Вы тут

Крыніца ўражанняў, або Прарыў ва ўнутраным турызме


Нягледзячы на пандэмію, гэты год аказаўся даволі ўдалы для ўнутранага турызму. І, відаць, справа не толькі ў тым, што ў летнім сезоне беларусам шанцавала з надвор'ем і яны актыўна выбіраліся за межы сваіх населеных пунктаў. Спрацавала і «цыганская пошта»: вандроўнікі, якія пачалі адкрываць для сябе Беларусь, актыўна дзяліліся інфармацыяй пра сацыяльныя сеткі. Здзіўляліся, як многа цікавага і карыснага можна даведацца ў вандроўках па родным краі і наколькі якасныя і цікавыя турпрадукты ўжо створаны ў розных рэгіёнах.


Фота: pixabay.com

Абуджэнне цікавасці

Дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ірына Варановіч падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню турызму, заўважыла, што сапраўды галіна моцна змянілася, прайшла пераарыентацыя на ўнутраны рынак, і многія аператары, якія раней працавалі на выезд, сёння арыентаваны на развіццё ўласнага пазнавальнага экскурсійнага патэнцыялу.

Пандэмія стала матыватарам для абуджэння цікавасці да ўласнай гісторыі і культуры. Прычым людзі пачалі заязджаць у раней не раскручаныя куточкі Беларусі. Наогул, неалакалізм — сусветная тэндэнцыя ў турызме, калі вандроўнікі хочуць глядзець і спажываць прадукты і традыцыі, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Так, у Моталь едуць на тутэйшы каравай, беларускі абрад «Калядныя цары», які першым трапіў у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, важна паглядзець менавіта ў вёсцы Семежава, дзе ён зарадзіўся, а банкуху хочацца адведаць у вёсцы, дзе рэцэпт яе прыгатавання перадаваўся ад пакалення да пакалення.

Сёння ствараюцца і раскручваюцца новыя маршруты, новыя аб'екты для паказу, узводзяцца мемарыяльныя комплексы, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, развіваецца музейная справа. Перад прадстаўнікамі галіны яшчэ шмат разнастайных задач. Напрыклад, распрацоўка маршрутаў для людзей, якія маюць пэўныя фізічныя абмежаванні. Уласна, менавіта інклюзія абрана тэмай сёлетняга Сусветнага дня турызму.

Што схавана ў рэгіёнах?

Са студзеня атэставана каля паўтары сотні гідаў-перакладчыкаў і экскурсаводаў. Многія з іх стараюцца прапанаваць цікавыя тэмы, увесці свой матэрыял, накласці яго на тыя турыстычныя дыстынацыі, якія дазваляюць адкрыць новыя бакі беларускай культуры, гісторыі, па-іншаму зірнуць на прыродную спадчыну. І калі раней атэстацыя праходзіла ў сталіцы, то ў апошнія гады яна бывае і выязная, прычым тэматычна падстройваецца пад канкрэтныя групы.

Усю большую папулярнасць набываюць аўтарскія маршруты, экскурсаводы ведаюць, як зацікавіць турыстаў мясцовай самабытнай культурай і тым цікавым інфармацыйным, пазнавальным патэнцыялам, які схаваны ў рэгіёнах.

Як паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Павел Сапоцька, сёння спецыялісты галіны працуюць над тэмай, прысвечанай месцам памяці, звязаным з Айчыннай вайной 1812 года, Першай і Другой сусветнымі войнамі. Такія аб'екты маюць сур'ёзнае асветніцкае значэнне і іх неабходна ўводзіць у турызм. Яшчэ адно даследаванне звязанае з палацава-паркавымі ансамблямі і сядзібна-паркавымі комплексамі. На вялікі жаль, не ўсе беларусы ведаюць пра тое, што ў нас кожны рэгіён насычаны вялікай колькасцю матэрыяльных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, і, безумоўна, важна ўводзіць гэты патэнцыял у турыстычную дзейнасць. Не засталася па-за ўвагай і нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына: беларускія кухня, фальклор, традыцыйныя абрады, промыслы і рамёствы, этнаграфічныя аб'екты. Усё гэта вельмі каштоўны матэрыял, здольны ўзбагаціць любую турыстычную праграму.

