Вы тут

Выхаваць моладзь у любові да Радзімы, у пашане да гісторыі


З дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, членам Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Яўгенам ЗАЙЦАВЫМ мы гаворым найперш пра работу ў акрузе. У акругу Яўгена Станіслававіча ўваходзіць частка Брэста і Брэсцкага раёна. Дэпутат сустракаецца са сваімі выбаршчыкамі не толькі на прыёмах, ён нярэдка бывае ў працоўных калектывах, прымае ўдзел у самых розных мерапрыемствах.


Яў­ген Зай­цаў у пра­цоў­ным ка­лек­ты­ве, пад­час су­стрэ­чы з вы­бар­шчы­ка­мі.

Наша сустрэча адбылася менавіта ў тыдзень работы парламентарыя ў сваёй акрузе. Але напачатку размова зайшла пра галоўны клопат дэпутата — заканатворчую дзейнасць.

— Цяперашнюю работу ў Палаце прадстаўнікоў звычайна называю чацвёртым вопытам дэпутацкай дзейнасці, — пачынае гаворку Яўген Зайцаў. — Адно скліканне прадстаўляў выбаршчыкаў у гарадскім Савеце, два — у абласным, зараз вось у вышэйшым заканадаўчым органе краіны. Для таго каб прымаць законы, якія будуць працаваць на карысць грамадства, трэба іх выверыць з пункту гледжання практыкі, пракансультавацца з тымі, хто будзе іх выконваць. У ходзе работы над праектамі законаў праводзім узгадненні з усімі зацікаўленымі ведамствамі. Зараз ідзе абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі, закона аб прафілактыцы правапарушэнняў, закона аб дзяржаўнай службе. Гэтая работа праводзіцца не толькі ў кабінетах, але і ў акрузе. Людзі выказваюць прапановы на асабістых прыёмах, а таксама звяртаюцца пісьмова. І кожны зварот трэба разгледзець, даць адказ.

— Думаю, зараз дэпутату не проста праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах, асабліва вялікіх.

— Бывае вельмі нават не проста, але туды трэба ісці, каб ведаць настрой людзей, іх меркаванне. Найбольш пытанняў у калектывах зараз узнікае пра прычыны, вынікі, наступствы падзей мінулага года. У ходзе размовы становіцца відавочным, што нашы людзі былі недастаткова інфармаваныя. Цяпер, думаю, кожны ведае, што пратэсны настрой падмацоўваўся з-за мяжы, многае каардынавалася адтуль. Даводзіцца тлумачыць, расказваць, якім шляхам мы сёння ідзём, чаму да Беларусі прымяняюцца санкцыі эканамічнага і палітычнага характару, чаму нават у гэтых умовах эканоміка краіны не стаіць на месцы, сацыяльныя праграмы не прыпыняюцца, усе пункты ўзаемных гарантый выконваюцца. На прыкладах, лічбах, фактах даводзіцца пераконваць людзей, што, нягледзячы на ўвесь ціск, мы не стаім на месцы, а развіваемся, і кіраўніцтвам дзяржавы прымаюцца правільныя рашэнні на гэтым этапе. Калі вось так адкрыта размаўляеш з людзьмі, яны пачынаюць па-іншаму глядзець на праблему. Так што ў калектывы трэба ісці.

— З якімі пытаннямі найчасцей прыходзяць выбаршчыкі на прыёмы?

— Найчасцей гэта ўсё ж праблемы добраўпарадкавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, яшчэ — месцы ў дзіцячых садках і школах, адным словам, жыццёвыя пытанні, якія з'яўляюцца важнымі для чалавека сёння. Вырашыць іх дэпутат Нацыянальнага сходу, як і дэпутат іншага ўзроўню, можа толькі калі пойдзе ў мясцовы орган выканаўчай улады і папросіць дапамагчы. Калі пытанне не ўпіраецца ў фінансаванне, то часцей за ўсё яно вырашаецца, а калі на вырашэнне праблемы патрэбны сродкі, часам немалыя, то даводзіцца тлумачыць чалавеку парадак уключэння мерапрыемства ў планы работы, выдзялення сродкаў з бюджэту. Думаю, ва ўсіх маіх калег работа ў гэтым кірунку будуецца прыкладна аднолькава.

— Ведаю, што вы шмат увагі ўдзяляеце патрыятычнаму выхаванню моладзі, пытанням захавання гістарычнай памяці, увекавечання подзвігу народа ў мінулай вайне.

