Вы тут

Нефармат. Калі лёс


Леў Талстой напісаў, што ўсе шчаслівыя сем'і шчаслівыя аднолькава. Святлана з ім не згодная, катэгарычна. Яна лічыць, што гісторыя кожнай шчаслівай сям'і ўнікальная, асаблівая і для шчасця трэба, каб лёс у нейкі момант паставіўся з лагодай, каб менавіта гэтыя два чалавекі сышліся-сустрэліся на скрыжаваннях жыццёвых дарог, нават калі нарадзіліся і выраслі за многія тысячы кіламетраў.


Фота: pixabay.com

Ну вось як яны, Святлана і Рахім... У невялікім узбекскім гарадку, каля самага Самарканда, нарадзіўся хлопчык. У яго бацькі было чатыры сыны і чатыры дачкі. Паводле тамтэйшага звычаю, бацька ўзводзіць дамы для кожнага з сыноў. Бацька Рахіма з дапамогай сыноў пабудаваў чатыры дамы. Браты неўзабаве справілі наваселлі, прывялі жонак, а Рахімаў дом са светлай тэрасай і вялікім вінаграднікам стаяў без гаспадара...

Пасля заканчэння школы і сельскагаспадарчага тэхнікума Рахіма Намазава прызвалі ў армію. Служыць трапіў пад Пружаны. А Святлана нарадзілася, жыла, вучылася, працавала ва ўкраінскім Луцку. А потым сяброўка, якая пераехала ў Пружаны, пачала агітаваць да сябе. Яна і не думала спачатку, але па маладосці захацелася перамены месца, цікава было, як той казаў, на людзей паглядзець, сябе паказаць. Думала, часова тут пажыве, агледзіцца, калі што — дадому недалёка. Уладкавалася на работу, далі інтэрнат. І на нейкай жа сцяжыне шляхі перасекліся з маладым прыгожым хлопцам у вайсковай форме. Ну, і закруцілася каханне.

Дачакаліся яго дэмабілізацыі, згулялі вяселле, уладкаваліся жывёлаводамі ў вёсцы за дваццаць кіламетраў ад райцэнтра. Атрымалі спачатку пакой у інтэрнаце, потым кватэру. Калі нарадзілася другое дзіцятка, родныя Рахіма сталі настойліва нагадваць пра яго пусты дом са светлай тэрасай і вялікім вінаграднікам, які ўжо дае важкія празрыстыя гронкі, а з іх выходзіць духмянае віно. І гаспадар стаў збірацца ў дарогу. Было гэта праз некалькі гадоў пасля распаду Саюза. Заказалі кантэйнер, усе хатнія пажыткі вагой у тры тоны адправілі чыгункай у Самарканд. Рахім паехаў раней, каб падрыхтаваць усё да прыезду жонкі з дзецьмі. Святлана хоць маркоцілася крышку, што надта далёка давядзецца жыць ад родных мясцін, але ж за любімым мужам гатовая была на край свету. І калі ўжо, можна сказаць, былі запакаваны чамаданы, ёй раптам становіцца дрэнна, прыязджае хуткая дапамога, маладую жанчыну тэрмінова шпіталізуюць. Праблема аказалася настолькі сур'езнай, што лячэнне і рэабілітацыя занялі некалькі месяцаў. Ён жа не мог там сядзець месяцы літаральна ў няведанні, тады ж не было цяперашніх сродкаў сувязі. Адным словам, махнуў рукой на той кантэйнер з пажыткамі, зачыніў дом са светлай тэрасай і купіў білет на самалёт да Масквы. За суткі дабраўся да Пружан, прыляцеў у бальніцу, абняў жонку і сказаў, што нікуды больш не паедзе.

Тады абое яны рашылі, што гэта лёс і няма чаго яго больш выпрабоўваць. Сталі працаваць, з'явілася трэцяе дзіця, адбудавалі дом, жыццё паступова наладзілася.

...Мы сядзелі з Рахімам і Святланай у іх утульнай кухні, пілі гарбату, Святлана Іванаўна расказвала іх сямейную гісторыю. Рахім, як і належыць мужчыну, не засяроджваўся на падрабязнасцях, мог хіба ўдакладніць які факт ці дату. А яна глядзела на мужа з замілаваннем, было відаць, што ганарыцца ім: «А ведаеце, як яго старастам вёскі абралі? Аднойчы канфуз здарыўся на мясцовых выбарах. Яго па нашай вёсцы выбіралі ў сельскі Савет. Прыйшла бабулька з іншай вёскі, атрымала бюлетэнь і спытала, дзе тут паставіць адзнаку, каб прагаласаваць за Рахіма. Ёй сталі тлумачыць, што ад іх населенага пункта вылучаны іншы дэпутат. Але выбаршчыца стаяла на сваім і абуралася: «Я прыйшла галасаваць за Рахіма!». Яго ж ва ўсёй акрузе ведаюць. Хоць па спецыяльнасці заатэхнік, а не ветэрынар, заўсёды адгукаецца, калі ў каго прыхварэе жывёліна». І не даводзіцца здзіўляцца, што жыхары беларускай вёскі абралі ўзбека Рахіма сваім старастам. А яна і ў гэтай рабоце яму першая памочніца. І грошы сабраць, і людзей абысці з якой інфармацыяй. Аднойчы падбухторыла ўдзельніц мясцовай самадзейнасці, запрэглі каня ды паехалі на Каляды віншаваць жыхароў маленькай суседняй вёскі: «Ой, як яны былі рады, запрашалі ў хату, прасілі прыязджаць яшчэ», — згадвае Святлана.

— Дзеці выраслі, атрымалі адукацыю, працуюць, ёсць ужо і ўнукі. Працуем, дапамагаем ім, як і ўсе бацькі, радуемся, калі прыязджаюць. Што для шчасця трэба?.. — задумваецца гаспадыня дома. — Павага, узаемаразуменне, дакладна не грошы, вялікае багацце. Трэба, каб дадому ішоў і адчуваў не напружанасць, а цяпло, спакой, што не давядзецца апраўдвацца, калі нешта не паспеў альбо зрабіў не так. Я часам думаю: а што было б, каб мы не сустрэліся тады ў Пружанах? Але ж не, так не магло быць, бо лёс.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.