Вы тут

Гісторыя вёсак на валунах. Ансамбль «Памяць у камені» на Стаўбцоўшчыне


Ансамбль «Памяць у камені» быў створаны на Стаўбцоўшчыне пятнаццаць гадоў таму. Яго ўрачыстае адкрыццё было прымеркавана да значнай падзеі ў мясцовым жыцці — 100-годдзя закладкі першага каменя пад будаўніцтва касцёла Святога Юзафа ў вёсцы Рубяжэвічы.


Фота: Holiday.by

— Мы хацелі пакінуць памяць пра наша пакаленне. Параіліся з прыхаджанамі, святаром, усе падтрымалі ідэю. Яна была ў наступным: у 2006 годзе ў парафіі касцёла Святога Юзафа налічваліся 43 вёскі. Мы прапанавалі, каб жыхары кожнай з іх прывезлі вялікі камень да храма. І яны адгукнуліся, выбіралі толькі самыя прыгожыя валуны. Мы вызначылі месца для ансамбля праз дарогу насупраць касцёла. Камяні расставілі так, як на карце Беларусі размешчаны гэтыя населеныя пункты. На кожным напісалі назву вёскі. Былі і цяжкасці. Напрыклад, Васілеўшчына раней называлася Жыдавічамі. Якую назву выбіць на валуне? Жыхары раіліся і нават спрачаліся. Але ўрэшце прыйшлі да высновы, што на камені будуць дзве назвы. Вёскі злучаны дарогамі з пяску і вядуць да цэнтральнай. А яна ў сваю чаргу — да сімвала хрысціянскай веры — крыжа. Дарога выкладзена камянямі, бо касцёл наш каменны, — расказала былая настаўніца мясцовай школы, экскурсавод Рамуальда Сабалеўская.

З надзеяй і любоўю

Паблізу памятнага знака вернікі выкапалі штучнае азярцо, якое перыядычна запаўняюць вадой. Паставілі ўмоўны калодзеж-журавель — сімвал роднай дзедавай хаты. Побач паклалі чатыры вялікія камяні, на якіх выбіты словы: «Вёска жыве з верай, надзеяй і любоўю».

Свята сабрала шмат людзей, нават тых, хто даўно з'ехаў у іншыя мясціны.

— Пасля ўрачыстасцяў, як бывае, пачаліся размовы: а ці патрэбна гэта было. Але, як кажуць, час — найлепшы суддзя. Пасля мы зразумелі, што зрабілі вельмі добрую справу,— кажа Рамуальда Сабалеўская. — Напрыклад, у вёсцы Ліхачы ў 2006 годзе жыў толькі адзін Юра Сіман. Не стала Юры, хтосьці спаліў яго хату, зараз там калгаснае поле. І нават дарога, якая вяла да падворку, стала зарастаць. Пройдзе час, і, можа, яна зусім знікне. А вёска не знікла, запрашае: калі ласка, прыходзьце, мае жыхары. І людзі прыходзяць да валуноў, нібы дадому, асабліва падчас вялікіх свят. Пасля малітвы ў касцёле хрэсным ходам ідзём на могілкі, памінаем продкаў. Прайшло толькі 15 гадоў, а лёс вёскі Ліхачы напаткаў яшчэ два населеныя пункты: зніклі Масалі і Грань. З цягам часу многія вёскі застануцца толькі тут, у ансамблі «Памяць у камені».

З павагай да іншай веры

Зразумела, Рубяжэвічы ўжо не стануць тым мястэчкам, якім былі да Вялікай Айчыннай вайны, калі там пражывалі тры тысячы чалавек: беларусы, палякі, рускія, але большасць складалі яўрэі — 2000. Менавіта яны заснавалі мястэчка дзесьці ў 1530 годзе. Тут былі дзве сінагогі — зімовая і летняя, два каталіцкія касцёлы — Святога Антонія і Святога Юзафа, праваслаўны храм Мікалая Цудатворца.

— Нягледзячы на сваю шматканфесійнасць вяскоўцы, паводле аповедаў старажылаў, жылі згуртавана і дружна, — падкрэслівае Рамуальда Сабалеўская. — Ніхто ні разу не задаў пытання іншаму, маўляў, якой ты нацыянальнасці. Зрэшты, гэтая павага да іншай веры, рэлігіі засталася і сёння. Як і раней, жыхары сябруюць паміж сабой, дапамагаюць адно аднаму, калі здарылася бяда, і радуюцца — калі ўсё добра. Незалежна ад таго, католік ты ці праваслаўны. Ёсць і змешаныя сем'і. Але розная вера не перашкаджае адзначаць ім святы як праваслаўныя, так і каталіцкія.

— Так у нашай вёсцы было заўсёды, — працягвае жанчына. — Мой свёкар расказваў: «Закончыцца служба ў касцёле, шмат народу ідзе па вуліцы. Яўрэі запрашаюць у свае лаўкі, крамы. А калі хтосьці казаў, што не мае грошай, то яму ў адказ — нічога, потым разлічышся. Зойдзем з хлопцамі, возьмем чацвярцінку гарэлкі. Але не ад колькасці выпітага п'яныя. Што для нас, маладых мужчын, тая кропля. П'яныя ад уражанняў, ад навін, якія пачулі. І гэтым жывём увесь тыдзень, да наступнай службы».

