Вы тут

Яшчэ раз аб прышчэпках для тых, хто сумняваецца


У Беларусі працягваецца вакцынацыя супраць COVІD-19. На пытанні, якія часта ўзнікаюць у тых, хто яшчэ раздумвае, прышчапляцца ці не, адказала ўрач-эпідэміёлаг, загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марына КАЧКАН.


Фота: pixabay.com

— Ці можа вакцына выклікаць захворванне на каранавірусную інфекцыю?

— Не. «Спадарожнік V» і «Спадарожнік Лайт» утрымліваюць толькі S-бялок каранавіруса, а не цэлы вірус, кітайская вакцына VeroCell утрымлівае цалкам забіты вірус, таму размнажэнне каранавіруса з вакцыны ў арганізме чалавека немагчыма.

— Ці варта прышчапляцца тым, хто перахварэў?

— Так. Імунітэт пасля перанесенай інфекцыі не забяспечвае працяглую ахову. Пасля інфекцыі COVІD-19, перанесенай бессімптомна або ў лёгкай ступені, вакцынацыю можна пачынаць адразу пасля поўнага выздараўлення. Калі захворванне перанесена ў сярэдняцяжкай або цяжкай форме, то прышчэпку мэтазгодна ўвесці праз 2—4 тыдні пасля выздараўлення. Можна адкласці вакцынацыю і на 3—6 месяцаў пасля захворвання, разлічваючы на постынфекцыйны імунітэт.

— Ці трэба рабіць аналіз на антыцелы да SARS-CoV-2 ці ПЛР на наяўнасць каранавіруса перад вакцынацыяй?

— Не. Абследавацца перад правядзеннем вакцынацыі на наяўнасць антыгена ці антыцелаў да віруса SARS-CoV-2 немэтазгодна, бо гэта не нясе ніякай канкрэтнай інфармацыі для прыняцця рашэння. Пры гэтым перад прышчэпкай праводзяцца апытанне і агляд пацыента ўрачом, пасля чаго ён дае дазвол. Абавязкова знаходжанне прышчэпленага каля працэдурнага кабінета на працягу 30 хвілін для назірання за рэакцыяй на прышчэпку.

— Ці трэба выконваць самаізаляцыю пасля вакцынацыі?

— Неабходнасці ў гэтым няма. Вакцына не ўтрымлівае патагенны для чалавека вірус, які выклікае COVІD-19, таму захварэць і заразіць навакольных пасля прышчэпкі немагчыма.

— Ці можна пасля вакцынацыі хадзіць без маскі?

— Нельга. Ва ўмовах цыркуляцыі каранавіруснай інфекцыі і адсутнасці дастатковага ўзроўню калектыўнага імунітэту неабходна працягваць выконваць усе прафілактычныя меры. Важна разумець, што прышчэпка не дае стапрацэнтнай гарантыі, што вы не заразіцеся каранавірусам. Аднак дакладна ўстаноўлена, што вакцынацыя на 100 %
абараняе ад цяжкага працякання хваробы і смяротнага зыходу.

Нагадаем, што для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі выкарыстоўваюцца вакцыны Гам-Кавід-Вак (вектарная) вытворчасці РФ (гандлёвая марка «Спадарожнік V»); вакцына супраць SARS-CoV-2 (Vero Cell), інактываваная, вытворчасці КНР; вакцына «Спадарожнік Лайт» (вектарная) вытворчасці РФ. Усе вакцыны прымяняюцца ў асоб ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых. Вакцынацыя праводзіцца бясплатна.

«Спадарожнік V» уводзіцца двухразова з інтэрвалам тры тыдні (але магчыма яго павелічэнне да 90 дзён). Эфектыўнасць вакцыны складае больш за 90 %. Чакаецца, што імунітэт фарміруецца на два гады, пакуль даказана, што ён захоўваецца 6—9 месяцаў.

Vero Cell уводзіцца двухразова з інтэрвалам 21—28 дзён (магчыма яго павелічэнне да 56 дзён). Эфектыўнасць складае больш за 70 %.

«Спадарожнік Лайт» уводзіцца аднаразова. Эфектыўнасць складае каля 80 %. Чакаецца, што імунітэт пасля вакцынацыі пратрымаецца 4—5 месяцаў. Гэта вакцына рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя да выкарыстання ў першачарговым парадку для студэнтаў, курсантаў, навучэнцаў дзённай формы навучання ўстаноў адукацыі, асоб, якія прызваны ці прызываюцца ў 2021 годзе на тэрміновую ваенную службу; у наступным парадку — для асоб, якія перахварэлі COVІD-19 і раней не былі прышчэплены супраць каранавіруснай інфекцыі.

Урач-эпідэміёлаг звяртае ўвагу, што не трэба забываць і пра грып. Для яго прафілактыкі сёлета будуць выкарыстоўвацца вакцыны «Грыпол Плюс» (інактываваная суб'едынічная) вытворчасці РФ і «Ваксігрып Тэтра» (інактываваная чатырохвалентная спліт-вакцына) вытворчасці Францыі (платна). Абедзве вакцыны ўтрымліваюць аднолькавы склад антыгенаў віруса грыпу ў адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ на бягучы эпідэмічны сезон, толькі «Ваксігрып Тэтра» — на адзін штам віруса грыпу больш. Імунітэт пасля вакцынацыі развіваецца праз 14—21 дзень і забяспечвае абарону на працягу 8—12 месяцаў.

Дарэчы, за апошнія 10 гадоў штогадовы ахоп прышчэпкамі супраць грыпу павялічыўся ўдвая — з 20 да 40 %, у выніку назіраецца выразная тэндэнцыя зніжэння захворвання.

Ва ўмовах правядзення вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі і супраць грыпу рэкамендуецца першачаргова прышчапіцца супраць каранаваруса, а праз 14 дзён пасля другой прышчэпкі — ад грыпу. Магчыма і сумеснае (у адзін дзень) прымяненне вакцын супраць COVІD-19 і супраць грыпу — пры жаданні пацыента і афармленні яго пісьмовай згоды.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.