Вы тут

Малады вучоны? Дапаможам камерцыялізаваць ідэі!


Міжнародная навуковая канферэнцыя «Моладзь у навуцы — 2021» праходзіць гэтымі днямі ў Нацыянальнай акадэміі навук з удзелам 250 маладых даследчыкаў. Гэта не толькі найбуйнейшае навуковае мерапрыемства ў нашай краіне, але і прэстыжная пляцоўка для прэзентацыі праектаў таленавітай моладзі з краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.


Пераемнасць пакаленняў

— Для інавацыйнай эканомікі развіццё навукі і тэхналогій з'яўляецца адной з найважнейшых перадумоў. Вядома, для таго, каб мы істотна прасунуліся ў гэтым кірунку, патрабуецца падтрымка маладых навукоўцаў і ўвогуле маладзёжных ініцыятыў, накіраваных на стварэнне новых прадуктаў, — падкрэслівае галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і старшыня Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй ІВАНЕЦ. — У Акадэміі навук сёння створана цэласная сістэма падтрымкі маладых навукоўцаў, якая ўключае ў тым ліку магчымасці атрымання стыпендый і грантаў.

Так, тры гады таму быў заснаваны конкурс «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Удзельнічаць у ім могуць маладыя навукоўцы, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў. Яны ўжо маюць вопыт кіраўніцтва шэрагам навуковых праектаў, працуюць з магістрантамі, аспірантамі, фарміруюць маладзёжныя каманды. Гэта наш кадравы рэзерв. Маладыя вучоныя, якія ўвайшлі ў банк даных «100 маладых талентаў» за мінулыя тры гады істотна прасунуліся ў сваёй навуковай і адміністрацыйнай дзейнасці. Многія з іх ужо займаюць кіруючыя пасады ў навуковых арганізацыях і лабараторыях. Такім чынам, конкурс стаў дзейсным інструментам, які дапамагае ініцыятыўным і таленавітым маладым людзям развівацца ў навуцы.

Пры ўмове здавальняльнай ацэнкі гадавой справаздачы аб навукова-даследчай, педагагічнай і інавацыйнай дзейнасці лаўрэатам конкурсу выплачваецца штогадовая прэмія ў памеры да 50 базавых велічынь у перыяд уваходжання ў банк даных «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Кандыдаты навук могуць знаходзіцца ў банку да 35-гадовага ўзросту, а дактары навук — да 45 гадоў.

Акрамя таго, у 2019 годзе былі заснаваныя некалькі імянных прэмій для маладых навукоўцаў: прэмія імя акадэміка Жарэса Алфёрава (у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук), акадэміка Васілія Купрэвіча (у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны і аграрных навук) і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага (у галіне гуманітарных і сацыяльных навук).

«Акрамя матэрыяльнага стымулу, вельмі важна, каб моладзь адчувала пераемнасць, а імянныя стыпендыі якраз і дазваляюць паглыбіцца ў гісторыю Нацыянальнай акадэміі навук і стаць да яе датычнымі. Сёння маладыя вучоныя да 35 гадоў складаюць прыкладна 30 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў ва ўсіх структурах Нацыянальнай акадэміі навук. Ступені кандыдата і доктара навук маюць з іх 12—15 працэнтаў. Многа гэта ці мала? Вядома, нам хацелася б, каб матывацыя да абароны, у першую чаргу, кандыдацкай дысертацыі была больш высокая, — канстатуе Андрэй Іванец, — але заробкі навукоўцаў залежаць не толькі ад наяўнасці ў іх вучонай ступені, але і ад узроўню праектаў, у якіх яны задзейнічаны, і аб'ёму іх фінансавання.

Прафесійныя амбіцыі

Падрыхтоўкай інтэлектуальнай эліты на ўзроўні магістратуры, аспірантуры і дактарантуры займаецца Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН. Для гэтых мэт задзейнічана матэрыяльна-тэхнічная база ўсіх арганізацый акадэміі, якая з'яўляецца найбуйнейшай навукова-тэхнічнай карпарацыяй у краіне. Фарміраванне будучых вучоных адбываецца не ў вучэбных аўдыторыях, а, так бы мовіць, на перадавой акадэмічнай навукі — у лабараторыях акадэмічных інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў, на эксперыментальных пляцоўках, археалагічных раскопках. Зараз у Акадэміі навук праграмы аспірантуры рэалізоўваюцца ў 52 навуковых арганізацыях па 137 навуковых спецыяльнасцях.