Вясковыя сюрпрызы

Сёння ў аграсядзібах часта можна пачуць здзіўленыя воклічы турыстаў: «Няўжо ў нас такое бывае?» Сапраўды, нашы вёскі багатыя на сюрпрызы. Агратурызм развіваецца дзякуючы крэатыўным ініцыятывам. У краіне створана каля трох тысяч аграсядзіб, канкурэнцыя расце, і каб завабіць да сябе гасцей, гаспадары імкнуцца аздобіць свае турпрапановы за кошт уласных ідэй, ведаў і ўменняў. За звычайнымі дамкамі на вёсцы могуць стаяць насычаныя праграмы, музеі, майстар-класы, фестывалі і адкрыцці.

Сельскі турызм пачаў маладзець. На вёску са сваімі ідэямі пацягнулася моладзь, сем'і з малымі дзецьмі. Так, у Валожынскім раёне сёлета маладая шматдзетная сям'я адкрыла новую сядзібу, у якой праводзяцца майстар-класы па піве. Група турыстаў прыязджае сюды, «закладае» сваё піва, а праз тры тыдні вяртаецца па гатовы прадукт. Трэба адзначыць, што гаспадары — прадстаўнікі новага пакалення, яны паспелі папрацаваць у ІТ, сацсетках, сістэме продажаў і ведаюць, як сябе падаць, — месцы тут раскупляюцца на некалькі месяцаў наперад.

Керамісты, мастакі, скульптары робяць на сваіх сядзібах арт-рэзідэнцыі (напрыклад, можна згадаць сядзібы «Стулы», «Птах»). Гаспадары аграсядзібы «Альхова» па мясцовых рэцэптах пякуць хлеб і праводзяць майстар-класы, а яшчэ яны зладзілі экспедыцыю па Ваўкавыскім раёне і нават зрабілі буклет, прысвечаны традыцыйным стравам.

Гаспадары розных сядзіб пачалі аб'ядноўвацца, дамаўляцца з мясцовымі жыхарамі, рамеснікамі, установамі адукацыі і культуры і ствараць насычаныя праграмы для турыстаў пад адзіным брэндам. Так, у гэтым годзе запрацуе новы кластар «Наваколле» ў Брэсцкай вобласці. Яго прэзентацыя пройдзе 23—24 кастрычніка. Ён аб'ядноўвае гаспадароў сядзіб, рамеснікаў і асоб, якія ведаюць, чым смачным пачаставаць турыстаў. Кластар створаны на базе Кобрынскага і суседніх раёнаў. Падчас прэзентацыі можна будзе пазнаёміцца з музеем вясковага скульптара, які з дрэва паспеў выразаць цэлую гісторыю сваёй вёскі, даведацца пра пэт-тэрапію (гэта «фішка» сядзібы «Зялёна хата», якая мае ўласны заапарк). Сюды з'едуцца рамеснікі і фермеры.

Дзякуючы падобнаму ўзаемадзенню аграсядзібы гатовы прымаць ужо не толькі невялікія групы турыстаў, але і экскурсійныя аўтобусы. І тураператары пачалі дадаваць у свае маршруты вясковыя пункцікі. Як вынік — агратурызм пачаў ажыўляць вёскі. Там, дзе дзякуючы ініцыятывам гаспадароў аграсядзіб закіпела жыццё, сталі выкупляцца закінутыя дамкі, у мясцовых жыхароў з'явілася магчымасць прадаць сваю прадукцыю, абуджаецца цікавасць да творчасці.

Спіс пазашкольных вандровак

Новыя маршруты, музейныя праграмы, праекты, фестывалі — выдатны рэсурс для дадатковай адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі. Насамрэч ужо можна даваць школьнікам на лета (ці канікулы і выхадныя) не толькі спіс пазашкольнай літаратуры, але і спіс карысных вандровак. Падказкі, куды паехаць, можна знайсці на сайце Нацыянальга агенцтва па турызме і Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства.

Калі раней у школах не было прынята ўключаць турыстычныя вандроўкі ў працэс навучання, то сёння тэма адукацыйнага турызму актыўна абмяркоўваецца на высокім узроўні. «На працягу года мы шчыльна працавалі з Міністэрствам адукацыі, і было прынята рашэнне, што ў межах школьных дысцыплін — геаграфіі, гісторыі, літаратуры — школьнікі будуць наведваць пэўныя аб'екты. Дзеці павінны ведаць гісторыю, а вандроўкі паспрыяюць патрыятычнаму выхаванню», — заўважыла Ірына Варановіч. Прапрацоўваюцца пытанні, як зрабіць такія паездкі для школьнікаў больш даступнымі. Таксама варта прадумаць пытанні з арганізацыяй экскурсій для класаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.