Вы тут

На Ташкенцкім міжнародным кінафестывалі адкрыліся Дні беларускага кіно


На кінафоруме прадстаўлены новыя стужкі, знятыя за апошні час на «Беларусьфільме». Як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі перад пачаткам паказу дырэктар Нацыянальнай кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, усе прывезеныя на фестываль фільмы разлічаны на масавага гледача. Кіраўнік «Беларусьфільма» выказаў спадзяванне, што работы нашых кінематаграфістаў знойдуць водгук у сэрцах узбекскіх гледачоў і дапамогуць больш зразумець Беларусь. 


Пачаўся паказ нашых фільмаў са стужкі Дзмітрыя Астрахана «Лёс дыверсанта», якую прадстаўляў сам аўтар. І калі тэма вайны ўсім блізкая і зразумелая, дык гістарычна-прыгодніцкая стужка «Авантуры Пранціша Вырвіча» для ўсходняга гледача свайго роду экзотыка. Хоць акцёр Канстанцін Міхаленка, які ў фільме выконвае ролю «шэрага кардынала» Багінскага, прататыпам якога стаў палітык Міхаіл Казімір Агінскі, з гэтым не згодны. «Ва ўсе часы ва ўсіх народаў былі каханне і нянавісць, вернасць і здрада, прага да прыгод і любоў да Радзімы. Фільм пра гэта, таму, думаю, ён будзе зразумелы. А тое, што праз прыгодніцкі сюжэт глядач даведаецца пра нашу гісторыю, няхай сабе і міфалагізаваную — гэта выдатна. Цікавіліся ж мы гісторыяй Францыі праз «Трох мушкецёраў».

Акцёр прызнаўся, што перад здымкамі вывучаў біяграфіі рэальнага персанажа. Адзінае што не навучыўся іграць на кларнэце, як Міхаіл Казімір (дарэчы, родны дзядзька аўтара славутага паланэзу «Развітанне з Радзімай). Але спадзяецца, што ў прыгод Вырвіча і Лёдніка будзе кінапрацяг, і можна будзе музычны інструмент асвоіць.

На адкрыцці Дзён беларускага кіно прысутнічаў і Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь ва Узбекістане Леанід Марыніч. Ён адзначыў, што апошнім часам актывізавалася супрацоўніцтва дзвюх краін не толькі ў эканамічнай сферы, але і ў гуманітарнай. У прыватнасці, калі яшчэ тры гады таму ў Беларусі не было ніводнага ўзбекскага студэнта, дык па выніках мінулага навучальнага года ў нашай краіне навучалася ўжо дзве тысячы чалавек. «Гэта добра, што мы пачынаем актыўнае супрацоўніцтва і ў кінасферы, якая і сёння з’яўляецца важным гуманітарным складнікам міжнародных адносін», — заўважыў Леанід Марыніч.

Заўтра беларусы будуць прадстаўляць сваё кіно ў Самаркандзе, а пасля ў Сардар’і.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?