стрымлівае развіццё «жаночага» бізнесу?


Уклад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВУП нашай краіны за 2020 год склаў 26,4 % — такую лічбу прывялі ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі. Уцягванне ў прадпрымальніцтва большай колькасці жанчын здольна стаць яшчэ адным стымулам для росту ў краіне малога і сярэдняга бізнесу, што станоўча адаб'ецца на эканоміцы краіны.


«Увогуле, у Беларусі няма такой асобнай прававой катэгорыі, як жаночы бізнес. Такім чынам, заканадаўча не ўрэгулявана пытанне аказання спецыяльнай дзяржаўнай падтрымкі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў жанчынам-прадпрымальнікам (у прыватнасці давання якіх-небудзь спецыяльных льгот, прэферэнцый і іншых стымулаў). Жанчыны, якія сёння хочуць адкрыць уласную справу ў форме індывідуальнага прадпрымальніцтва або камерцыйнай арганізацыі, дзейнічаюць на агульных падставах і карыстаюцца тымі прэферэнцыямі, якія даступны для адпаведнай катэгорыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва», — гаворыць намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына БАБАЧОНАК.

Як паказалі даследаванні, на першы план у развіцці менавіта жаночага бізнесу выходзяць пытанні кансультацыйнай, больш нават псіхалагічнай падтрымкі жаночага прадпрымальніцтва, ментарства, пазітыўныя прыклады іншых жанчын-прадпрымальнікаў, падтрымка СМІ па шырокім асвятленні гісторый поспеху, бізнес-навучанне. Калі жанчыны будуць уваходзіць у прадпрымальніцтва і паказваць важкія вынікі, распавядаць свае гісторыі, грамадства перастане іх недаацэньваць.

Выканаўчы дырэктар ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Васіль АЛЯКСЕЕЎ лічыць, што развіццё жаночага прадпрымальніцтва — гэта адзін з характэрных трэндаў бізнес-асяроддзя.

Год таму банк вылучыў падтрымку жаночага прадпрымальніцтва ў асобны крэдытны прадукт, мэтай якога з'яўляецца стымуляванне жаночага бізнесу. У яго рамках за гэты перыяд прафінансаваны 116 праектаў на суму больш за 15 млн рублёў, а гэта мікрапрадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія заняты ў розных сферах дзейнасці: ад гандлю да паслуг па вытворчасці сельскай гаспадаркі. «У Беларусі ёсць вялікі патэнцыял для развіцця прадпрымальніцтва, у тым ліку і жаночага. Мы адчуваем неабходнасць і таму актывізуем не толькі фінансавую, але і нефінансавую падтрымку малому і сярэдняму бізнесу ў краіне: а гэта кансультацыйныя паслугі, падтрымка стартапаў, а галоўнае, гарантыі тым суб'ектам малога і сярэдняга бізнесу, якія з'яўляюцца ўмоўна некрэдытаздольнымі і з дапамогай такіх гарантый могуць атрымаць крэдыт на развіццё сваёй справы», — падкрэсліў Васіль Аляксееў.

Канешне, магчымасці адкрыць сваю справу ёсць і ў мужчын, і ў жанчын. Аднак у жанчын спецыфічныя бар'еры. Міністэрствам эканомікі і незалежнымі інстытутамі былі праведзены даследаванні па ацэнцы маштабаў уцягнутасці жанчын у прадпрымальніцкую дзейнасць, а таксама па выяўленні сацыяльных, эканамічных і культурных бар'ераў, якія ўплываюць на эканамічныя паводзіны і выбар кар'еры для жанчыны, расказала Ірына Бабачонак. У выніку працы, якая была праведзена, выяўлена некалькі груп фактараў, якія можна назваць умоўнымі перашкодамі для ўваходжання жанчыны ў бізнес. Дадзеныя бар'еры ўключаюць сацыяльны ціск, сямейныя абавязкі, якія нясе на сабе жанчына. Таксама гэта пэўны недахват кіраўніцкага вопыту, стратэгічнай арыентацыі, залежнасць ад меркавання соцыуму і агульныя выклікі бізнес-асяроддзя, характэрныя для ўсіх катэгорый суб'ектаў прадпрымальніцтва. Сацыяльная роля жанчыны вымушае яе забяспечваць клопат пра сям'ю, догляд дзяцей. У той час, згодна з даследаваннямі, толькі 9 % мужчын-прадпрымальнікаў гатовыя ўзяць на сябе і гэты абавязак. Такім чынам, жанчыны больш матываваныя пачынаць свой бізнес у сферах, якія не маюць складанасцяў, нейкіх адміністрацыйна-вытворчых працэсаў і дазваляюць сумяшчаць некалькі роляў. У той жа час, каб займацца вытворчым, высокарэнтабельным бізнесам, арыентаваным на хуткі рост, маштабаванне, — жанчынам, як яны самі прызнаюцца, не хапае пэўных эканоміка-прававых ведаў.

