Па выніках працы на Міжнароднай студэнцкай будоўлі «Кузбас-300» у расійскім горадзе Кемераве студэнцкі будаўнічы атрад «Дойліды» імя П. І. Блахіна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў найлепшым. Беларускія студэнты разам з расійскімі і казахскім будатрадамі ўдзельнічалі ва ўзвядзенні спартыўных і сацыяльных аб'ектаў капітальнага будаўніцтва Кузбаса. Камандзір атрада чацвёртакурснік механіка-тэхналагічнага факультэта спецыяльнасці «Хімічная тэхналогія перапрацоўкі прыродных энерганосьбітаў» Уладзіслаў КОНАХАЎ расказаў, што на міжнароднай будоўлі сабраліся 18 атрадаў, канкурэнцыя была сур'ёзная, аднак «Дойліды» адчувалі сябе ўпэўнена.
— Адпрацавалі мы на будаўніцтве культурнага кластара ў Кемераве амаль два месяцы. Шчыравалі на аб'екце, дзе будаваўся аддзел харэаграфіі і спеваў. Па прыездзе хутка сарыентаваліся і ўключыліся ў працу, бо будоўля «Кузбас-300» вельмі падобная на Усебеларускую маладзёжную. Усяго нас было 15 чалавек: 14 хлопцаў і адна дзяўчына. Хтосьці тынкаваў і аздабляў сцены, нехта клаў керамічную плітку або працаваў у якасці падсобнага рабочага. Жылі ў інтэрнаце Кемераўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які размяшчаўся зусім недалёка ад нашага аб'екта.
«Дойліды» былі ўпэўнены: гэтая будоўля стане вельмі складанай як фізічна, так і маральна. «Спачатку навічкам было цяжкавата ўключыцца ў працэс. Тут галоўнае — не ўпусціць момант, калі яны пачнуць тухнуць, здавацца, і своечасова падбадзёрыць. Разам з тым мы разумелі, што побач з намі вельмі моцныя будатрады з Расіі і Казахстана. Але іншыя хлопцы і дзяўчаты нас вельмі падтрымлівалі, мы пасябравалі, і нават цяпер з многімі захавалася цесная сувязь. Разам было нашмат лягчэй рушыць наперад і займацца падрыхтоўкай да розных мерапрыемстваў, спаборніцтваў. Да таго ж расіяне не чакалі такога высокага ўзроўню падрыхтоўкі «Дойлідаў». Калі нас аб'явілі найлепшымі па выніках працы на гэтай будоўлі, эмоцыі перапаўнялі», — падзяліўся Улад.
21-гадовы хлопец кажа, што матывацыя ўдзелу ў будатрадах ва ўсіх розная. «Асабіста я ўступіў у студатрад, бо хацеў паспрабаваць нешта новае. Было гэта два гады таму. Спачатку паехаў на Усебеларускую маладзёжную будоўлю ў Астравец байцом. Пасля першай «цаліны» мяне вельмі прыцягнуў студатрадаўскі рух, і я стаў камісарам на наступны год. А ўжо на трэці мяне выбралі камандзірам. Я вельмі таварыскі, камунікабельны, знаходжу агульную мову практычна з любым чалавекам, ніколі не баяўся адказнасці. Лічу сябе творчай асобай і, прыйшоўшы ва ўніверсітэт, раскрыў гэты свой патэнцыял яшчэ больш. На жаль, ужо не змагу больш ездзіць на «цаліну» разам з будатрадам, бо гэты год — мой апошні ў ВНУ, аднак калі б была такая магчымасць, не раздумваючы, пагадзіўся б і надалей займацца такой дзейнасцю».
Камісар «Дойлідаў» студэнт спецыяльнасці «Арганізацыя дарожнага руху» Нікіта БОНДАР уступіў у будатрад яшчэ тры гады таму, а на Міжнародную будоўлю паехаў ужо ў якасці камісара.
— Я вельмі творчы чалавек, у свой час скончыў мастацкую школу. Да таго ж люблю спорт. Да Міжнароднай студэнцкай будоўлі мы рыхтаваліся грунтоўна, упершыню паехалі ў Расію на такі маштабны аб'ект. Трапілі туды не ўсе, хоць ахвотных было шмат. Менавіта я адказваў за арганізацыю творчых і спартыўных мерапрыемстваў, за тое, каб наш атрад за час трэцяга працоўнага семестра стаў вялікай дружнай сям'ёй. Займаліся ўборкай будаўнічага смецця, залівалі падлогу бетонам, выконвалі іншыя справы. Пасля працы рыхтаваліся да спаборніцтваў або конкурсаў. З камандзірам замянялі адзін аднаго калі гэта было патрэбна. Не ўсё адразу атрымлівалася, але мы ўсяму хутка вучыліся. Уставалі рана, але гэта было не адчувальна з-за насычаных дзён. Імкнуліся правільна планаваць час. На будоўлі абвастраецца жаданне ствараць, генерыраваць новыя ідэі. Чаго толькі не рабілі, нават здымалі кліп! Больш за ўсё ўразіў творчы фестываль, пасля яго атрымаў станоўчыя эмоцыі.
20-гадовы Нікіта падзяліўся, што адзін з самых любімых момантаў будоўлі — закрыццё трэцяга працоўнага семестра. «Адразу ўспамінаеш яркія моманты, якіх вынікаў дасягнулі. Шчыра кажучы, мы не былі ўпэўненыя на сто працэнтаў, што станем найлепшымі па выніках працы ў Кемераве. Гэтая ўзнагарода — вельмі значная для нас. Увогуле, мае родныя і сябры заўсёды падтрымлівалі ў тым, што я ўдзельнічаю ў будатрадзе. Гэта добрая магчымасць падарожнічаць, заводзіць новыя знаёмствы, развіваць свае навыкі. Калі трапляеш у студатрад — гэта назаўжды. Нават праз доўгія гады, як расказвае нам больш дарослае пакаленне студатрадаўцаў, ты вельмі хочаш заставацца яго часткай, вярнуць цудоўныя дні. Хацелася б працягваць гэтым займацца, але я ўжо выпускнік».
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота з архіва герояў
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».