А якімі ж матывамі кіруецца моладзь, каб пайсці вучыцца спачатку ў магістратуру, а потым і ў аспірантуру? Як паказваюць апытанні, гэта жаданне самаўдасканальвацца, магчымасць займацца навуковай дзейнасцю, прасоўванне па кар'ернай лесвіцы, імкненне працаваць у навуковай установе ці вышэйшай навучальнай установе, павысіць свой сацыяльны статус і самасцвердзіцца.

Зразумела, эфектыўнасць аспірантуры ў вялікай ступені залежыць ад таго, хто туды паступае, якія мэты і задачы ставіць перад сабой будучы вучоны: проста абараніць дысертацыю або адбыцца ў навуцы? Чым жа прыцягвае маладых навучанне ў акадэмічнай аспірантуры? У першую чаргу гэта пашырэнне свайго навуковага кругагляду: размова ідзе пра магчымасць адкрываць новыя галіны ведаў, інтэлектуальны рост, магчымасць стасункаў з дзеячамі навукі, аспірантамі з іншых аддзелаў і лабараторый. Акадэмічныя аспіранты канстатуюць, што даследчая дзейнасць дазваляе ім дысцыплінаваць мысленне.

Як сцвярджае старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец, праблема з забеспячэннем моладзі жыллём у Акадэміі навук вырашаецца добра. Так, магістранты і аспіранты на 100 працэнтаў забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Прычым жыллё знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад Акадэмгарадка, што вельмі зручна пры падрыхтоўцы магістарскіх работ і кандыдацкіх дысертацый. Для маладых вучоных праблема таксама вырашаецца комплексна: ёсць інтэрнат і арэнднае жыллё ў комплексе «Магістр». Ёсць таксама асобны дом для маладых вучоных, які быў пабудаваны па ўказу кіраўніка дзяржавы. Зараз чаргі ў інтэрнат ці на арэнднае жыллё ў акадэміі няма. «Але моладзь цяпер хоча мець уласнае жыллё, таму мы працуем у гэтым кірунку: праведзены праектныя работы і зроблена закладка жылога дома на перакрыжаванні вуліц Праграмістаў і Акадэміка Купрэвіча, куды змогуць засяліцца як маладыя вучоныя, так і старэйшае пакаленне», — дадаў Андрэй Іванец.

Унікальны шанц

— Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт з'яўляецца лідарам тэхнічнай адукацыі ў нашай краіне, і выхаванне крэатыўнай моладзі, фарміраванне культуры інавацыйнага прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі — адна з яго прыярытэтных задач, — падкрэслівае дырэктар філіяла БНТУ «Навукова-даследчы політэхнічны інстытут» Віктар ТРАПАЧКА. — У сучасных рэаліях вучоны павінен не толькі генерыраваць ідэі, але і ўмець арганізаваць навуковае даследаванне, сфарміраваць навуковую групу, падумаць, каму могуць быць цікавыя вынікі гэтага даследавання. На працягу апошніх сямі гадоў універсітэт удзяляў значную ўвагу стварэнню інавацыйнай інфраструктуры, якая дапамагала б моладзі не толькі задумаць свой праект, але і давесці яго да практычнай рэалізацыі, у тым ліку арганізаваць уласны бізнес. Для гэтага ў БНТУ створана ўнікальнае асяроддзе, якое ўключае шэраг элементаў.

Першы — гэта студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Іх ва ўніверсітэце дваццаць, створаны яны ў розных галінах рэальнага сектара эканомікі: гэта і энергетыка, і машынабудаванне, і будаўніцтва, і горная справа. З 20 лабараторый 6 атрымлівалі падтрымку на развіццё сваёй матэрыяльнай базы ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

У 2014 годзе ў БНТУ быў створаны Стартап-цэнтр. Гэта самы інавацыйны і маладзёжны праект універсітэта, унікальны шанц для тых, у каго ёсць ідэі для стварэння і развіцця ўласнага бізнесу, а таксама для тых, чые камандныя і лідарскія здольнасці дапамогуць рэалізацыі творчых задум і планаў іншых удзельнікаў. Місія стартап-школы — развіццё культуры маладзёжнага прадпрымальніцтва ў БНТУ, падтрымка бізнес-актыўнасці маладых навукоўцаў і, вядома, пошук цікавых стартапаў. У цэнтры праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў (мітапы і прэзентацыі праектаў, семінары і бізнес-гульні), аказваецца кансультаванне па пытаннях прававой аховы і кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, поўны комплекс інфармацыйна-маркетынгавых паслуг для арганізацыі інавацыйнага бізнесу.