Яшчэ адзін бар'ер, які быў выяўлены, — гэта фактар паводзінаў. У прыватнасці, ступень унутранай гатоўнасці саміх жанчын пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць. Тут галоўны фактар, які можа з'яўляцца перашкодай, — унутраная няўпэўненасць у сабе, у сваіх сілах. Гэта абумоўлена культурнымі традыцыямі, меркаваннем соцыуму, бо жанчыны з прычыны псіхалагічных асаблівасцяў больш схільныя да таго, каб прыслухоўвацца да меркаванняў навакольных. Такія паводзіны таксама абумоўлены і імкненнем пазбягаць высокіх рызык, большай схільнасцю да аналізу наступстваў тых рашэнняў, якія прымаюцца.

Дарэчы, жанчыны часцей адмаўляюцца ад прыцягнення пазыковых грашовых сродкаў. Статыстыка кажа пра тое, што толькі 10 % крэдытаў на развіццё прадпрымальніцтва прыпадаюць на долю жаночага бізнесу. У асяроддзі аналітыкаў таксама існуе меркаванне, што, з аднаго боку, жанчыны не вельмі гатовыя прыцягваць дадатковыя фінансавыя рэсурсы і пазыковыя сродкі, а з іншага, — сама банкаўская сістэма больш прадузята ставіцца да жанчын-прадпрымальнікаў. «На мой погляд, гэты тэзіс досыць дыскусійны, — кажа Ірына Бабачонак. — Мы сумесна з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця правялі даследаванне. Высветлілася, што жаночыя заяўкі на атрыманне крэдыту аб'ектыўна слабейшыя, аднак у наступным жанчына аказваецца больш адказным, выканаўчым пазычальнікам. Момантаў з незваротнай часткай менавіта ў гэтай катэгорыі нашмат менш».

«Стагоддзямі складвалася так, што наша грамадства — гэта прадукт патрыярхату і ў гэтым грамадстве быў выразны падзел роляў на мужчынскую і жаночую, — адзначыў выканаўчы дырэктар ААТ «Белінвестбанк» Дзмітрый Раманоўскі. — Але за апошнія 15—20 гадоў адбылася істотная трансфармацыя грамадства. Сёння жанчыны — не толькі захавальніцы хатняга ачага, яны могуць быць і здабытчыцамі. І гэта пацвярджае аналіз нашага супрацоўніцтва з жаночым бізнес-асяроддзем. Шчыра кажучы, нават не магу знайсці сферу эканомікі, у якой бы ні бралі ўдзел сучасныя жанчыны. Прыкладна траціна нашых кліентаў — суб'екты жаночага прадпрымальніцтва. Для таго, каб жанчыны адчувалі сябе больш упэўнена, мы стварылі Цэнтр падтрымкі і развіцця жаночага прадпрымальніцтва, сферай дзейнасці якога з'яўляецца ментарская падтрымка. З 2019 года там арганізаваны спецыяльныя майстар-класы і іншыя праграмы па адукацыі жанчын у сферы бізнесу».

Таксама ўжо стала традыцыйным правядзенне тыдня бізнесу і кар'еры для жанчын. У рамках гэтага тыдня, як і ў папярэднія два гады, будзе арганізавана серыя розных адукацыйных, матывацыйных, дыскусійных мерапрыемстваў. У чарговы раз плануецца падтрымаць глабальную ініцыятыву, якая праводзіцца пад эгідай ААН, — Сусветны дзень жаночага прадпрымальніцтва. Удзельнікамі гэтай ініцыятывы з'яўляюцца 144 краіны свету, у тым ліку і Беларусь. Вясной наступнага года ў нас запланавана яшчэ адна маштабная падзея — круглы стол на тэму «Бізнес і жанчыны».

«Што датычыцца мер па выпрацоўцы традыцыйных спосабаў падтрымкі, да якіх адносіцца сістэма льгот, прэферэнцый, падатковых, адміністрацыйных паслабленняў, — гэта пытанне знаходзіцца на парадку дня, — падкрэсліла Ірына Бабачонак. — У нас цяпер ідзе маштабная рэструктурызацыя сістэмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў цэлым. У рамках гэтай работы мы, вядома ж, звяртаем увагу на магчымасць выдзялення жаночага бізнесу ў асобную катэгорыю для садзейнічання. Усю работу па рэфармаванні сістэмы дзяржпадтрымкі плануем скончыць да 2023 года. Спадзяёмся, што там з'явіцца спецыяльны праект і па жаночым прадпрымальніцтве».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».