Сёння ў Рубяжэвічах жыве толькі 130 чалавек, пераважна старэйшага ўзросту. Калі хтосьці з іх адыходзіць у іншы свет, то ўсе смуткуюць, развітваюцца як з родным, бо разумеюць: адыходзіць эпоха.

Беларускі Нотр-Дам

Праз дарогу ад ансамбля «Памяць у камені» каля сцяны касцёла Святога Юзафа ляжыць вялікі камень Антонія Тура, які непасрэдна звязаны з гісторыяй будаўніцтва святыні. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Рубяжэвічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Касцёл быў перабудаваны ў праваслаўны храм. Амаль восем тысяч вернікаў засталіся без сваёй святыні. І вось знайшоўся чалавек, які задумаў пабудаваць каталіцкі храм. Гэта быў мясцовы жыхар Антоній Тур. Ён пісаў прашэнні імператару, тры разы хадзіў у Пецярбург. І кожны раз атрымліваў адмову. У 1866 годзе Антоній прывёз на пясчаны ўзгорак валун, на якім напісаў: «Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл» і паставіў свае ініцыялы. За такое самавольства яго разам з сям'ёй на дванаццаць гадоў саслалі ў Сібір.

На пачатку 1905 года ён зноў ідзе ў Пецярбург і нарэшце атрымлівае дазвол ад расійскага самадзержца на ўзвядзенне храма з умовай кіравацца ўсімі загадамі мінскага губернатара. Той, у сваю чаргу, дае распараджэнне будаваць касцёл з часанага каменю. Касцёл павінен быць вялікіх памераў, а ўзвесці яго неабходна за чатыры гады. Быў распрацаваны прыгожы праект будучага храма. Вернікі разумелі, што за такі кароткі час яны не справяцца, і прынялі рашэнне спрасціць архітэктуру: замест дванаццаці вежаў пакінуць дзве.

У 1906 годзе парафіяне выкапалі вялікі катлаван для падмурка, клалі туды дубовыя палены, камень. Раствор замешвалі на яйках, малацэ і вапне з даданнем невялікай колькасці пяску. Затым катлаван засыпалі, работы спынілі на год. У 1907-м зноў пачалося актыўнае будаўніцтва. Кожны дзень на будоўлі шчыравала 100 работнікаў, акрамя гэтага, у радыусе ад 10 да 15 кіламетраў працавала 50 каменячосаў. Гатовыя камяні прывозілі на будоўлю коньмі. Шэсць конных кранаў падымалі іх наверх. А вежы, куды цяжка было дабрацца рабочым, узводзілі з дапамогай лябёдак. Майстар Цыпрыян Трызна крыў вежы і ладзіў на іх крыжы. Паставіўшы другі крыж, мужчына падняўся на яго і, развёўшы рукі ў бакі, з 45-метровай вышыні засведчыў, што будаўніцтва касцёла скончана.

— З таго самага часу па сёння храм не меў іншага прызначэння. Ці то была вайна, ці гады ліхалецця, ці атэістычны час, ён заўсёды дзейнічаў, бо быў узведзены з вялікай любоўю, — лічыць Рамуальда Сабалеўская.

Людзі ахвяравалі на будаўніцтва хто што мог. І нават тыя землякі, што былі на заробках у Амерыцы, частку грошай адпраўлялі на будаўніцтва святыні. Вялікую фінансавую дапамогу аказалі і ўладальнікі сядзібы Сула князі Ленскія. А жанчыны з Рубяжэвічаў і навакольных вёсак гатавалі для будаўнікоў ежу. Як згадвалі старажылы, дзеці часта прасілі маці сасмажыць яечню, але жанчыны казалі малым: «Пабудуем храм, тады і яечню будзем есці». Бо кожнае яйка было на ўліку, каб накарміць тых, хто працаваў на будоўлі.

У Рубяжэвічы часта прыязджаюць экскурсіі з усёй Беларусі. Касцёл наведваюць не толькі каталіцкія вернікі, але і праваслаўныя, каб дакрануцца да прыгожага, паслухаць арганны канцэрт. Асабліва ўражвае слухачоў песня Булата Акуджавы «Малітва». Гэты арган у 1928 годзе прывезлі па частках з Вільні на дванаццаці падводах. А нядаўна тут з'явілася фісгармонія 1870 года выпуску. Яе адрамантаваў муж Рамуальды Сабалеўскай. І інструмент загучаў дзівоснай музыкай.

У касцёле таксама знаходзіцца ікона Божай Маці Вастрабрамскай, якую падарыла маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч. Дарэчы, усе сваякі паэта па мацярынскай лініі пахаваныя на могілках у Рубяжэвічах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.