Вы тут

Анімацыя як трамплін да дарослага і самастойнага жыцця


Ведаеце, які зараз адзін з найбольш актуальных трэндаў у сацсетках? Мабільная анімацыя. Наша гераіня Аляксандра ЖУРОМСКАЯ зацікавілася ёй амаль два гады таму, і зараз гэты занятак для дзяўчыны не проста хобі, а работа па душы.


Фота з архіва гераіні.

— Я з Мазыра, але зараз жыву ў Мінску. З дзяцінства думала, што стану вядомай спявачкай, аднак лёс распарадзіўся па-іншаму, — расказала наша суразмоўніца. — Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, паралельна адвучылася на візажыста. Але пайшла ў грамадскае харчаванне, дзе прапрацавала дзесяць гадоў: афіцыянткай, метрдатэлем у адным з вядомых рэстаранаў сталіцы. З абавязкамі спраўлялася добра, была магчымасць развівацца ў гэтай сферы, аднак мне заўсёды хацелася рэалізаваць менавіта свой творчы патэнцыял. Таму ў мінулым годзе прыняла рашэнне звольніцца і пачала рабіць відэа- і фотакантэнт для сацсетак знаёмых, сяброў. Хутка да мяне звярнулася сяброўка, якая прапанавала весці профіль у Іnstagram яе рэстарана. Пагадзілася, але не думала, што змагу гэтым зарабляць, да таго ж адчувала шмат няўпэўненасці. Але мне вельмі падабалася ствараць прыгожыя відэаролікі, таму не спынялася ў развіцці.

Заказчыкі пачалі прыходзіць да Сашы з прапановамі супрацоўніцтва амаль адразу. Яна самастойна вывучала сферу мабільнай анімацыі, разбіралася і эксперыментавала з дадаткамі.

— Анімацыя стала для мяне трамплінам да дарослага і самастойнага жыцця. З гэтым было не вельмі складана, таму што асабістыя сацсеткі я актыўна вяду яшчэ з юнацтва. Ужо правяла каля дзесяці вэбінараў па мабільнай анімацыі, майстар-класы, выпусціла некалькі патокаў вучаніц аўтарскага курса. Каб усё атрымалася, з раніцы да ночы па 18–20 гадзін на працягу некалькіх месяцаў рыхтавала якасны кантэнт, напрацоўвала ўласныя «фішкі». І цяпер падпісчыкі і вучаніцы адзначаюць, што мае работы не падобныя на іншыя, адрозніваюцца асаблівай эстэтыкай і складанасцю выканання. Над кожным сваім праектам працую доўга, педантычна прадумваю кожную дэталь, кадр, таму ролікі выглядаюць цэласна і дынамічна. Акрамя таго, для мяне важна расставіць правільныя акцэнты ў музыцы. Таму можна сказаць, што для ўдалага выніку я не шкадую ні часу, ні сіл.

Аляксандра супрацоўнічае з вядомымі беларускімі і замежнымі брэндамі. Дзяўчына прызнаецца, што яна — самы строгі для сябе крытык...

— Шчыра кажучы, асабліва з крытыкай я не сутыкалася, і для мне гэта прыемна. Да таго ж чым больш напрацоўвала вопыт, тым больш станавілася ўпэўненай у сваіх сілах. Лічу сябе гнуткай у рабоце: калі заказчык патрабуе — магу перарабіць або падкарэкціраваць відэаролік колькі трэба разоў. На стварэнне аднаго 15- або 30-секунднага ў мяне сыходзіць прыкладна пяць гадзін. Памятаю, аднойчы рабіла двух- і чатыроххвілінныя відэа, тады спатрэбілася каля двух тыдняў. Гэта да таго, што не так усё проста, як падаецца на першы погляд. Каб рабіць такія ролікі, патрабуецца добрая тэхніка — раю карыстацца Іphone, ён больш падыходзіць для работы, там нашмат больш патрэбных функцый і інструментаў. А таксама трэба мець пачуццё густу, нагледжанасці і жаданне развівацца, тварыць.

Саша расказала, што, для таго каб пачаць зарабляць на мабільнай анімацыі, хопіць усяго трох мабільных дадаткаў: Bazart (відэарэдактар), Vіdeoleap (фотарэдактар), Motіonleap (для апрацоўкі дэталяў).

— Для многіх з тых, хто навучаецца мабільнай анімацыі, вялікую цяжкасць складае актыўнае вядзенне сацсетак. Але трэба разумець: зараз блогінг выйшаў на іншы ўзровень, змяніліся «правілы гульні», таму гэтаму абавязкова трэба вучыцца. Мала ведаць асновы мабільнай анімацыі, варта яшчэ і ўнікаць у маркетынг, блогінг, законы прасоўвання ў Іnstagram. Я люблю сацсеткі і адчуваю сябе там як рыба ў вадзе. Здымаць сторыз, рабіць фота- і відэакантэнт для мяне ў радасць. Штодзень публікую цікавы кантэнт, афармляю калажы, дапамагаю весці розныя камерцыйныя профілі, падтрымліваю зваротную сувязь са сваімі вучаніцамі. З такім хуткім рытмам перыядычна выгараю, аднак з-за таго, што ёсць вялікае жаданне вывесці свой брэнд на новы ўзровень, у якім бы я ні была настроі, бяру сябе ў рукі і іду далей. У мяне пакуль няма сваёй каманды, дзесьці ўнутры яшчэ сядзіць праблема пад назвай «зраблю ўсё сама», але ў далейшым усё ж такі планую дэлегіраваць бізнес-частку свайго занятку іншым спецыялістам, каб у мяне было больш часу на творчасць.

Саша кажа, што настройвацца на правільны рабочы лад ёй дапамагае прырода, добрая музыка і медытацыі. «Але на гэта ўсё застаецца вельмі мала часу. У мяне ёсць дакладная мэта — развіваць асабісты брэнд, маштабаваць яго і актыўна і якасна прасоўвацца ў сацсетках».

Дар’я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…