— Так, сваім абавязкам лічу ў тым ліку і за свой дэпутацкі перыяд аказаць дапамогу ў развіцці Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, які створаны на базе 125-га стралковага палка Брэсцкай крэпасці. У свой час там быў штаб 111-й артылерыйскай брыгады, якой я камандаваў. Гэты аб'ект дарагі мне ў тым ліку гісторыяй маёй часці, яе ветэранаў, ну і найперш гісторыяй ваеннага перыяду. Цэнтр быў адкрыты 3 ліпеня 2018 года, там ёсць усе ўмовы для адначасовага знаходжання 30—40 чалавек. Школьнікі з задавальненнем едуць у цэнтр. Сваю першапачатковую задачу ён выконвае. Мы бачым, як многа новага дазнаюцца дзеці за тыдзень у ваенна-патрыятычным лагеры, як яны часам сталеюць на вачах. Але гэта нібы кропля ў моры ў справе выхавання моладзі краіны. Мы шмат раіліся з кіраўніцтвам цэнтра, з упраўленнем адукацыі, па маім запрашэнні ў канцы мінулага года сюды прыязджаў міністр абароны Віктар Хрэнін. Пасля паездкі міністр далажыў пра цэнтр кіраўніку дзяржавы, і як вынік зараз ва ўрадзе прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра з адначасовым знаходжаннем да 500 школьнікаў. Дзеці будуць ехаць з усёй краіны, праяўляецца цікавасць і з боку расійскіх адукацыйных і грамадскіх арганізацый, школьнікі гатовыя ехаць адтуль. У нас ёсць на чым выхоўваць. Патэнцыял Брэсцкай крэпасці не задзейнічаны цалкам у плане выхавання. Мы бачым, як гараць вочы дзяцей, калі ім паказваюць і расказваюць пра подзвіг герояў вайны на месцы, калі можна прайсці, умоўна кажучы, шляхамі маёра Гаўрылава альбо камісара Фаміна. Праграма распрацавана цікавая, яе можна ўдасканальваць, развіваць. Сёння пытанне разглядаецца ў Мінадукацыі, іншых ведамствах. Як дэпутат аказваю ўсялякае садзейнічанне.

Ну і не толькі цэнтр спрыяе патрыятычнаму выхаванню. Па меры магчымасці стараемся нешта зрабіць па рэстаўрацыі, аднаўленні помнікаў ваенных падзей. Бывае, даводзіцца шукаць спонсараў, добра, што многія гаспадарнікі адклікаюцца. Калі ўдаецца аднавіць хоць невялікі помнік, узнікае адчуванне, што ўкладзена цагліна ў агульную добрую справу.

Хачу яшчэ сказаць аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці, яе пераемнасці. Не так даўно ў Прыбараве Брэсцкага раёна адкрывалі помнік ахвярам вайны. Там сабралася вялікае мноства людзей з усіх навакольных вёсак. Аказалася, што некаторыя памятаюць ваенныя падзеі, іншыя ведаюць ад бацькоў, і ўсе вельмі шануюць памяць. Было відавочна, як важна не страціць, перадаць гэтыя пачуцці наступным пакаленням.

— Ну і як, паводле вашых адчуванняў, моладзь цяперашняя гатовая прыняць гэтую эстафету?

— Думаю, гатова. У лютым у Брэсцкім раёне прысутнічаў на мерапрыемстве з нагоды гадавіны вываду нашых войск з Афганістана. Старшакласніца з Дамачаўскай школы прачытала ўласны верш, прысвечаны воінам-афганцам. Гэта былі такія душэўныя, шчырыя, пранікнёныя радкі, што камяк падступаў да горла ад гонару, ад радасці. Нешта падобнае адчуваў колькі гадоў таму, калі ехаў на мерапрыемства ў крэпасць на 22 чэрвеня. Тады быў ваенным камісарам вобласці, спяшаўся, але на дарозе заўважыў ветэрана з медалямі. Вядома, спыніўся, прапанаваў падвезці. А ён засмяяўся ў адказ:
«Я да Берліна дайшоў, лічы, пехатою, а ты думаеш, да крэпасці зараз дарогу не асілю? Дзякуй, сынок, я сам павінен». І пайшоў... Вось цяпер падумалася, што добрыя праўнукі растуць у нашых ветэранаў. А мы павінны выхоўваць іх у любові да Радзімы, у пашане да сваёй гісторыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».