Паколькі БНТУ — тэхнічная ВНУ, таму і стартапы тут — пераважка «прадуктовыя». Падчас правядзення стартап-школы з'явілася дакладнае разуменне, што стартаперам-пачаткоўцам патрабуецца дапамога, у першую, чаргу з фізічнай візуалізацыяй іх ідэй.

Напрыклад, вы загарэліся ідэяй стварэння шматфункцыянальнай прылады, якая можа палегчыць жыццё. Вы лічыце гэта выдатным вынаходствам, прыдумалі канцэпцыю і думаеце, што ваш прадукт будзе цікавы рынку. Але што паказаць інвестарам? Патрэбны ўзор! Усе гэтыя пытанні вырашае Фаблаб. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню і цалкам новым падыходам да хуткага мадэляваннія і прататыпавання ў вытворчай лабараторыі можна прайсці ўсе стадыі — ад распрацоўкі ідэі да гатовага камерцыйнага прадукту.

Усяго Фаблаб валодае двума дзясяткамі адзінак абсталявання: гэта 3D-прынтары з камплектам інструментаў для абслугоўвання, фрэзерна-гравіравальны станок, лазерны гравіравальны-рэжучы станок, канструктары для зборкі робатаў і электрапраграмаваных прылад, абсталяванне для слясарных і мантажных работ і гэтак далей. Акрамя тэхнічнай аснашчанасці, Фаблаб можа пахваліцца правядзеннем майстар-класаў (напрыклад, па 3D-мадэляванні), якія дазваляюць пашырыць творчыя магчымасці карыстальнікаў. Наведвальнікі могуць працаваць самастойна або сумесна з ментарам. Практыкуецца падыход, калі вопытныя карыстальнікі ўключаюцца ў працу ў якасці ментараў. Фаблаб лагічна ўбудаваўся ў сістэму падтрымкі і развіцця інавацый універсітэта, заняўшы ў ёй сваё месца.

Быць у трэндзе

Як расказаў Віктар Трапачка, кліентамі Стартап-цэнтра былі 34 праекты, з іх шэсць маюць устойлівы бізнес. Гэта вельмі добры паказчык, таму што па сусветнай статыстыцы толькі два працэнты кліентаў стартапаў праз пэўны час арганізуюць паспяховы бізнес.

Адным з самых першых праектаў Стартап-цэнтра БНТУ стаў робат багі, які ў выніку вырас у серыю набораў для адукацыйнай робататэхнікі і кампанію «МРобат». Адзін з самых вядомых стартап-праектаў — «ТурбаСфера» — накіраваны на вырашэнне праблемы ўтылізацыі энергіі залішняга ціску прыроднага газу і больш эканомнага выкарыстання рэсурсаў. «ТурбаСфера» можа атрымліваць энергію з другасных энергарэсурсаў і цеплавых адходаў. Тэхналогія паказала сябе працаздольнай, бяспечнай і прыносіць даход. На дадзены момант выпускнік энергетычнага факультэта БНТУ Кірыл Ляўкоў, які калісьці прыйшоў са сваёй ідэяй у Стартап-цэнтр, стварыў ужо тры прадпрыемствы — у Навукова-тэхналагічным парку БНТУ «Палітэхнік», у Сколкаве (Расійская Фдэрацыя) і ў Навукова-тэхналагічным парку Беластока.

Яшчэ адзін прыклад паспяховай інавацыі звязаны з вышыўкай. Сёння дызайн-цэнтр вышыўкі Faіny.by — самае буйное прадпрыемства на рынку паслуг па гэтым профілі. А пачалося ўсё з ідэі абзавесціся ўласным карпаратыўным стылем па аналогіі з сусветнымі ўніверсітэтамі. У каманду аб'ядналіся студэнты некалькіх факультэтаў, якія самастойна распрацавалі дызайнерскі лагатып універсітэта і спыніліся на ідэі яго вышыўкі: глядзіцца сучасна і прэзентабельна. Атрымалася дастойная калекцыя. Далей узнікла ідэя папрацаваць з нацыянальным арнаментам, які ў трэндзе і асабліва запатрабаваны сярод моладзі. Для кожнага малюнка пішацца індывідуальная камп'ютарная праграма. Затым прыйшло разуменне, што з гэтага праекта можна арганізаваць самастойны бізнес. З'явілася інтэрнэт-крама, а затым стартап перавялі ў ТАА «Дызайн-цэнтр вышыўкі» — адзін з рэзідэнтаў тэхнапарка БНТУ «Палітэхнік».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота pixabay.com, peexels.com

Загаловак у газеце: Добра быць элітай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.